Хронікі рэпрэсій. Працягваецца пераслед актывістак руху Маці-328

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 15 студзеня.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1_logo_1.webp

Міліцыя працягвае пераслед актывістак матчынага руху. Пасля Новага года іх зноў абтэлефаноўваюць, выклікаюць на допыты і правяраюць тэлефоны. Сілавікі спрабуюць выявіць адміністратараў сацсетак і тэлеграм-каналаў, якія аб'ядноўваюць сваякоў асуджаных, паведамляе Mayday.team.

5 снежня супрацоўнікі міліцыі прымусілі ліквідаваць вайбер-чат грамадзянскай ініцыятывы «Маці 328», у якім размаўлялі сваякі асуджаных за нарказлачынствы. Цяпер жа яны вядуць пошук тых, хто ў гэтым чаце быў. Сілавікоў цікавяць далейшыя планы сваякоў асуджаных.

Паралельна ідзе ціск і на адміністратараў іншых пляцовак. Так, прымусілі выдаліць чат мазырскай папраўчай калоніі №20. Сілавікі вылічылі адміністратара, і аператыўны работнік прыгразіў рэпрэсіямі сваяку, які знаходзіцца ў зняволенні.

Вядома, што ў чэрвені мінулага года, пасля сустрэчы з «Маці-328» на выязным прыёме генпракурора Андрэя Шведа, апошні запатрабаваў завесці крымінальную справу па факце ўцечкі інфармацыі ў паблікі і СМІ, якія цяперашні рэжым незаконна абвясціў «экстрэмісцкімі».

За «экстрэмізм у сацсетцы» аштрафавалі намесніцу дырэктара каледжа

Суддзя суда Браслаўскага раёна Вольга Пракопчык 8 снежня за распаўсюд «экстрэмізму» ў сацыяльнай сетцы аштрафавала на 925 рублёў намесніцу дырэктара па вучэбна-вытворчай працы Відзаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Людмілу Капусту, але вядома пра гэта стала толькі зараз, піша «Віцебская вясна».

На судовым пасяджэнні высветлілася, што Людміла Капуста ў асабістым профілі ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» размясціла і захоўвала інфармацыйную прадукцыю групы «Радыё Свабода-Беларусь», уключаную ў рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

У сувязі з тым, што жанчына прызнала сваю віну, суддзя Пракопчык на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП пакарала жанчыну штрафам у даход дзяржавы на суму 925 рублёў.

Супраць магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага завялі крымінальную справу

Супраць Магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага завялі крымінальную справу, піша MAYDAY TEAM. Паводле звестак праваабаронцаў, справа заведзеная паводле артыкула аб садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці. Падрабязнасцяў крымінальнай справы няма.

Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, цяпер ён знаходзіцца ў следчым ізалятары турмы №4 Магілёва. Яго перавялі туды пасля двух адміністрацыйных арыштаў.

Алеся Сабалеўскага затрымалі на працы 12 снежня і змясцілі ў ІЧУ. Па якім артыкуле яго асудзілі на 10 сутак і што стала падставай для затрымання — невядома. Пасля адбыцця пакарання блогер не выйшаў на волю, яго асудзілі па артыкуле аб распаўсюдзе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП).

Сабалеўскага ўжо затрымлівалі ў студзені 2022 года. Тады ў яго кватэры правялі ператрус.

Сілавікі затрымалі беларуса, які з 2009-га жыве ў Польшчы і на Каляды прыехаў у Беларусь

Відэа з затрыманым апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

У сацсетках затрыманы мужчына падпісаны, як Аляксандар Мазец, паведамляе «Медиазона». Ён скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт і зьяўляецца адным з заснавальнікаў фірмы NapinanaPolska, якая займаецца адстройваньнем і рамонтам кватэр.

На камеру мужчына кажа, што з 2009 году пражывае ў Польшчы, з 2017 году мае польскі дазвол на жыхарства. Шостага студзеня ён з сямʼёй прыехаў у Беларусь, дзе яго затрымалі за распаўсюд нібыта «экстрэмісцкіх» матэрыялаў і ўдзел у пратэстах у 2020 годзе.

Паводле якога артыкулу затрымалі мужчыну і дзе ён зараз знаходзіцца, невядома.

Былы магілёўскі журналіст Яўген Глушкоў знаходзіцца ў ізалятары

Сувязь з журналістам прапала 4 студзеня.

Сілавікі затрымалі былога магілёўскага журналіста і відэааператара Яўгена Глушкова, цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ, распавёў «Медыязоне» знаёмы затрыманага.

Пра тое, што Глушкоў даўно не выходзіць на сувязь і можа быць затрыманы, паведамілі праваабаронцы з Mayday Team. Глушкоў звязваўся са знаёмымі 4 студзеня, пасля гэтага ён знік — дома ён не з'яўляўся, нікому не пісаў і не стэлефаноўваўся.

Па словах знаёмага, Глушкоў жыў адзін, з жонкай і сынам кантакт апошні час не падтрымліваў. Затрымалі мужчыну 4-5 студзеня.

Як Глушкова выводзяць міліцыянты, бачылі суседзі затрыманага. Яшчэ адзін знаёмы былога журналіста распавёў, што Глушкоў цяпер пад следствам. Пра гэта жонку затрыманага апавясціў следчы.

Па якім артыкуле ў дачыненні да Глушкова распачатая справа — невядома.

Яўген Глушкоў — былы магілёўскі журналіст, у 1990-я і 2000-я працаваў на гарадскім тэлебачанні, пасля гэтага супрацоўнічаў з рознымі гарадскімі парталамі.

Мінчанку затрымалі з-за яе сумеснай фатаграфіі з малой дачкой. У руках у дзяўчынкі быў БЧБ-сцяжок 

Відэа маці ў кайданках 15 студзеня апублікаваў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал, заўважыла «Люстэрка».

У роліку жанчына сказала, што ў 2020 годзе гуляла з дзіцем па горадзе.

— З-за гэтага мяне і затрымалі. У нас няма ніякіх ні сцягоў, ні расцяжак, ні плакатаў. Наогул нічога.

— А што ў дзіцяці падчас гулянняў вашых у руках на фатаграфіі? — спытаў мужчына са змененым голасам.

— Маё дзіця зафіксаванае з чырвона-белым сцягам з канём. Абвінавачваюць па артыкуле … — прымусілі сказаць пад запіс жанчыну.

Прапагандысты абвінавацілі жанчыну ў перакрыцці дарог і ўдзеле ў вулічных маршах. Які яе працэсуальны статус і ці знаходзіцца яна дагэтуль за кратамі — невядома.

Стала вядома пра затрыманні ў аграгарадку Моталь

Праваабаронцы “Вясны" атрымалі інфармацыю пра "хапун" у аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна Берасцейскай вобласці. Паведамляецца, што затрыманні закранулі мясцовыя прадпрыемствы, асабліва мясны цэх.

Дакладная колькасць затрыманых высвятляецца — праваабаронцам вядома пра як мінімум 4 чалавек.