Топ-5 вуліц-фантомаў Гродна

Схаваныя ад большасці, гэтыя вуліцы існуюць для пошты, міліцыі ды гісторыкаў. Канец 1980-х — пачатак 90-х — час зменаў, у тым ліку тапанімічных.  



getrtu.jpg

Менавіта тады, дзякуючы Тапанімічнай камісіі пры гарвыканкаме і Аляксандру Мілінкевічу, замест вуліц Энгельса, Кашавога, Крупскай з’явіліся Гараднічанская, Вялікая Траецкая, Стэфана Баторыя. Сябры камісіі імкнуліся вяртаць вуліцам гістарычныя назвы альбо даваць імёны выбітных дзеячаў мінулага.

Апошняе слова, тым не менш, усё адно заставалася за гарсаветам… Ды і супрацьлеглы бок так проста не здаваў пазіцыі:

“Добра памятаю, — распавядае сябар Тапанімічнай камісіі Алесь Госцеў, — як літаральна ў суседнім кабінеце гарвыканкама збіраліся ветэраны, ды абмяркоўвалі нашу ініцыятыву: “Мерзавцы, они и до Льва Толстого добрались!” У міжваенны перыяд гэтая вуліца, наколькі памятаю, насіла імя Якуба Ясінскага…”

Бліжэй сярэдзіны 90-х гадоў дзейнасць камісіі незаўважна згарнулі — тапанімічная “стабільнасць” перамагла. Тым не менш, зараз мы маем вуліцы Давыда Гарадзенскага, Дамініканскую, Каханоўскага, плошчу Тызенгаўза… Пры гэтым, некаторыя праекты падвіслі ў паветры, нібы заблукаўшы ў часе, а мажліва акурат чакаючы на свой час.

Вось некаторыя з іх:

1.Вуліца Вітаўта (Сацыялістычная, перад вайной — Witoldowa). У траўні 1992 года прапанова аб перайменаванні паступіла ў гарсавет. Ці была прапанова зацверджаная? Хутчэй за ўсё, не: шыльды ды юрыдычныя адрасы засталіся на сваіх месцах. Пры гэтым на сайце Белпошты вуліца мае… дзве назвы. Сацыялістычная — толькі на другім месцы ды ў дужках. То бок, пошта абавязаная даставіць ліст па адрасе: “Гродна, вул. Вітаўта…”!

get_img?ImageId=31107

Вул. Вітаўта на сайце Белпошты
 

2. Праспект Браніслава Тарашкевіча (Бульвар Ленінскага Камсамолу). Гісторыя з камісіяй ды прапановай вельмі падобная да папярэдняй. Пры гэтым існавала думка перайменаваць БЛК у праспект акадэміка Астроўскага, які меў прамое дачыненне да медуніверсітэта. Кажуць, што яшчэ пару год таму лісты таксама даходзілі да адрасатаў на пр. Тарашкевіча, аднак на мінулым тыдні наш аналагічны эксперымент праваліўся: капэрта вярнулася назад.

get_img?ImageId=31111

“В г. Гродно нет такой улицы”

Дарэчы, у свядомасці гарадзенцаў абрэвіятура “БЛК” стыхійна здабыла ўжо зусім іншы сэнс: “Бульвар Лукашэнка Колі”…

3. Наберажная Юзафа Ядкоўскага (вул. Спартовая). Унікальная вуліца, на якой няма ніводнага дому, доўжыцца ад піўзавода да месца ўпадзення Гараднічанкі ў Нёман.

“Год 20 таму яшчэ была прапанова ўсталяваць памятную дошку Ядкоўскаму на Старым замку, — згадвае старшыня Беларускага нумізматычнага таварыства Віктар Какарэка, — рашэнне ўвесь час адкладалася ў сувязі з зацягваннем тэрмінаў рэканструкцыі замку. На гэтым было завязана і пытанне з перайменаваннем вуліцы”.

get_img?ImageId=31106

 

Ці перайменавалі? Шыльдаў няма за адсутнасцю дамоў, не паглядзіш… На некаторых мапах горада вуліца Юзафа Ядкоўскага існуе. На іншых — так і засталася Спартовай. Адзін стары знаёмы расказваў, як быў некалі затрыманы міліцыяй на ўзбярэжжы пад замкамі: у пратаколе фігуравала вул. Ядкоўскага!

get_img?ImageId=31105

4. Праспект Аляксея Карпюка (вул. Горкага). У 2010 годзе група гісторыкаў звярнулася да уладаў горада з прапановай такога перайменавання. Зразумела, што выніку гэта не дало.

Сам пісьменнік жыў на Горкага, мала таго, у сям’і Аляксея Нячыпаравіча дагэтуль захоўваецца гранітная пліта, закупленая гарадскімі ўладамі для мемарыяльнага знака яшчэ ў сярэдзіне 90-х. Засталося знайсці грошы для афармлення пліты ды… атрымаць дазвол дэпутатаў гарсавету на яе вывешванне.

5. Вуліца Быкава (вул. Парыжскай Камуны). Кампанія па перайменаванні вуліцы, у адным з дамоў якой жыў класік, стартавала ў 2010-м. Гучная на той час кампанія “Гавары праўду” збірала подпісы ды падавала звароты ва ўладныя структуры, аднак — безвынікова.

get_img?ImageId=31108

Вул. Быкава з’явілася, але не надоўга

У ноч на 22 чэрвеня, дзень нараджэння пісьменніка, актывісты “Маладога Фронту” перайменавалі вуліцу самастойна, распісаўшы трафарэтамі большасць дамоў.

Чыноўнікі вымушаныя былі адрэагаваць: у друку з’явілася інфармацыя аб наданні імя Быкава адной з новых вуліц занёманскай часткі. Аднак абяцанкі так і засталіся на паперы.

У большасці постсавецкіх краінаў тапанімічная рэвалюцыя ўсё ж такі адбылася, ўслед за палітычнымі зменамі. Беларусь не была выключэннем, але…

“Наша праца была ў нейкі момант прыпыненая, — рэзюмуе Алесь Госцеў, — і мы засталіся па сутнасці ў камуністычным горадзе, з невялічкімі ўкрапленнямі”.

Цяжка не пагадзіцца.

www.t-styl.info