Генштаб Украіны: Расія не вывела войскі з Беларусі
У Беларусі засталіся ваенныя Расіі, лічыць начальнік украінскага Генштаба Віктар Мужэнка.
Начальнік
Генштаба Украіны заявіў, што пасля вучэнняў РФ вывела малую частку вайскоўцаў.
Расія перакінула ў Беларусь для ўдзелу ў вучэннях "Захад–2017" значна большы вайсковы кантынгент, чым было заяўлена, і не вывела яго пасля заканчэння ваенных манеўраў. Пра гэта ў інтэрв'ю “Reuters” заявіў начальнік Генштаба Ваенных Сіл Украіны Віктар Мужэнка.
Мужэнка заявіў, што ад Расіі было запланаваны ўдзел у вучэннях 3 тысяч вайскоўцаў, аднак у Беларусь іх прыбыло значна больш.
"У нас ёсць інфармацыя, што яны вывелі толькі некалькі падраздзяленняў з заяўленых 12,5 тысяч вайскоўцаў, з якіх нібыта 3 тысячы былі расейцамі, але там на самай справе іх было значна больш", — заявіў ён.
Кіраўнік Генштаба Украіны адзначыў, што Расія вывела частку войскаў дэманстратыўна з мэтай імітаваць вяртанне да месцаў пастаяннай дыслакацыі ўсяго ваеннага кантынгенту.
"Расія прадэманстравала — і гэта было перш за ўсё дэманстрацыяй — вяртанне авіяцыйных падраздзяленняў: яны зняліся з аэрадромаў і паляцелі ў Расію. Але мы разумеем, што 300–400 кіламетраў для авіяцыі — гэта адлегласць, якую можна пераадолець за вельмі кароткі час", — канстатаваў ён.
Нагадаем, на афіцыйным сайце вучэнняў заяўлялася, што Расія праз тыдзень пасля завяршэння вучэнняў “Захад–2017” вывела апошнія падраздзяленні войскаў з тэрыторыі Беларусі.