Таццяну Севярынец аштрафавалі на астранамічную суму
Жыхарку Віцебска Таццяну Севярынец па выніках разгляду адміністрацыйнай справы аштрафавалі на 135 базавых велічынь. На сёння гэта 5.400 рублёў. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Нагадаем, пра затрыманне маці палітзняволенага Паўла Севярынца стала вядома 9 студзеня. Пасля затрымання жанчына трапіла ў бальніцу, а пазней яе адпусцілі дадому, уручыўшы пазоў у суд. Супраць жанчыны склалі два пратаколы: за «Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП) і «Несанкцыянаванае пікетаванне» (арт. 24.23 КаАП).
Сёння, 25 студзеня, у судзе Першамайскага раёна Віцебска разглядзелі справу Таццяны. Вынікам стаў штраф памерам у 5 400 рублёў (135 базавых велічынь).
У жніўні 2021 года маці палітвязня Паўла Севярынца пагражалі крымінальнай справай. Да яе прыходзіў міліцыянт, каб папярэдзіць яе пра існаванне крымінальнага артыкула №342, які прадугледжвае адказнасць за «арганізацыю або падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях».
Візіт быў выкліканы тым, што раней Таццяна Севярынец была некалькі разоў пакарана штрафамі за ўдзел у так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Супрацоўнік міліцыі папярэдзіў, што актывістку будуць прыцягваць да адказнасці ўжо не за адміністрацыйнае правапарушэнне, а за крымінальнае злачынства.
З падобнымі папярэджаннямі пра крымінальную адказнасць міліцыянты тады прыходзілі і да іншых віцебскіх актывістаў. Пераважна да тых, якія праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю менавіта пасля 9 жніўня 2020 года.
Глядзіце таксама

13 студзеня 2021 года ў лесе пад Віцебскам была затрымана кампанія жанчын: Таццяна Севярынец, Людміла Камінская, Людміла Валадкевіч, Алена Коснава, Тамара Ільіна і Раіса Кухто. Таццяна Севярынец хацела правесці для іх майстар-клас па скандынаўскай хадзе.
Жанчын даставілі ў Першамайскі РАУС. На ўсіх склалі пратаколы па артыкуле 23.34 КаАП і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце «з бел-чырвона-белым палотнішчам».
19 студзеня суд Першамайскага
раёна Віцебска разгледзеў адміністрацыйную справу жанчын. У выніку суддзя
Вераніка Барысава спыніла справу — за недаказанасцю віны гараджанак — і
выбачылася перад імі.