Хронікі рэпрэсій. У Мінску асудзілі супрацоўніка мытні і авіяканструктара

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра крымінальны пераслед у Беларусі за 18 студзеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

У судзе Ленінскага раёна Мінска 21 снежня 2023 года асудзілі супрацоўніка мытні Віталія Пупіна паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса.

Суддзя Марына Клімчук прызначыла Віталю два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Асноўнымі доказамі па справе з'яўляюцца фотаздымак з аднаго з маршаў ў 2020 годзе, даныя мабільнага аператара аб знаходжанні абаненскага нумара і паказанні Віталя. Падчас вобшуку дома ў супрацоўніка мытні вынялі майку фіялетавага колеру, у якой яго апазналі на фотадымку з пратэсту. Пасля прысуду майку вярнулі.

У судзе Ленінскга раёна Мінска 20 снежня 2023 года асудзілі авіяканструктара Уладзіслава Лагойку паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла Уладзіславу два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў Маршы новай Беларусі 20 жніўня 2020 года і выхадзе на праезную частку. Яго апазналі па фотаздымку ў інтэрнэце, а таксама праз даныя мабільнага аператара аб знаходжанні абаненцкага нумара Лагойка ў месцы пратэсту.


Глядзіце таксама

Сталі вядомыя падрабязнасці пра суд, які адбыўся яшчэ 3 кастрычніка 2023 года ў судзе Савецкага раёна Мінска. Мікалая Самахвала прызналі вінаватым паводле арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і асудзілі да 1 года «хатняй хіміі». Прысуд агучыў Аляксандр Воўк.

Згодна з версіяй абвінавачання, Мікалай выказаў непрыстойны каментар у бок Лукашэнкі ў прысутнасці жонкі і судовых выканаўцаў, якія зайшлі да іх у кватэру задаць пытанні пра суседзяў. Выказванне нібыта было ненарматыўным і зневажала гонар і годнасць Лукашэнкі, а таксама негатыўна ацэньвала яго.

Мужчына не прызнаў віну на судзе. Ён сказаў, што быў дома з жонкай, калі прыйшлі дзве дзяўчыны ў форменным абмундзіраванні, каб запытацца пра суседзяў. Калі яны сыходзілі, ён праз эмоцыі сказаў фразу, але ніякім чынам не адносіў яе да Лукашэнкі — яна датычылася таго, што трэба мяняць сістэму агулам.

Былы магілёўскі блогер і журналіст Алесь Сабалеўскі прызнаны палітвязнем. Раней ён супрацоўнічаў з шэрагам незалежных рэгіянальных выданняў.

Яго затрымалі ў Магілёве 12 снежня, а пасля двойчы арыштоўвалі паводле адміністрацыйных спраў. Пасля стала вядома, што Алеся перавялі ў следчы ізалятар турмы № 4 Магілёва і на яго заведзена крымінальная справа.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, крымінальны пераслед Сабалеўскага можа быць звязаны з прызнаннем экстрэмісцкімі фармаваннямі рэгіянальных медыярэсурсаў — YouTube-канала 6TV Belarus, інфармацыйнага сайт «Магілёў. Media» («Навіны Магілёўскага рэгіёна»).

Вярхоўны суд 5 студзеня разгледзеў апеляцыйныя скаргі палітзняволеных музыкаў вядомага беларускага гурта TORBAND, чые песні сталі сімвалам пратэсту ў 2020 годзе. Судовая калегія пад старшынствам суддзі Таццяны Васілевіч пакінула прысуд без зменаў, а скаргі — без задавальнення.

Нагадаем, у Гомелі ў кастрычніку агучылі прысуд па справе гурта «Tor Band»: Яўгену Бурло прызначылі восем гадоў калоніі, Дзмітрыю Галавачу — дзевяць гадоў калоніі, а Андрэю Ярэмчыку — сем з паловай гадоў калоніі. Усім узмоцнены рэжым і яшчэ па 100 базавых велічыняў штрафу. У залежнасці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.


Глядзіце таксама

16 студзеня у горадзе Драгічыне і вёсцы Сварынь былі жорстка затрыманы мінімум шасцёра мужчын. Афіцыйнай нагодай для вобшукаў стаў нібыта пошук зброі. Вобшукі праходзілі брутальна: зрывалася падлога і навясныя столі ў дамах, выбіваліся вокны ў машынах.

Паводле крыніцы, адзін з затрыманых доўга ляжаў на вуліцы на зямлі ды сыходзіўся крывёю. Пазней яго даставілі ў рэанімацыю. Які далейшы лёс мужчыны, нам невядома.

Паводле суразмоўцаў праваабаронцаў, мужчын аб'ядноўвае тое, што яны займаюцца прымежным гандлем («чаўночным бізнесам»). Памеры іх абароту сур'ёзныя, бізнес пераходзіў людзям яшчэ ад бацькоў. І КДБ нібыта магло захацець падпарадкаваць сабе гэтую дзейнасць.

Па стане на ўчора мінімум 1 з затрыманых ужо быў вызвалены.

У Мінску затрыманы Ягор Клімовіч, які падчас пратэстаў даў інтэрв'ю каналу Навальнага. Ва ўдзеле ў акцыях пратэста яго і абвінавачваюць.

У Гродне затрыманы мясцовы жыхар. Яго імя не называецца, вядома толькі, што яго вінавацяць ў распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і ўдзеле ў акцыях пратэсту.


Глядзіце таксама

У «спіс тэрарыстаў» унеслі яшчэ чатырох беларусаў. Гэта 37-гадовы палітвязень Віталь Коршун, 44-гадовы Аляксандр Пелеш, 50-гадовы Віктар Баркет і 35-гадовы Дзмітрый Гут.

Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1163 чалавекі, з іх 404 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1172 пазіцыі, аднак 9 чалавек з яго былі выдаленыя раней).

У Беларусі чарговае папаўненне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У яго трапілі тэлеграм-каналы і чаты «Смоленская Республика (Смаленская Рэспублiка)», «Дом Творцаў», «МЫ НЕ ХОЛОПЫ», «Чат канала Мировые Конфликты», «Partyzanka ИНФО», «BYSOL: выезд и эвакуация», інстаграм-старонкі «vote.belarus», «bsdpbrest», «Новы канал», фэйсбук-старонка «Bulbamovie», ютуб-каналы «Першы Рэгiён», «Пра Віцебск / Новости Витебска», «Маяк Беларускі \ Навіны рэгіёнаў», «НОВЫ», сайт выдання Bgmedia.site, старонка ў «Аднакласніках» «Belarusian truth», цікток-старонкі «History_bel_zxv», «Вольны рух», «Patryjot Biełarusi», «uabnovuslt».