Хронікі рэпрэсій. Масавы хапун — затрымана як мінімум 84 чалавекі

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра крымінальны пераслед у Беларусі за 23 студзеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

***

Сёння адбыліся масавыя затрыманні сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных. Як мінімум 84 чалавекі трапілі пад пераслед падчас сённяшняга масавага «хапуна». Частку з іх затрымалі, а ў некаторых правялі ператрус і адпусцілі. Вядома, што сілавікі бяруць у людзей падпіскі аб неразгалошванні. Сярод затрыманых — былы палітзняволены Аляксей Раманаў, 76-гадовы праваабаронца Барыс Хамайда і жонка палітвязня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. Таксама вядома, што ў маці актывісткі і праваабаронцы Марыны Касінеравай 10 гадзін праводзілі ператрус.

***

Генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да журналіста Сяргея Дубаўца.

Яму інкрымінавана парушэнне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду беларускага народа.

***

Прысуд рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу пакінулі без змен. Мінскі абласны суд 23 студзеня разглядзеў апеляцыйную скаргу журналіста. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Арэшкі пакінула прысуд без змен, а скаргу — без задавальнення. У лістападзе Аляксандру прысудзілі 4 гады калоніі.

***

Праект «INeedHelpBY» і «Беларускае Радыё Рацыя» прызнаны «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Фільм Іллі Варламава «Беларусь: тирания Лукашенко, Чернобыль и союз с Россией | Страна КГБ и колхозов» прызналі экстрэмісцкім.

***

Палітвязня Рыгора Кастусёваперавялі ў гродзенскую турму. У судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбыўся суд па замене палітвязню рэжыму ўтрымання. Па рашэнні суддзі Сяргея Кухацкавальца, старшыню Партыі БНФ перавялі ў гродзенскую турму №1. Пра гэта паведаміў яго зяць Дзмітрый Антончык.

***

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Івана Краўцова па чатырох крымінальных артыкулах. Іван — беларускі палітычны актывіст, архітэктар, менеджар, выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» і каманды кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі.

***

Справу палітзняволенай Святланы Карольперадалі ў пракуратуру. Святлана — пенсіянерка і велаактывістка з Гомеля, старшыня абласнога грамадскага аб'яднання «ВелаГомель». У 2020 годзе жанчына далучылася да гомельскай Каардынацыйнай Рады. Дома Святлану чакаюць маці сталага веку і муж з анкалагічнай хваробай, якімі апякуецца жанчына.

Жанчыну затрымалі напрыканцы верасня ў Гомелі. Святлану абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку (арт.367 КК), а таксама ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле арт.130 КК.

***

Брэсцкі абласны суд 22 студзеня завяршыў разгляд крымінальнай справы 48-гадовага Дзяніса Красько, якога абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч.1 арт.130 Крымінальнага кодэкса. За тры каментары абвінаваўца запрасіла тры гады калоніі. Які прысуд у выніку атрымаў Дзяніс, пакуль невядома.

***

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 27 снежня не стаў караць за «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы ўраджэнца Расійскай Федэрацыі беспрацоўнага жыхара Віцебска Эдуарда Тарканоўскага. Работнікі міліцыі не змаглі даказаць вінаватасць маладога чалавека. Міліцыя абвінаваціла Эдуарда ў тым, што ён, пачынаючы з 2020 года, быў падпісаны на шэсць тэлеграм-каналаў, якія раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.