Глыбокае. Вяртаюць прыбраны 5 гадоў таму помнік Леніну
«Гісторыю трэба цаніць», — кажуць мясцовыя ўлады Глыбокага. Таму да стагоддзя кастрычніцкага перавароту ў Глыбокім вырашылі ўсталяваць бюст Леніну, знесены яшчэ ў 2012-м.
Дасюль кіраўнік Глыбоцкага райвыканкаму Алег Морхат
збольшага быў вядомы станоўчымі ініцыятывамі. Напрыклад, у горадзе ўсталёўвалі
помнікі выбітным беларусам — Вацлаву Ластоўскаму, Юзэфу Корсаку, Язэпу
Драздовічу ды іншым. Таксама гараджане запомнілі музычны выступ кіраўніка
адміністрацыі на «Вішнёвым фестывалі».
Сёлета кіраўнік гораду пастанавіў да стагоддзя кастрычніцкага перавароту ўсталяваць у райцэнтры бюст Леніну, знесены ў 2012-м.
«У цяперашняй улады каша ў галаве. Старшыня райвыканкаму ў царкве бывае, у касцёле бывае і Леніну помнік ставіць», — кажа мясцовы журналіст Кастусь Шыталь.
Пра ўсталяванне манументу гараджане даведаліся з радыё
Алег Морхат патлумачыў
неабходнасць наяўнасці не толькі вуліцы Леніна, але і бюста тым, што «гісторыю
трэба цаніць».
«Прабачце мяне, нельга так казаць. Гэта не ёсць гісторыя наша. Гэта — наша трагедыя. У чым можам пакаяцца — гэта так. Але афішаваць гэта ні ў якім разе нельга. І калі ў сённяшні час мы ставім помнікі крывавым дыктатарам, то што нас чакае ў будучым?» — пракаментаваў сітуацыю ксёндз Вячаслаў Барок.
Працэсы дэкамунізацыі адбываюцца ў суседзяў Беларусі
У Польшчы
дзейничае закон аб забароне праслаўлення і прапаганды камунізму ці іншага
таталітарнага ладу.
Ва Украіне ў жніўні паведамілі пра знос на неакупаваных тэрыторыях апошняга з вядомых помнікаў Леніну. Тым жа шляхам ідзе Літва, дзе ў цэнтры сталіцы месціцца Музей ахвяраў генацыду, вядомы як музей КДБ.
За час улады камуністаў пад рэпрэсіі трапілі ад некалькіх соцень да некалькіх тысячаў жыхароў Глыбоцкага раёну. У сорак сёмым НКВД там жа разграміла Саюз беларускіх патрыётаў. Гэтыя ды іншыя аргументы краязнаўца Кастусь Шыталь выклаў у адкрытым лісце з просьбаю да кіраўніка выканкаму не ўшаноўваць Леніна.
«Бальшавіцкая ўлада ў Глыбокім усталявалася на нейкі час у лістападзе 1918-га года. І да жніўня 1919-га яны тут былі. Чым запомніўся гэты час? Тэрорам, расстрэламі без суда і без следства, рабункамі», — абураецца Кастусь.
Дарэчы, хоць і не надта актыўны, але ўсё ж супраціў праслаўленню камуністычнай ідэалогіі існуе і ў нашай краіне. У красавіку на дзень народзінаў Леніна ягоны помнік у Магілёве аблілі чырвонаю фарбаю. Тое самае напярэдадні адбылося ў Брэсце, Браславе і мястэчку Малеч.
Лола Бурыева, «Белсат».
Фота: sobesednik.ru