Хронікі рэпрэсій. Музыкам Nizkiz пагражае да пяці гадоў зняволення

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 17 студзеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

ГУБАЗіК апублікаваў новае відэа з затрыманымі музыкамі гурта Nizkiz

Музыкаў вымусілі сказаць, што яны «выйшлі на вуліцу для ўдзелу ў беспарадках і спявалі песні для пратэстуючых, у тым ліку для Белсат», і што яны «бліжэйшыя 5 гадоў будуць спяваць у месцах пазбаўлення волі».

Затрыманых таксама прымусілі праспяваць радок са сваёй знакамітай песні «Правілы», кліп на якую знялі падчас акцый пратэстаў.

У Беларусі працягваюць судзіць за Маршы 2020 года

Стала вядома, што 22 снежня 2023 году паводле «народнага» 342-га артыкула Крымінальнага кодэксу асудзілі электрамеханіка Уладзіслава Бандарэнку. Прысуд — 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — «хатняй хіміі». Да суду ён знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі ў залі суда.

Справу разглядала суддзя Таццяна Пірожнікава.

Згодна з версіяй абвінавачання, Бандарэнка «рухаўся па праезнай частцы па праспекту Незалежнасці ў горадзе Мінску, блакаваў і перакрываў шлях транспартным сродкам».

Уладзіслаў прызнаў віну і распавёў, што прыехаў на станцыю метро Няміга, каб далучыцца да іншых пратэстоўцаў і ўзяць удзел у Маршы.

У судзе Ленінскага раёна Мінска 28 снежня быў вынесены чарговы прысуд па «народным» артыкуле: за ўдзел у пратэсным маршы ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса судзілі барменшу Маргарыту Ермаліцкую. Справу разглядала суддзя Юлія Шчоткіна.

Маргарыту апазналі па фотаздымках, размешчаных на адным з сайтаў, і затрымалі зусім нядаўна — 7 снежня 2023 года.

Па матэрыялах абвінавачання, Маргарыта Ермаліцкая 23 жніўня 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі горада Мінска, далучылася да мітынгоўцаў у раёне плошчы Леніна, пасля чаго ўсе разам прайшлі па праспекце Незалежнасці да Стэлы. Суд прызначыў ёй 2,5 года «хатняй хіміі».

Брэст: сілавікі паказалі відэа з прадпрымальнікам, які перавёў фондам BYSOL і «Краіна для жыцця» 60 еўра

На міліцэйскім відэа твар мужчыны зарэтушаваны. Берасцеец прадставіўся Андрэем Дзмітрыевічам. Прозвішча ў роліку абрэзана.

Мужчына заяўляе, што з 2020 года пераводзіў грошы «экстрэмісцкім арганізацыям»: BYSOL і «Краіне для жыцця». Пераводы рабіў праз PayPal і Фэйсбук.

У Мінску 18 студзеня пачнецца суд над фотажурналістам Аляксандрам Васюковічам

Інфармацыя пра гэта апублікаваная на партале электроннага судаводства.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, сёння ў няволі па палітычна матываваных справах знаходзяцца 34 прадстаўнікі СМІ. За кратамі і два аўтара «Новага Часу”: Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок.

Сына пісьменніка Сяргея Антонава абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі

Арцёму Антонаву — сыну пісьменніка Сяргея Антонава — выставілі абвінавачанне ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (артыкул 368 КК).

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, яго затрымалі ў Быхаве ў сярэдзіне снежня 2023 года.

У снежні пісьменнік правёў двое сутак у ІЧУ, пасля чаго пакінуў Беларусь.

Сяргей Антонаў — журналіст і пісьменнік-фантаст, аўтар шэрагу кніг серыі «Сусвет Метро 2033», уласны карэспандэнт газеты «Прыватны дэтэктыў», член Расійскага саюза пісьменнікаў.

«Сусвет Метро 2033» — літаратурная серыя, куды ўваходзяць раманы і апавяданні розных аўтараў. Усе яны дапаўняюць творы расійскага пісьменніка Дзмітрыя Глухоўскага» Метро 2033», «Метро 2034» і «Метро 2035».

У Брэсце мужчыну асудзілі за каментар

12 і 15 студзеня суд Маскоўскага раёну Брэста разглядаў справу супраць Аляксандра Хведарука. Яго абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу («Абраза прадстаўніка ўлады«»«»»). Суддзёй па справе была Марыя Аліферук.

Паводле версіі абвінавачання, Хведарук пакінуў каментар пад відэа Акадэміі МУС, якое 5 лістапада 2022 году са сваім подпісам апублікаваў тэлеграм-канал «Беларусь за МКАДам». На ім выкладчыцы і курсанткі Акадэміі чытаюць вершы Кацярыны Даўлатавай «Мужчынам не проста».

Згодна з версіяй абвінавачання, у сваім каментары Аляксандр публічна абразіў жанчын. Дзве выкладчыцы з роліка падалі да Хведарука пазоў «аб кампенсацыі маральнай шкоды» па 2000 рублёў кожная.

Дырэктара гомельскага лялечнага тэатру асудзілі за «экстрэмізм»

Як паведамляе «Гомельская Вясна», адміністрацыйную справу дырэктара гомельскага тэатру лялек Дзмітрыя Гарэліка паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») разглядала суддзя Сакалова Ганна ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля. 

Праваабаронцам пакуль не вядома, што стала падставай для абвінавачанняў і які вырак вынесла Сакалова. Але з сайту Гомельскага лялечнага тэатру прозвішча Дзмітрыя Гарэліка пакуль не знікла — ён усё яшчэ пазначаны як дырэктар. 

Дзмітрый Гарэлік кіруе тэатрам з 1 чэрвеня 1992 года. У 2023 годзе тэатр адзначыў сваё 60-годдзе. 

Перад выбарамі ў БДУ ідзе новая хваля рэпрэсій супраць выкладчыкаў

Пра гэта каналу «Позірк» паведаміла былая выкладчыца кафедры міжнародных адносін БДУ, кандыдат гістарычных навук, палітолаг Роза Турарбекава.

Паводле інфармацыі Турарбекавай, да восені 2023 года толькі з БДУ было звольнена каля 100 дацэнтаў і прафесараў.

Вынікам рэпрэсій яна назвала «колькаснае і якаснае скарачэнне высокапрафесійных кваліфікаваных кадраў», у першую чаргу тых, хто мае навуковую ступень.

Жыхару Докшыцкага раёна прызначылі грамадскія працы за «экстрэмізм» у сацсетках

Старшыня суда Докшыцкага раёна суддзя Вячаслаў Елісеенка за падпіскі ў сацыяльнай сетцы на «экстрэмісцкія» інфармацыйныя рэсурсы прысудзіў пакаранне ў выглядзе грамадскіх прац на тэрмін 40 гадзін рабочаму дзяржаўнага прадпрыемства Сяргею Карыпанаву.

У судовым пасяджэнні быў зачытаны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, у якім гаварылася пра тое, што Сяргей на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» захоўваў славеснае абазначэнне тэлеканала «БелСат» у выглядзе яго лагатыпа і спасылкі на іншыя інфармацыйныя рэсурсы, якія раней унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судзе мужчына сваю віну прызнаў поўнасцю і выказаў згоду на прымяненне да яго адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе грамадскіх прац.