Крыміналка — натуральнае наступства грамадскай публічнай дзейнасці ў Беларусі

Спалучэнне дзвюх дыктатур, якія аб’ядналіся ў пераследзе актыўных людзей. Няўжо заўтра пачнуць адпраўляць беларусаў у Варкуту і Магадан?

_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo_1.jpg

У базе МУС Расіі на вышук знаходзяцца не толькі еўрапейскія палітыкі. Агулам там і 3186 грамадзян ды ўраджэнцаў Беларусі,  нагадвае «Свабода».  

Хто гэтыя людзі?

Добраахвотнікі, што ваююць на баку Украіны, праваабаронцы, журналісты і блогеры.

  • Добраахвотнікі-беларусы

У спісе асоб, якіх шукае МУС Расіі, знаходзяцца тысячы замежных грамадзян. Незалежнае расійскае выданне «Медиазона» высветліла імёны 396 чалавек з 36 краін свету, якія змешчаныя ў базу з відавочна палітычных матываў,

Так, кіраўнік Следчага камітэту Расі Аляксандр Бастрыкін у лютым гаварыў пра справы, заведзеныя супраць 593 іншаземцаў, якія прадстаўляюць 46 краін. «Арыентуючыся на падраздзелы МУС Масквы, мы выявілі ў вышуку больш за 700 іншаземцаў, якія наўрад ці апынуцца ў Расіі, але тым не менш знаходзяцца тут пад следствам з відавочна палітычных матываў», — піша выданне.

У базе ёсць некалькі тысяч беларусаў, многія з іх фігуравалі раней у так званым «спісе Рыбара», які падаваў імёны добраахвотнікаў на баку Украіны ў вайне. У базе імёны некалькіх каліноўцаў: гэта Дзяніс Прохараў, Вадзім Кабанчук, Ян Мельнікаў, Дзяніс Урбановіч і іншыя.

Ёсць у спісе і загінулыя байцы Павал Горбач і Эдуард Лобаў.

Акрамя іх, у крымінальным вышуку знаходзяцца Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў, якія ваявалі за Украіну і трапілі ў расійскі палон яшчэ ў чэрвені 2022 года.

Сярод замежных добраахвотнікаў украінскага войска ў вышуку больш за ўсё грамадзян Грузіі — 100 чалавек. Грамадзян Вялікай Брытаніі — 93, беларусы — на трэцяй пазіцыі.

  • Журналісты і блогеры

Ёсць блогеры — Сяргей Бяспалаў, кіраўнік Nexta Сцяпан Пуціла і ягоны былы паплечнік Ян Рудзік.

У расійскай базе знаходзяцца як мінімум два галоўныя рэдактары беларускіх незалежных СМІ: Павал Свярдлоў з «Еўрарадыё» і Святлана Гарда з Media-Polesye. Таксама ў вышуку дырэктар Malanka.Media Павал Марыніч і вядоўца Кацярына Ерусалімская.

Акрамя таго, у спісе знайшліся журналісты Яўген Валошын, Ганна Любакова, Алена Шабуня, пераможца World Press Photo Надзея Бужан, рэдактар orsha.eu Ігар Казмерчак, паліталягіня Кацярына Шмаціна.

  • Палітыкі

У спіс трапілі прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінету Валер Сахашчык і Вольга Гарбунова, экс-амбасадар у Аргенціне і сябра НАУ Уладзімір Астапенка, дарадцы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і Франак Вячорка.

Сама Ціханоўская ў спісе была, але затым з невядомых прычын яе адтуль прыбралі.

  • Праваабаронцы

Расійскі МУС шукае і беларускіх праваабаронцаў, якія фіксавалі парушэнні правоў чалавека і Канстытуцыі Беларусі. Гэта прадстаўнікі «Вясны» Наталля Сацункевіч, былыя палітзняволеныя Леанід Судаленка і Марыя Тарасенка.

Таксама ў вышуку гродзенскі праваабаронца Уладзімір Хільмановіч і асуджаны да 8 гадоў калоніі завочна Зміцер Салаўёў.

Глядзіце таксама

Як праваабаронцы паставіліся да трапляння ў базу вышуку МУС Расіі?

«Вясна» запытала, як праваабаронцы паставіліся да гэтай навіны?

  • Наталля Сацункевіч, праваабаронца ПЦ «Вясна»:

«Я ведаю ўжо даўно пра ўзбуджаную крымінальную справу супраць мяне. Хаця беларуская ўлада ніякіх папер мне дасылала і ніяк не інфармуе. Гэта тыповыя паводзіны, на жаль. У гэтых умовах немагчыма рэалізаваць права на абарону, напрыклад.

Я ўспрымаю крыміналку як натуральныя наступствы публічнай праваабарончай дзейнасці ў Беларусі зараз. Такая сітуацыя. Нагадваю сабе, што калегі і сябры за кратамі, а я толькі ў вышуку.

У мяне ёсць бясплатная парада для праваахоўных органаў Расіі: абвесціць у вышук сапраўдных злачынцаў. Тых, хто катаваў людзей у Беларусі ў жніўні 2020-га і робіць гэта цяпер. І тых, хто здзяйсняе ваенныя злачынствы на вайне ва Украіне».

  • Ігар Казмерчак, аршанскі праваабаронца і рэдактар сайта orsha.eu:

«Я ведаў, што гэта будзе, бо следчая, якая займалася маёй справай на пачатку, казала, што будзе падаваць мяне ў міждзяржаўны вышук, таму окей. Цяпер я ні ў Беларусь, ні ў Расію не ўязджаю».

  • Марыя Тарасенка, праваабаронца, актывістка, валанцёрка:

«Калі я выехала за межы Беларусі, то я да гэтай навіны стаўлюся вельмі нейтральна. Бо гэта чарговы маразм, які дэманструюць мала таго, што ўлады Беларусі, так за імі яшчэ пацягнуліся ўлады Расіі. Гэта такое спалучэнне дзвюх дыктатур, якія аб’ядналіся ў пераследзе актыўных людзей. Людзей, якія выступаюць супраць гэтых дыктатур, супраць вайны. І таму ім зручна разам ажыццяўляць пераслед сумленных людзей».

  •  Леанід Судаленка, праваабаронца і былы палітвязень:

«Цягам жыцця мяне ніколі і нічога не звязвала з Расійскай імперыяй! Хіба толькі пасля выхаду з турмы, калі дзякуючы адсутнасці мяжы я змог праз яе межы выехаць у краіны Еўрасаюза. Бо “экстрэмісты” ад улады нават пасля вызвалення працягвалі ў маім дачыненні рэпрэсіі. Яны праз 100 дзён пасля ад'езду распачалі новую крыміналку, бо ведаюць, калі мяне і такіх, як я, пакінуць у спакоі, тады па экстрэмісцкіх артыкулах у турмы прыйдзецца ехаць ім. 

Тое, што сёння робяць гэтыя людзі ў пагонах і мантыях, інакш як экстрэмізмам не назваць, яны вяртаюць нас да самых горшых практык часоў СССР. Заўтра яны пачнуць адпраўляць беларусаў у Варкуту і Магадан, бо месцаў у беларускіх турмах на ўсіх не згодных дакладна не хопіць. 

Увогуле, сумна назіраць, як наша любімая краіна страчвае свой суверэнітэт. Сёння адзіныя крымінальныя ды ядзерныя базы, заўтра з’явяцца вайсковыя. Сумна ўсе гэта, але ж мы становімся сведкамі страты суверэнітэту. Вось аб чым мае думкі зараз. А што тычыцца расійскага вышуку, я не думаю, што з імі хтосьці ў Інтэрполе сур’ёзна будзе размаўляць пра рэпрэсіі ды палітычны пераслед!»

Франак Вячорка: Запыты ад Расіі і рэжыму Лукашэнкі не будуць успрымаць усур’ёз 

Галоўны дарадца дэмакратычнай лідаркі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, каментуючы з’яўленне свайго прозвішча сярод асоб, абвешчаных Расіяй у пошук, сказаў “Позірку”:

«Для мяне не было сюрпрызам трапіць у базу расійскага вышуку. Гэта нават гонар. У гэтай базе апынулася шмат годных людзей — журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў». Паводле яго слоў, расійскія ўлады «спадзяюцца, што сінхранізацыя базаў дапаможа ім распраўляцца з апанентамі».

«Будуць выкарыстоўваць інструменты міжнароднага вышуку. Але яны не разумеюць, што такім чынам проста дыскрэдытуюць сябе. Запыты ад Расіі і рэжыму Лукашэнкі не будуць успрымаць усур’ёз. Я думаю, гэта добрая нагода і для Інтэрполу пераглядзець свае працэдуры, калі яго сябры злоўжываюць міжнароднымі дамовамі»«»«», — падкрэсліў дарадца Ціханоўскай.

Паводле spring96.orgwww.svaboda.orgpozirk.online