Хронікі рэпрэсій. У Брэсце схапілі каля 70 жанчын, у Лёзна ў калонію адправілі «афганца»

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 25 студзеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да 20 «аналітыкаў Ціханоўскай».

У спісе Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.

Паведамляецца, што «названыя асобы прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве».

Падчас масавага рэйду сілавікоў 23-24 студзеня пад пераслед трапілі сама меней 159 чалавек. Супраць часткі з іх распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Некаторых затрыманых судзяць па адміністрацыйных справах. Вялікая частка людзей выходзяць на волю пасля допытаў, але ў якім статусе — невядома.

Сталі вядомыя падрабязнасці масавага рэйду сілавікоў на сваякоў палітвязняў у Брэсце. Паведамляецца, што затрыманых вазілі і ў КДБ, і ў Следчы камітэт, і ў Ленінскі РАУС. Сярод іх былі адныя жанчыны і іх было так шмат, што людзі сядзелі ў калідорах. Тых, хто моцна абураўся і скардзіўся — адпраўлялі ў ІЧУ на 72 гадзіны.

Агулам, людзі налічылі каля 70 затрыманых 23 студзеня толькі ў Брэсце.

 

Глядзіце таксама

Былога афганца Уладзіміра Лісіцу суд Лёзненскага раёна прысудзіў да трох гадоў калоніі, а таксама ён павінен сплаціць 7400 рублёў штрафу і кампенсацыю маральнай школы двум пазоўнікам — генеральнаму пракурору Шведу і дэпутату Наваполацкага гарадскога Савета дэпутатаў Мядзведскаму.

Паводле следства, Уладзімір Лісіца не пашкадаваў моцных выразаў і на адрас яшчэ некалькі вядомых у Беларусі асобаў: «публічна непрыстойныя каментары» прагучалі на адрас «ваеннага камісара Гомельскай вобласці Крываносава, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Гайдукевіча, старшыні Глыбоцкага райвыканкама Шубскага, а таксама Лукашэнкі.

У судзе гэтых фактаў мужчына не аспрэчваў, а вось з заяўленай кампенсацыяй маральнай шкоды не пагадзіўся, заявіўшы, што дэпутат Наваполацкага гарсавета Мядзведскі «не панёс ніякіх перажыванняў», а сума, якую пажадаў атрымаць генеральны пракурор Швед, «завышана».

Уладзімір Лісіца — былы «афганец» і чалавек з прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй, яго жонка Аксана Лісіца — дырэктарка Высачанскай базавай школы і дэпутатка райсавета 28-га склікання.

Уладзімір Лісіца нарадзіўся ва Украіне, у Сумскай вобласці, і на аватарцы ў ягонай старонцы ў «Аднакласніках» — украінскі сцяг. Змест гэтай старонкі, якая цяпер амаль уся выдалена, вывучала Лёзненская раённая пракуратура, і яна вырашыла, што старонку варта прызнаць «эстрэмісцкімі матэрыяламі», што суд Лёзненскага раёна і зрабіў.


Глядзіце таксама

23 студзеня быў затрыманы былы палітвязень Міхаіл Жамчужны. Вядома, што да яго прыходзілі з ператрусам, пасля чаго мужчына быў затрыманы і ягоны лёс дагэтуль невядомы.

Міхаіл Жамчужны быў асуджаны ў 2015 годзе да 6,5 гадоў калоніі за падбухторванне да наўмыснага выдавання звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконнае набыццё сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама дачу хабару. Міхаіл выйшаў на волю 19 лютага 2021 года.

Сілавікі затрымалі саліста гурта «Мінімум Дыстанцыі» Жэню Шума — ён вярнуўся дадому з Польшчы пасля заканчэння візы. На «пакаяльным відэа» мужчына «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.

 

Глядзіце таксама

У Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс над 47-гадовым галоўным інжынерам ААТ «Мілкавіта» Аляксандрам Стругальскім. Яго абвінавачваюць у фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса.

Аляксандра затрымалі яшчэ 4 кастрычніка 2022 года. Увесь гэты час цягнулася следства. Згодна з праўладнымі тэлеграм-каналамі, Стругальскі «спрабаваў сарваць правядзенне рэспубліканскага рэферэндуму, а таксама дасылаў грошы ў фонд BySol».

Справу разглядае суддзя Сяргей Багінскі.

У Магілёве затрымалі 39-гадовага мясцовага жыхара, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынка магазіна.

Як сцвярджаюць праўладныя тэлеграм-каналы, двое жыхароў Магілёва працяглы час нібыта распівалі спіртныя напоі. Пасля таго, як алкаголь скончыўся, яны адправіліся ў краму. На выхадзе адтуль адзін з іх звярнуў увагу на сцяг, пасля чаго вырашыў яго сарваць. Чырвона-зялёнае палотнішча ён аднёс да сябе дадому і схаваў у канапе.

Мужчыну затрымалі паводле запісаў відэакамер. Супарць яго распачалі крымінальную справу па арт. 370 КК РБ («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»).


Глядзіце таксама

Трэці раз запар арыштавалі ўдзельніка нафтанаўскай стачкі Аляксандра Ляшкова. Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 9 студзеня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў арыштавала яго на 15 сутак. Гэта трэцяя запар адміністрацыйная ізаляцыя ўдзельніка стачкі 2020 года, якая вылічаецца 44-ма суткамі.

Паводле рапарту міліцыянта з Наваполацкага ГАУС, Аляксандр быў зарэгістраваны ў месенджары «Тэлеграм» і ў чаце з назвай «ААТ «Нафтан» неабыякавых людзей» даслаў спасылку з відэахостынгу «Youtube» з назвай «Кардынацыйная рада». Раней гэты рэсурс уключылі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым пасяджэнні мужчына віну не прызнаў.

У «спіс тэрарыстаў» унеслі яшчэ трох беларусаў. Гэта былы вайсковец Дзмітрый Гулін, 26-гадовы Павел Яраш, сталяр-станочнік Аляксандр Баравік. Цяпер у спісе 1166 чалавек, з іх 407 — беларусы (увогуле ў спісе КДБ 1175 пазіцый, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).


Глядзіце таксама

76-гадовы актывіст Барыс Хамайда выйшаў на волю да суда. «Толькі што вярнуўся дадому. Амаль двое сутак знаходзіўся ў віцебскім СІЗА, там зараз знаходзіцца ІЧУ. Адпусцілі да суда. Прызначаны на 2 лютага», — напісаў ён у фэйсбуку.

Нагадаем, пра затрыманне вядомага віцебскага дэмакратычнага актывіста стала вядома 23 студзеня.

Дырэктара дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па футболе ФК «Смаргонь» Дзяніса Лобана арыштавалі на 7 сутак за падпіску на «Трыбуну» ў «Інстаграме». Старонка ў яго была адкрытай. Справу разгледзелі 17 студзеня ў судзе Смаргонскага раёна.

Дзяніс Лобан узначаліў школу ў 2023 годзе. У мужчыны двое дзяцей 17 і 14 гадоў.


Глядзіце таксама

У судзе Савецкага раёна горада Гомеля праходзіць разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога работніка ААТ «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» Івана Памесячнага. Ён у адзіночку спыніў цэх  завода.

Мужчыну абвінавачваюць у знішчэнні, блакаванні або мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. Максімальны тэрмін па дадзеным артыкуле — 10 гадоў пазбаўлення волі.

Маці гомельскага валанцёра Іллі Міронава Валянціну Міронаву аштрафавалі, але сума штрафу пакуль невядомая. Жанчына трапіла пад масавы хапун сілавікоў 23-24 студзеня.