Хлопец заклеіў вочка відэакамэры на Акрэсціна. Цяпер пракурор просіць для яго паўтара года зняволення
А «Мінсктранс» палічыў, што за спыненьне руху транспарту падчас «Марша вызвалення палітвязняў» адказваць павінен адзін Ігар Пражэннікаў, хоць ён дзейнічаў у «групе нявызначаных асобаў». «Мінсктранс» патрабуе спагнаць з Пражэннікава 18 624 рублі 45 капеек, піша «Свабода».
«Пракуратура лічыць, што ўсе страты «Мінсктрансу» прычыніў
менавіта Пражэннікаў»
Другое судовае паседжанне пачалося з разгляду пазову «Мінсктрансу», які палічыў, што менавіта Ігар Пражэннікаў нанёс прадпрыемству шкоду ў памеры больш за 18 тысяч рублёў — падчас масавай акцыі на некаторы час быў спынены рух транспарту.
Юрысконсульт «Мінсктрансу» Натальля Рыбак на пытаньне
адваката, як рабіўся падлік стратаў, адказала, што яна не ведае: гэтым займаўся
аддзел перавозак і эканамічны аддзел. А згодна з «Актам аб спыненні гарадзкога
транспарту» ў разлік ішла максімальная ўмяшчальнасць транспарту, час прастою,
кіламетраж.
Адвакат пытаецца: якім тэрмінам можна назваць страты, якія
нібыта панёс «Мінсктранс»? Юрысконсульт не можа адказаць. Адвакат спрабуе
падказаць: «Гэта недаатрыманы прыбытак?»
«Вы мяне правакуеце на канкрэтны адказ. Пракуратура падала
пазоў у інтарэсах прадпрыемства. Пракуратура лічыць, што ўсе страты «Мінсктрансу» прычыніў менавіта Пражэньнікаў. Віну вызначае пракуратура», —
кажа юрысконсульт «Мінсктрансу» Наталля Рыбак.
Адвакат запытваецца, ці выстаўляліся пазовы іншым людзям, бо
Пражэннікаў дзейнічаў у групе невызначаных асобаў. І калі іншым удзельнікам
будуць выстаўленыя такія ж сумы, гэта будзе неабгрунтаванае ўзбагачэнне.
Наталля Рыбак абараняецца: «Гэта не мы выстаўлялі пазоў,
гэта пракуратура».
Ігар Пражэннікаў пазоў у 18 тысяч 624 рублі не прызнае.
«Гатовы прызнаць, што нанёс шкоду «Мінсктрансу» ў памеры 10
рублёў», — кажа хлопец.
«Актыўная роля Пражэннікава пацвярджаецца відэазапісамі»
Дзяржабвінаваўца падчас судовых спрэчак кажа, што віна Ігара Пражэннікава цалкам даказаная: ён браў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, аказаў непадпарадкаванне прадстаўнікам улады, перашкаджаў руху транспарту.
«Актыўная роля Пражэннікава пацвярджаецца відэазапісамі —
ён рухаўся па праезнай частцы, ішоў не ў сярэдзіне натоўпу, а заўсёды быў у
першым шэрагу, вёў натоўп за сабой. Вінаватасць Пражэннікава цалкам
пацверджаная відэазапісамі з Акрэсціна, калі ён наклейваў залепку на камеру»,
— кажа дзяржабвінаваўца.
Пракурор лічыць, што менавіта Пражэннікаў павінен пакрыць
пазоў «Мінсктрансу» ў поўным аб’ёме.
І просіць прызначыць яму пакаранне: 1 год 6 месяцаў
пазбаўленьня волі ў калоніі агульнага рэжыму.
«Мой падабаронны шчыра раскаяўся»
Адвакат разважае пра ўсплёск моладзевай актыўнасці ў жніўні 2020 году. Кажа, што студэнцтва і моладзь — свабодалюбівыя людзі, якія хочуць сказаць сваё слова.
«Першыя 3 дні пасьля выбараў былі страшныя, потым людзі
перасталі баяцца. Яны ладзілі «святы непадпарадкавання», выходзілі на вуліцы,
махалі сцягамі, крычалі.
Калі адбываюцца рэвалюцыйныя падзеі, маладыя людзі вельмі
жыва рэагуюць, выходзяць пратэставаць. Іх менш за ўсё цікавіць закон», —
разважае адвакат.
Адвакат просіць прызначыць пакаранне ў выглядзе
абмежаваньня волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
«Мой падабаронны законапаслухмяны, ён шчыра раскаяўся, даваў
паслядоўныя і праўдзівыя паказанні. Знаходжанне ў ізалятары было
дастатковым, каб Ігар усё ўсвядоміў», — перакананы абаронца.
Што да патрабаванняў «Мінсктрансу», адвакат назваў разлікі
прадпрыемства сумнеўнымі: няма дэталізацыі, улічвалася максімальная загрузка
транспарту, чаго не бывае ў выходны дзень.
«Пражэннікаў перашкаджаў руху транспарту не адзін, а ў
групавых дзеяннях, у счэпцы з іншымі невызначанымі асобамі. Маёмасная шкода
прычыненая групай асобаў, таму яны павінны несці адказнасць салідарна», —
лічыць адвакат.
Ён прапануе перавесці справу «Мінсктрансу» ў асобную
грамадзянскую вытворчасць, а следчым органам вызначыць іншых асобаў, якія
перашкаджалі руху транспарту.
«Калі скажу, што я паддаўся натоўпу — не саграшу»
У апошнім слове Ігар Пражэннікаў сказаў, што на той момант у яго было імкненне да лепшага жыцця.
«Калі скажу, што я паддаўся натоўпу — не саграшу. Гэта быў
юнацкі максімалізм. Я не апазіцыянер, не рэвалюцыянер, я не нясу ідэі ў масы.
За кратамі прыйшло асэнсаванне, што я патрэбны толькі сваёй
сям’і, маці. Віну цалкам прызнаю, шкадую пра тое, што зрабіў», — сказаў Ігар
Пражэннікаў у сваім апошнім слове.
Прысуд будзе абвешчаны ў судзе Фрунзенскага раёну 17 лютага
ў 12.30.