Генпракуратура адмовіла Тамары Сяргей у пераглядзе папярэджання
Пра гэта гаворыцца ў адказе выконваючага абавязкі генпракурора Мікалая Кукліса ад 4 чэрвеня на пісьмовую скаргу юрысткі.
Юрыст Тамара Сяргей. Фота Марата Гаравога
Нагадаем, што 23 красавіка Тамара Сяргей атрымала афіцыйнае папярэджанне за подпісам намесніка генпракурора Аляксандра Лашына за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага грамадскага аб’яднання.
У папярэджанні, між іншым, адзначаецца, «што на розных інтэрнэт-крыніцах на працягу шэрагу гадоў сістэматычна размяшчаецца інфармацыя пра дзейнасць групы грамадзянаў, якая называецца Грамадзянскай ініцыятывай супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. На інтэрнэт-сайтах публікуюцца сведчанні пра факты звароту прадстаўнікоў так званай Грамадзянскай ініцыятывы ў дзяржаўныя і праваахоўныя органы, характар перапіскі па заявах, а таксама Вашыя асабістыя каментары па розных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця дзяржавы».
У гэтай сітуацыі юрыстка 21 траўня накіравала скаргу на імя генпракурора Аляксандра Канюка. У скарзе, між іншым, адзначаецца, што афіцыйнае папярэджанне з’яўляецца незаконным, неабгрунтаваным і парушаючым правы, прадастаўленыя грамадзянам краіны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, што ратыфікаваны краінай.
Тамара Сяргей звярнула ўвагу на тое, што права на калектыўныя звароты прадастаўляе грамадзянам артыкул 40 Канстытуцыі; кожны з падпісантаў зваротаў імкнецца вырашыць сваю канкрэтную справу; падпісанты зваротаў пазнаёміліся ў прыёмных пакоях дзяржаўных структур, у тым ліку — у фае Генпракуратуры; асноўны закон краіны і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах даюць права на свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне.
Юрыстка прасіла генпракурора прыняць яе на асабістым прыёме і адмяніць афіцыйнае папярэджанне.
Мікалай Кукліс адмовіў Тамары Сяргей у прыёме і пакінуў у сіле афіцыйнае папярэджанне. Сваё рашэнне ён матываваў, між іншым, тым, што дзейнасць Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры «ўтрымлівае прыкметы дзейнасці грамадскага аб’яднання».
У каментары «НЧ» юрыстка падкрэсліла, што яна атрымала «нематываваныя» адказы ў прыёме і на сваю скаргу, «паколькі ў лісце праігнараваныя ўсё доказы, заснаваныя на Канстытуцыі і Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах». На яе думку, в.а. генпракурора Мікалай Кукліс «проста не адважыўся сустрэцца са мною, паколькі Генпракуратура выканала незаконны загад Адміністрацыі прэзідэнта, якая праз афіцыйнае папярэджанне Генпракуратуры аказвае на мяне псіхалагічны ўціск».
Далей Тамара Сяргей будзе звяртацца ў суд.