Міраслава Лазоўскага, які загінуў у Бахмуце, уганаравалі медалём «Гонар і годнасць»
Міраслаў Лазоўскі, пазыўны «Мыш», загінуў 16 траўня 2023 года ў Бахмуце. Ён кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў іх, выносіў зброю і зусім трохі не дайшоў да камандна-назіральнага пункта.
![lazouski_9_1.jpg lazouski_9_1.jpg](/img/v1/images/lazouski_9_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нагадаем, ваяры батальёна «Волат» палка Каліноўскага ўтрымлівалі пазіцыі ў Бахмуце. Яны адбівалі штурм акупантаў і вялі стралковы бой. Па доме, у якім знаходзіліся хлопцы, адпрацавала ствольная буйнакаліберная артылерыя ворага. У выніку адбыўся абвал будынка і частка байцоў апынулася пад заваламі. Другая група высунулася разам з медыкамі для эвакуацыі і аказання дапамогі.
Міраслаў Лазоўскі кіраваў эвакуацыяй параненых, прыкрываў іх, выносіў зброю. Ён ішоў апошнім і зусім трохі не дайшоў да камандна-назіральнага пункта.
![Міраслаў Лазоўскі ў расповядзе пабраціма па палку Каліноўскага «Архетып беларускага ваяра-шляхціча». Пабрацім — пра загінулага добраахвотніка Міраслава Лазоўскага](/img/v1/images/01000000_0a00_0242_8a4c_08db62775184_w1023_r1_s.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Міраслаў Лазоўскі нарадзіўся ў Мінску, яго бацька паходзіць са Случчыны, а мама — з Магілёўшчыны. Скончыў ён Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
У 1995 годзе ён уступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаванне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёна» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі.
Сябры «Белага легіёна» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсцяў у 1996—1999 гадах. Арганізацыя сышла ў падполле на пачатку 2000-х.
Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» з'яўляліся ў 2017 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі па «справе патрыётаў», аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную серыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджванне навукова-папулярных выданняў па гісторыі Беларусі.
Працаваў інжынерам, а пасля ў выдавецтве «Кнігазбор», якое зліквідавалі ўлады ў студзені 2023 года.
![Міраслаў Лазоўскі: кнігавыдавец, рэканструктар гісторыі і шчыры патрыёт Беларусі Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы](/img/v1/images/miraslau_lazouski__1__1_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)