Помнік Давыду Гарадзенскаму на працягу месяца з’явіцца ў Гродне

На скрыжаванні вуліц Замкавай і Давыда Гарадзенскага ўжо гатовая пляцоўка і падножжа да пастамента коннаму помніку легендарнаму кашталяну.

Эскіз помніка

Эскіз помніка

Выглядае на тое, што гісторыя з помнікам Давыду Гарадзенскаму падыходзіць да свайго пазітыўнага фіналу. Няхай на дзень горада, што прайшоў 23 верасня, з адкрыццём помніка і не паспелі, затое пляцоўка і падножжа пастаменту ўжо гатовыя. Засталося адно прывезці і змантаваць ужо вырабленую скульптуру. Урачыстае адкрыццё плануецца на кастрычнік.

Пляцоўка пад помнік

Пляцоўка пад помнік


На конкурсе, у якім удзельнічала 13 працаў, перамог праект скульптара Сяргея Аганава. Ягоная работа падаецца насамрэч густоўнай ды не скаванай стэрэатыпамі пра “барадатых рускіх віцязяў у востраканечных шаломах”. Фундатарам помніка выступіў мецэнат Андрэй Карабач, уладальнік мінскай фірмы “Хорс-Мотарс”, ураджэнец Ваўкавышчны. Сам жа камень, які паслужыў матэрыялам, паходзіць з Мансураўскага радовішча ў Расіі: бліжэй нічога адпаведнага знайсці не ўдалося.

Помнік у майстэрні скульптара

Помнік у майстэрні скульптара


Справа з помнікам ад пачатку была ўспрынятая гарадзенцамі пазітыўна, але памятаючы досвед анансаваных і ўзгодненых, але так і не ўсталяваных помнікаў Каліноўскаму і Багдановічу, шмат хто глядзеў на справу скептычна. На дзіва, усё склалася па-іншаму.

Пляцоўка для помніка

Пляцоўка для помніка


Нагадаем, што Давыд Гарадзенскі (каля 1283-1326) быў легендарным гродзенскім кашталянам і вайсковым дзеячом ВКЛ. Сваю славу Давыд здабыў у няспынных войнах з крыжакамі, не толькі баронячы свой горад, але і арганізоўваючы глыбокія паспяховыя рэйды на варожую тэрыторыю.

Пляцоўка для помніка

Пляцоўка для помніка