Алесь Краўцэвіч: Смяротная кара ў сярэднявеччы — публічнае відовішча
У раздзеле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года «Пра земскі гвалт, пабоі і пра забойства шляхцічаў» смяротнае пакаранне прысутнічае каля дваццаці разоў.
Алесь Краўцэвіч,
доктар гістарычных навук, прафесар распавёў:
— У трэцім Статуце колькасць артыкулаў са смяротным пакараннем павялічылася ў некалькі разоў у параўнанні з Першым Статутам. Гэта 1588 год.
Можа быць, гэта звязана з агульным пагаршэннем сітуацыі. Гэта пачатак Контррэфармацыі, пачатак рэлігійнай барацьбы, пачатак крызісу Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Гэта пачатак канфрантацыі.
А можа быць, гэта было звязана з асаблівасцямі светапогляду аўтараў гэтай кадыфікацыі.
У час, калі існавала Вялікае Княства Літоўскае, смяротнае пакаранне неадменна прысутнічала ў прававым жыцці. Яно прымала розныя формы, было зменлівае.
Часам смяротнае пакаранне замянялася платай. Гэта пачыналася ў сярэднявеччы.
Зразумела, ішло яшчэ ад родавага грамадства — кроўная помста — “вока за вока, зуб за зуб”. І вось, калі ўзнікалі дзяржаўныя структуры, яны гэта бралі пад свой кантроль. Па-першае, вядзенне правасуддзя — гэта функцыя дзяржавы. Па-другое, дзяржаўная адміністрацыя ці князь мелі з гэтага выгоду. І задачай пакарання было застрашэнне.
Пакаранне ў сярэднявеччы, гэта практычна заўсёды, — публічнае відовішча. Практыкавалася і пасаджэнне на кол — пакутлівая смерць. Гэта было на плошчах спецыяльна адведзеных, гэта было пры сцячэнні народа, пад гукі музыкі, пад гукі барабанаў. Але яно прысутнічала — смяротнае пакаранне.
У нас у Гародні гэта нават зафіксавана ў гравюры — першай гравюры беларускага горада — 1568 год, Гравюра Цюндта. Там паказана месца каля Бернардынскага касцёла цяперашняга, дзе пазначаная гарадская шыбеніца — месца пакарання злачынцаў.
Паліна Сцепаненка,
Беларускае Радыё Рацыя