Хронікі рэпрэсій: На цяперашні момант налічылі больш за 130 затрыманняў – dissidentby
Ініцыятыва dissidentby разам з праваабаронцамі «Вясны» налічыла больш за 130 затрыманняў беларусаў 23-24 студзеня. Вядома, пра распачатыя крымінальныя справы па 361-4 КК РБ. З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі.
Затрымалі былую журналістку catholic.bу Аксану Ючкавіч
Як паведамляе @christianvision, затрыманне адбылося ўчора, 23 студзеня.
Аксана Ючкавіч паходзіць з парафіі ў Параф’янаве. Верніца асабліва вядомая сярод каталікоў Мінска, дзе яна арганізоўвала шматлікія падзеі і мерапрыемствы.
Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 сутак
Нагадаем, жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча затрымалі ўчора, 23 студзеня, падчас рэйду супрацоўнікаў КДБ.
Па інфармацыі праваабаронцаў, сёння над ёй адбыўся суд паводле арт.19.1 КаАП («Дробнае хуліганства»). Суд Заводскага раёна Мінска прызначыў ёй 15-сутачны арышт.
Затрымалі былую актывістку стачкама на наваполацкім «Паліміры» Алену Вінакураву
Яе дачка пра затрыманне паведаміла ў фэйсбуку наступнае: «Затрымана на 72 гадзіны. Адбываць будзе ў ІЧУ Віцебска».
Алену Вінакураву раней затрымлівалі 27 сакавіка 2021 года нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафавалі на 30 базавых велічынь. А зусім нядаўна, 14 снежня 2023 года, ёй прысудзілі 15 сутак арышту паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджваннеіэкстрэмісцкіх матэрыялаў»), а затым дадалі яшчэ 15 сутак.
Жанчына адпрацавала на «Паліміры» больш за 30 гадоў. Сёння ў Алены Дзень народзінаў.
Затрыманы былы журналіст і палітвязень Сяргей Гардзіевіч
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, 24 студзеня быў затрыманы былы карэспандэнт незалежнага сайта «Першы Рэгіён» Сяргей Гардзіевіч з Драгічына.
Папярэдне, на яго склалі пратакол па артыкуле 19.11 КаАП («Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
У Гомелі прайшоў ператрус у палітэмігранта
Валерый Крахмалаў, які пакінуў Беларусь у 2021 годзе пасля рэпрэсій, паведаміў @flagshtok, што сёння ў яго доме адбыўся ператрус. Кватэру абшуквала міліцыя, пасля ператрусу яго маці Марыю забралі ў пастарунак. Пазней з’явілася інфармацыя, што Марыя Крахмалава на волі, у міліцыі цікавіліся аказаннем прадуктовай дапамогі.
Таксама ў Гомелі прапала маці былога палітвязня Іллі Міронава. Пра гэта Ілля паведаміў у сацсетках. З учарашняга дня пажылая жанчына не выходзіць на сувязь з сынам. Выглядае на тое, што 73-гадовую Валянціну Міронаву маглі затрымаць у межах хвалі пераследу сваякоў зняволеных.
Стаў вядомы прысуд Дзянісу Красько, якога абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці
Брэсцкі абласны суд 22 студзеня завяршыў разгляд крымінальнай справы 48-гадовага Дзяніса Красько, якога абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч.1 арт.130 Крымінальнага кодэкса.
Судовы працэс пачаўся 14 снежня, яго вёў суддзя Сяргей Беразюк. Дзяржабвінаваўца — пракурорка Марыя Бялт.
Усе тры тэлеграм-паведамленні, якія нібыта пакінуў Красько, былі напісаны як каментары да публікацый на тэлеграм-канале «Вусы Лукашэнкі».
Стала вядома, што Дзянісу прызначаны тэрмін у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 3 гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Праваабаронцы надалі статус «былы палітвязень» дзевяці беларусам
Праваабарончая супольнасць Беларусі 24 студзеня прыняла вялікую заяву, у якой запатрабавала поўную рэабілітацыю адразу 9 чалавек, асуджаных за удзел у мірных сходах. Гэта: Павел Голаў, Захар Яноўскі, Мацвей Бяляй, Дзмітрый Смаляроў, Антон Нагела, Віталь Сірышка, Віктар Рудзько, Аляксандр Федарук, Улад Манюк.
Акрамя таго, палітвязнямі прызнаны пяць чалавек: Ганна Крук, Пётр Патаповіч, Алена Патаповіч, Уладзіслаў Федаровіч, Вадзім Чараўко.
Сілавікі затрымалі 44‑гадовага мінчука за данаты і 2000 «абразлівых каментароў» у чатах
На відэа сілавікоў беларус распавядае, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, а з 2020-га да сярэдзіны 2023 года ў чатах пакінуў больш за 2000 «абразлівых каментароў» у адрас Лукашэнкі, працаўнікоў пракуратуры і міліцыянтаў.
Паводле інфармацыі @mediazona_by, затрыманы — Сяргей Харытановіч.
Мінінфарм прыпыніў дзейнасць аднаго з апошніх незалежных выдаўцоў у Беларусі
Дзеянне пасведчання выдаўца Рамана Цімберава пакуль прыпынілі на месяц. Раман — беларускі паэт і выдавец, уладальнік электроннай крамы мастацкай і гістарычнай літаратуры Kniger.by, у якой прадаюцца і кнігі на беларускай мове. Ён, сярод іншага, выдаў кнігу казак для дзяцей «Дзедавы казкі ад Дзеда Янкеля», кнігі Дзмітрыя Дразда «Минский тюремный замок», Вінцэся Мудрова «Гарачы парафiн», Паўла Каралёва «Купала i Колас жартуюць» і інш.