Уладзімір Андрэйчанка прыпыніў ліставанне з грамадзянамі, нават не выслухаўшы
Пра гэта распавяла «НЧ» юрыстка Тамара Сяргей. Паводле яе слоў, раніцай 3 чэрвеня 12 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры з розных рэгіёнаў краіны прыйшлі на асабісты прыём да спікера Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі.

Юрыст Тамара Сяргей. Фота Марата Гаравога
«Мы загадзя падалі калектыўны зварот на прыём, які падпісалі 29 грамадзянаў, але ў прыёме, як заўжды, нам было адмоўлена. Супрацоўнік Службы бяспекі прэзідэнта выклікаў да нас загадчыка аддзелу па зваротах грамадзянаў і юрыдычных асоб сакратарыяту ніжняй палаты беларускага парламенту Віктара Сазона. Ён у чарговы раз заявіў, што ніхто з нас не будзе прыняты спікерам, паколькі з намі прыпынена ліставанне. Са свайго боку мы нагадалі Віктару Сазону, што Уладзімір Андрэйчанка беспадстаўна і незаконна прыпыніў з намі ліставанне, аднак нават ні разу не сустрэўся і не выслухаў каго-небудзь з нас. Пры гэтым трэба ўлічваць, што сёння ў фае Дома ўраду мы безвынікова прамарнавалі тры гадзіны, адведзеныя на прыём», — падкрэсліла юрыстка.
Яна нагадала, што актывісты ініцыятывы шосты месяц не могуць дабіцца сустрэчы з спікерам ніжняй палаты парламенту. «Прычым на пачатку траўня за спробу такой сустрэчы міліцыянты пагражалі нам затрыманнем і пазбаўленнем волі», — сказала Тамара Сяргей.
На яе думку, паводзіны Уладзіміра Андрэйчанкі сведчаць пра тое, што ён не абраны народам дэпутат, а звычайны чыноўнік, прызначаны кіраўніцтвам краіны. «Таму спікеру абыякава, што думаюць пра яго грамадзяне-выбаршчыкі», — адзначыла юрыстка.