Пракуратура Стэфановічу: «Рашэння аб увядзенні каменданцкага часу не прымалася»
Аказваецца, Глыбоцкім райвыканкамам афіцыйнае "рашэнне аб увядзенні каменданцкага часу не прымалася"...
![77_o_1.png 77_o_1.png](/img/v1/images/77_o_1.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пракуратура Глыбоцкага раёна
разглядзела заяву юрыста ПЦ “Вясна” Валянціна Стэфановіча аб парушэнні
службовымі асобамі Глыбоцкага райвыканкама заканадаўства ў частцы незаконнага
ўвядзення на тэрыторыі раёна з 14 да 20 верасня 2017 года каменданцкага часу.
“Праверкай па звароце ўстаноўлена, што Глыбоцкім райвыканкамам афіцыйнае рашэнне аб увядзенні каменданцкага часу не прымалася, а размяшчэнне 14 верасня на сайце райвыканкама адпаведнай інфармацыі насіла толькі навучальны характар у межах вучэнняў па тэрытарыяльнай абароне і якіх бы там абмежаванняў правоў і свабод грамадзян не цягнула”, — пазначыў у адказе да праваабаронцы пракурор Глыбоцкага раёна Ігар Валынец.
Ён вырашыў, што падстаў для прыняцця па звароце Валянціна Стэфановіча мераў пракурорскага рэагавання няма.
Праваабаронца адзначае, што ўсё ж такі грамадзяне былі праінфармаваныя пра каменданцкую гадзіну не толькі праз сайт Глыбоцкага райвыканкама, але і праз абвесткі, якія былі развешаныя ў горадзе.
![kamendancki_chas.jpg kamendancki_chas.jpg](/img/v1/images/kamendancki_chas.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
"Я, як грамадзянін, калі б прачытаў такую абвестку, палічыў бы, што мне прадпісана дзейнічаць так, як было там ўказана: не выходзіць на вуліцу без неабходнасці, не перамяшчацца паміж населенымі пунктамі без дакументаў і г.д.
Акрамя таго, невядома, як бы разгортваліся падзеі, калі б журналісты не звярнулі ўвагу на такое рашэнне і выканкам не адказаў, што ўсё гэта “панарошку”. Атрымоўваецца, што такім чынам службовыя асобы маглі б правесці і іншыя “вучэнні”, да прыкладу зрабіць мабілізацыю ўсіх ваенаабавязаных", — сказаў Валянцін Стэфановіч.
Нагадаем, 14 верасня сродкі масавай інфармацыі Беларусі абляцела навіна аб тым, што ў Глыбокім уведзена каменданцкая гадзіна з-за вучэнняў "Захад-2017", спасылаючыся на паведамленне на сайце Глыбоцкага райвыканкама. Пасля з’яўлення інфармацыі пра гэта ў СМІ, у хуткім часе паведамленне было выдалена са старонкі сайту.