Twitter зачыніў 200 акаўнтаў, звязаных з Расіяй

Кампанія Twitter выявіла больш за 200 падстаўных акаўнтаў, звязаных з Расіяй, і часова закрыла іх. 22 акаўнты існавалі адначасова і ў Facebook.

e0d710ab_3a56_4f03_908e_311a48d5cf42_w1023_r1_s.jpg

Пра распаўсюд Расіяй фальшывых навін, выкарыстанне падстаўных акаўнтаў і інтэрнэт-ботаў падчас мінулагодняй прэзідэнцкай кампаніі ў ЗША прадстаўнікі Twitter распавядалі на праведзеных у чацвер закрытых слуханнях сенацкага Камітэта па выведцы, паведамляе Руская служба “Радыё Свабода”.

 На слуханнях у Сенаце таксама было адзначана, што тэлеканал “Russia Today” заплаціў у 2016 годзе 274 тысячы долараў за размяшчэнне ў Twitter больш за 1800 сваіх паведамленняў, што адпраўляліся мэтавым аўдыторыям, якія складаліся са спажыўцоў стандартных навін. Якім менавіта навінавым сюжэтам былі прысвечаны гэтыя твіты, не ўдакладняецца.

 На думку сябра сенацкага Камітэта па выведцы рэспубліканца Джэймса Ланкфорда, менавіта расійскія «фабрыкі троляў» праз кампаніі ў Twitter дапамаглі павысіць напал спрэчак у грамадстве, выкліканых нежаданнем шматлікіх прафесійных футбалістаў ўставаць пры выкананні дзяржаўнага гімна ЗША. Такім чынам гульцы пратэстуюць супраць, на іх думку, прадузятага стаўлення паліцыі да афраамерыканцаў.

Гэтая гісторыя апынулася ў апошнія дні ў цэнтры ўвагі амерыканкай прэсы пасля таго, як прэзідэнт Трамп заклікаў уладальнікаў футбольных каманд звольніць гульцоў, што аказваюць непавагу амерыканскаму сцягу.