Хронікі рэпрэсій за 12 лютага
Чарговы «хапун» у Баранавічах і першы дыстанцыйны суд па «Вайберы» — такія навіны сённяшняга дня знутры краіны.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1187 дзён, Дзяніс — 1067 дзён.
***
Сілавікі зрабілі справаздачу аб выніках чарговага рэйду ў Баранавічах, піша «Зеркало».
Аўтары праўладнага ТГ-канала сцвярджаюць, што «ўзялі порцыю ўдзельнікаў беспарадкаў пад бчб-сцягамі».
У роліку паказалі чацвярых затрыманых. У відэа таксама прадэманстравалі моманты затрыманняў.
У чым менавіта абвінавачваюць затрыманых мужчын, сілавікі не паведамілі.
***
9 лютага суд Барысаўскага раёна аштрафаваў маці экс-палітвязня Анатоля Хіневіча за дапамогу, атрыманую ад ініцыятывы «INeedHelpBY», на 800 рублёў, піша «Вясна». Беларуску судзілі па артыкуле аб парушэнні заканадаўства аб замежнай дапамозе (ч.2 арт.24.15 КаАП).
Аксана Хіневіч з'ехала з Беларусі пасля студзеньскага рэйду сілавікоў. 23 студзеня жанчыну затрымалі і аштрафавалі на 10 базавых велічынь.
Пасля гэтага супраць беларускі склалі яшчэ адзін пратакол, які адправілі для азнаямлення праз «Вайбер». Згодна з ім, Хіневіч звязалася з ініцыятывай «INeedHelpBY» і ў перыяд з лютага 2022 да красавіка 2023 года атрымала і выкарыстала дапамогу ў выглядзе «таварна-матэрыяльных каштоўнасцей», набытых у інтэрнет-краме «Еўраопт».
Суд над жанчынай прайшоў праз «Вайбер». У выніку беларуску аштрафавалі на 20 базавых велічынь і пастанавілі выплаціць кампенсацыю ў памеры атрыманай дапамогі.
***
Лідчук на ўласным будынку майстэрні напісаў «Жыве Беларусь». Суд палічыў гэта «пікетаваннем» без дазволу ўладаў — паводле арт. 24.23 ч. 1 КаАП і пастанавіў аштрафаваць лідчука на 20 базавых велічынь (800 рублёў). Мужчына прызнаў віну.
***
Мінінфарм заблакаваў доступ да сайта devby.io, паведаміла сама рэдакцыя. Пры спробе зайсці на партал карыстальнік бачыць паведамленне аб абмежаванні доступу.
З чым звязанае блакаванне, аўтары праекта пакуль не ведаюць. «Мы зрабілі запыт у Мінінфарм, каб даведацца прычыну блакавання. Чакаем», — расказалі яны. Даменнае імя devby.io не ўнесена ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Партал devby працуе з 2008 года. Ён расказвае пра беларускую IT-індустрыю і людзей, звязаных з ёй.
***
Афіцыйная прадстаўніца УСК па МінскуКацярына Гарлінская расказала, што летась у Мінску было распачата 2580 крымінальных спраў, звязаных з «экстрэмізмам».
Паведамляецца, што толькі згодна з ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») падазраванымі прызнаныя 1003 чалавекі.
За «абразу Лукашэнкі» таксама распачата больш за 1000 крымінальных спраў.
***
У судзе Ленінскага раёна Мінска 17 студзеня 2024 года асудзілі Сняжану Марозаву паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла Сняжане два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»), піша «Вясна».
Мінчанку абвінавацілі ва ўдзеле ў пратэснай акцыі ў Мінску ў 2020 годзе і выхадзе на праезную частку. Як паведамляецца ў судовай пастанове, «жанчына выкарыстоўвала ў якасці пратэснай сімволікі палотнішча бел-чырвона-белага колеру і выкрыквала лозунгі». Сняжана цалкам прызнала віну і паведаміла, што разам з іншымі пратэстоўцамі несла вялікі бел-чырвона-белы сцяг.
Жанчыну апазналі па фотаздымку з інтэрнэту. Падчас вобшуку ў яе вынялі байку і джынсы, у якіх мінчанка была на пратэснай акцыі. Пасля абвяшчэння прысуду Сняжану вызвалілі ў залі суда.
Сняжана Марозава мае вышэйшую адукацыю і працуе прадаўцом-кансультантам у таварыстве з абмежаванай адказнасцю.
***
9 лютага 36-гадовы мінчук на вуліцы Прытыцкага ўдарыў кулаком у агітацыйны перадвыбарчы стэнд. Следчыя завялі крымінальную справу паводле артыкула аб хуліганстве (ч. 1 арт. 339 КК), паведамляе Следчы камітэт.
Паводле інфармацыі ведамства, мужчына быў п'яным. Беларуса затрымалі, цяпер з ім праводзяць следчыя дзеянні. Матывы свайго ўчынка абвінавачаны патлумачыць не змог.
***
Сталі вядомыя падрабязнасці крымінальнай справы ў дачыненні да былога аператара і тэлежурналіста з Магілёва Яўгена Глушкова.
Паводле інфармацыі MAYDAY TEAM, яго затрымалі на пачатку студзеня пры дапамозе штурму, паколькі мужчына не адчыніў дзверы сілавікам. Яго выцягнулі на вуліцу проста ў тым адзенні, у якім ён знаходзіўся дома.
Паводле некаторых звестак устаноўлена, што крымінальная справа заведзеная ў дачыненні да Глушкова за журналісцкую дзейнасць. Меркаваны артыкул — 361-1 КК («Стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні»).
***
Як паведамляе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, на сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 375 дзён, Максіма Знака — 368 дзён, Мікалая Статкевіча — 367 дзён, Ігара Лосіка — 358 дзён, Віктара Бабарыкі — 293 дні, Сяргея Ціханоўскага — 223 дні, Уладзіміра Гундара — 192 дні.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1417 палітвязняў.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзіцца 1612 чалавек. Сярод іх — 186 жанчын і 6 непаўнагадовых. 19 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.