Гродзенскі абласны суд пацвердзіў прыгавор Сяргею Верамеенку
Гродзенскі абласны суд прызнаў сябра аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Сяргея Верамеенку вінаватым у распаўсюджванні друкаванай прадукцыі без
выхадных даных. Такое рашэнне прынята судом 4 чэрвеня падчас разгляду касацыйнай скаргі Верамеенкі, паведамляе прэс-служба БХД.

Сяргей Верамеенка
Нагадаем, двое людзей ў цывільным затрымалі Верамеенку 12 сакавіка каля офіса хрысціянскіх дэмакратаў у Гродне, куды ён нёс улёткі для акцыі ў межах марафону "Хваля салідарнасці". Невядомыя не паказалі яму ніякіх дакументаў, але назваліся супрацоўнікамі Ленінскага РАУС. Яны запатрабавалі, каб апазіцыйны актывіст прайшоў з імі. У аддзяленні ўсе ўлёткі былі падлічаныя. Пасля гэтага супрацоўнікі міліцыі без афіцыйнага дазволу накіраваліся да жылля Верамеенкі, дзе ў пошуках улётак быў праведзены вобыск.
7 мая суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў актывіста вінаватым у распаўсюджванні друкаваных выданняў без выхадных даных і пакараў штрафам у 20 базавых велічынь (2 мільёны рублёў). Гэты прысуд актывіст абскардзіў у абласным судзе.
Андрэй Серада, БелаПАН