Прэм'ер Эстоніі: «Калі маіх бабулю і маму дэпартавалі ў Сібір, КДБ таксама выдаў ордар на арышт»
МУС Расіі пачало абвяшчаць у вышук палітыкаў з еўрапейскіх краін былога сацблока. Да такой высновы прыйшлі журналісты «Медиазоны», якім удалося спампаваць усе карткі вышуку з базы расійскага ведамства.
Выданне «Медыязона» вывучыла ўсю базу вышуку расійскага МУС, у ёй ёсць дзясяткі еўрапейскіх палітыкаў, у тым ліку прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас.
Што адбылося?
Журналісты «Медыязоны» спампавалі з сайта МУС усю базу вышуку, якую вядуць расійскія праваахоўныя органы. Увесь набор даных выкладзены на Github, а пошук па базе даступны на сайце выдання.
Агулам на пачатак лютага 2024 года ў базе МУС утрымліваюцца больш за 96 тысяч картак. Журналісты вывучылі іх — і высветлілі, што ў Расіі абвешчаныя ў вышук дзясяткі еўрапейскіх палітыкаў, у тым ліку прэм'ер-міністр Эстоніі Кая Калас, а таксама высокапастаўленыя ўкраінскія вайскоўцы і меркаваныя «замежныя найміты» ва УСУ, піша meduza.io.
Пераважна сілавікі шукаюць грамадзян Расіі і краін былога СССР — на замежнікаў прыпадае ўсяго 2% ад агульнай колькасці картак.
Чвэрць з гэтых картак замацаваная за маскоўскімі УУС. Напрыклад, старшыню Міжнароднага крымінальнага суда Пятра Хофманьскага, які выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна, шукаюць ва УУС па Усходняй адміністрацыйнай акрузе, а прэс-сакратара кампаніі Meta Эндзі Стоўна, завочна арыштаванага па справе наконт садзейнічання тэрарызму, шукае УУС па Цэнтральнай адміністрацыйнай акрузе Масквы.
Усяго за маскоўскімі аддзеламі паліцыі замацаваныя карткі больш чым 700 замежнікаў. Самая шматлікая група шуканых — украінцы.
«Медиазона» выявіла ў гэтым спісе як мінімум 176 грамадзян Украіны, якіх завочна пераследуюць за ўдзел у вайне, блізкасць да ўладаў краіны ці нават за публічныя выказванні. Напрыклад, у расійскім вышуку знаходзяцца тры былыя міністры абароны Украіны, тры былыя галоўнакамандуючыя УСУ (у тым ліку Валерый Залужны), былыя дэпутаты Вярхоўнай Рады і іншыя чыноўнікі і генералы.
Сярод еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў расійскія следчыя абвясцілі ў вышук 59 з 68 дэпутатаў парламента Латвіі, якія прагаласавалі за выхад з дамовы з Расіяй аб захаванні мемарыялаў. Таксама ў расійскім вышуку апынуліся былая міністарка ўнутраных спраў Латвіі Марыя Голубева, міністр сельскай гаспадаркі Армандс Краўзэ, міністр фінансаў Арвілс Ашэрадэнс і міністарка юстыцыі Інэсэ Лібіня-Эгнэрэ. Журналісты мяркуюць, што ўсе яны былі абвешчаныя ў вышук у сувязі са зносам савецкіх помнікаў.
Падобная сітуацыя назіраецца і з Літвой. «Медиазона» выявіла, што расійскія ўлады абвясцілі ў вышук мэра Клайпеды Арвідаса Вайткуса, яго намесніка, 13 чальцоў гарадскога савета, а таксама чыноўнікаў і двух гісторыкаў, якія публічна падтрымалі знос. Пасля рашэння аб дэмантажы помніка савецкім салдатам у Вільні ў вышук трапілі шэсць дэпутатаў гарсавета, а таксама міністр культуры Літвы Сімонас Кайрыс.
Кая Калас: Расія заўсёды хавала рэпрэсіі за дзейнасцю так званых праваахоўных органаў
Найбольш высокапастаўленымі палітыкамі ў базе вышуку МУС РФ сталі дзяржсакратар Эстоніі Таймар Петэркоп і прэм'ер-міністр краіны Кая Калас. Прычым гэта першы выпадак у сучаснай гісторыі, калі ў вышук абвяшчаюць кіраўніка замежнага ўрада.
За што іх шукае расійская паліцыя, невядома. «Медиазона» мяркуе, што справы звязаныя з дэмантажом савецкіх манументаў у краінах Балтыі. Кіраўнік СКР Аляксандр Бастрыкін даваў даручэнне заняцца эстонскімі палітыкамі пасля таго, як у Нарве прыбралі помнік у выглядзе танка Т-34.
Здагадкі журналістаў пацвердзілі і ў Крамлі. «Гэта людзі, якія адказныя за рашэнні, якія фактычна здзекаваліся з гістарычнай памяці. І гэта тыя людзі, якія робяць варожыя дзеянні ў дачыненні і да гістарычнай памяці, і да нашай краіны», — заявіў прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.
Кая Калас у адказ заявіла, што «фіктыўны ордар на арышт» не прымусіць яе спыніць падтрымку Украіны ў вайне з Расіяй.
«Я заўсёды казала, што інструментар Расіі не мяняецца. На працягу ўсёй гісторыі Расія хавала рэпрэсіі за дзейнасцю так званых праваахоўных органаў. Я ведаю гэта з гісторыі маёй сям'і. Калі маю бабулю і маму дэпартавалі ў Сібір, КДБ таксама выдаў ордар на арышт», — напісала яна ў твітары.
Падчас Вялікай сакавіцкай дэпартацыі 1949 года ўлады СССР выслалі 95 тысяч грамадзянскіх з Эстоніі, Латвіі і Літвы, 15% з іх загінулі. Шасцімесячную маці Калас, Крысці, 27-гадовую бабулю цяперашняга прэм'ера Рыту Альвер і прабабулю выслалі ў Краснаярскі край.
Пра які ордар КДБ кажа прэм'ер Калас — не зусім зразумела, бо большая частка сям'і Калас належала да савецкай эстонскай эліты, адзначае выданне «Важные истории». Прадзед Каі Калас Эдуард Альвер камандаваў атрадамі самаабароны падчас вызваленчай вайны ў Эстоніі і быў высокапастаўленым сілавіком падчас незалежнасці краіны, але памёр у 1939 годзе, да анексіі Эстоніі СССР.
Прадстаўнік МЗС РФ Марыя Захарава абвінаваціла прадзеда Калас у «сувязях з Гітлерам», не звяртаючы ўвагі на тое, што Альвер камандаваў самаабаронай Эстоніі за 15 гадоў да прыходу нацыстаў да ўлады ў Германіі.
Таксама МУС РФ «шукае» мэра польскага горада Валбжых Рамана Шэлемея, дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы Караля Наўроцкага і намесніка міністра дзяржактываў Польшчы Караля Рабэнду.
Паводле storage.googleapis.com, meduza.io, zona.media