Хронікі рэпрэсій за 2 жніўня
За мінулы месяц сто працэнтаў фігурантаў «пратэсных» спраў былі асуджаны.
- За ліпень па «пратэсных» крымінальных справах асудзілі не менш за 52 чалавекі
Праваабаронцы «Вясны» прыводзяць несуцяшальныя даныя ліпеньскага маніторынгу палітычна матываваных крымінальных спраў у Беларусі:
- агулам прысудзілі 94 гады і 1 месяц пазбаўлення волі, 58 гадоў і 6 месяцаў «хатняй хіміі», 206 090 рублёў у якасці штрафаў;
- 73 чалавекі за месяц судзілі паводле «народнага» арт. 342 Крымінальнага кодэкса, яшчэ 5-ці грамадзянам гэты артыкул ставіўся поруч з дыфамацыйнымі артыкуламі;
- адзначаецца развіццё тэндэнцыі крымінальных рэпрэсій за данаты — 11 чалавек на працягу месяца судзілі па гэтай катэгорыі спраў;
- пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі і яе абмежаваннем, суды ўжывалі ў 100% выпадкаў асуджэння фігурантаў «пратэсных» спраў.
- Мінінфарм заблакіраваў сайт праекта «Plan B»
На мінулым тыдні сацсеткі праекта былі ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
- У Беларусі новае «экстрэмісцкае фарміраванне» — праект «daroha»
Адпаведнае рашэнне прынята МУС 2 жніўня. Там асобна пазначана прозвішча аўтара праекта — Руселіка Валерыя Віктаравіча.
- Фігурантам «справы «Рабочага Руху» пакінулі прысуд без змен
Вярхоўны суд 28 ліпеня разгледзеў апеляцыйныя скаргі палітвязняў. Рашэнне прымала судовая калегія пад старшынствам суддзі Уладзіміра Давыдава. Прысуд палітвязням пакінулі без змен. Хутка палітзняволеных перавядуць у калоніі.
Нагадаем, у Гомельскім абласным судзе 17 лютага вынеслі прысуд па «справе «Рабочага Руху». Дзесяць вязняў былі асуджаны на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калоніі. Іх усіх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, а таксама па шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Усе палітвязні не прызналі сваёй віны па справе.
Суддзя Аляксандр Піскуноў прызначыў ім наступныя тэрміны:
1. Сяргей Шэлест— 14 гадоў,
2. Уладзімір Жураўка — 15 гадоў,
3. Андрэй Пагярыла — 14 гадоў,
4. Ганна Аблаб — 11 гадоў,
5. Аляксандр Гашнікаў — 14 гадоў,
6. Сяргей Дзюба — 12 гадоў,
7. Ігар Мінц — 12 гадоў,
8. Валянцін Цераневіч — 12 гадоў,
9. Сяргей Шамецька — 12 гадоў,
10. Аляксандр Капшуль — 15 гадоў.
- Шматдзетнага бацьку арыштавалі на 5 сутак за распаўсюджанне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў
Суддзя суда Шаркаўшчынскага раёна Аксана Табола 19 ліпеня за распаўсюджанне «экстрэмісцкіх» матэрыялаў пакарала арыштам на пяць сутак мясцовага жыхара і шматдзетнага бацьку Уладзіміра Рынкевіча.
У судзе было ўстаноўлена, што Уладзімір размяшчаў, захоўваў і доўгі час распаўсюджваў у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» інфармацыю інтэрнэт-супольнасцей «STOP LUKA» і «Белсат», якія былі ўнесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Пры вынясенні пакарання суддзя Табола прыняла ў разлік, што «правапарушальнік» шчыра раскаяўся, а таксама тое, што ў яго на ўтрыманні маюцца малалетнія дзяцей, пішуць віцебскія праваабаронцы.
- За ўдзел у пратэстах затрыманы начальніка аддзела збыту
Імя затрыманага, верагодна, Артур Сергяенка.
На «палонным відэа» ён кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, далучыўся да плана «Перамога», а таксама дасылаў інфармацыю ў чат-бот Nexta. Сілавікі паведамляюць, што знайшлі яго па відэа з акцыі пратэсту.
- Анастасію Пер'яновіч асудзілі да 3 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у Маршах у 2020 годзе
Стала вядома, што ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска яшчэ 19 ліпеня да трох гадоў «хатняй хіміі» асудзілі палітзняволеную Анастасію Пер'яновіч. Яе абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту амаль тры гады таму.
Анастасія ўтрымлівалася пад вартай з 2 траўня. Пасля трох месяцаў утрымання ў жодзінскай турме яе вызвалілі ў зале суда.
Прысуд вынес Дзмітрый Лукашэвіч.
- Чарговы суд за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»
У Мінскім абласным судзе сёння распачынаецца суд над Таццянай Бізюк. Яе абвінавачваюць паводле ч.1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Справу будзе разглядаць суддзя Алена Міснік. Падрабязнасці справы праваабаронцам невядомыя.
Адметна, што паводле гэтага артыкула з чэрвеня 2022 года ў Беларусі асудзілі не менш за 65 чалавек на тэрміны ад двух і больш гадоў калоніі.
- У Мінску распачаўся суд за «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання»
У Мінскім гарадскім судзе 2 жніўня за «фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2 КК) пачынаюць судзіць Вадзіма Храсько. Справу будзе разглядаць Сяргей Хрыпач. У чым канкрэтна абвінавачваюць мужчыну, праваабаронцам невядома.
Згодна інфармацыі праваабаронцаў, паводле гэтага артыкула ў Беларусі асудзілі не менш за 23 чалавекі.
- За «зліў» даных супрацоўнікаў міліцыі Сяргея Еўдакіменку асудзілі на 7 гадоў калоніі
У Брэсцкім абласным судзе 31 ліпеня да 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі Сяргея Еўдакіменку. За перадачу даных супрацоўнікаў органаў унутраных спраў у тэлеграм-каналы берасцейца абвінавацілі ў «саўдзеле ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.6 арт. 16 і ч.3 арт. 130 КК). Прысуд вынес Андрэй Сіз.
Згодна з версіяй абвінавачання, «была незаконна распаўсюджана інфармацыя пра персанальныя даныя і асабістае жыццё пацярпелых, якая суправаджалася негатыўнай ацэнкай, што пацягнула паступленне ў бок пэўных асоб пагроз прымянення гвалту і абраз, што значна падвысіла ступень грамадскай небяспекі здзейсненага і з'явілася іншымі цяжкімі наступствамі».
У судовым пасяджэнні Сяргей Еўдакіменка віны не прызнаў.
- Музыкам «TOR BAND» пагражае да 12 гадоў
Склад крымінальных артыкулаў следчыя ўбачылі ў песнях «TOR BAND». Па іх песнях праходзілі экспертызы. На гэты момант следства скончана. Мяркуецца, што працэс пачнецца ў верасні.
«Пры вобшуку музыкам паказалі «дакумент», што іх творчасць прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ ў жніўні 2022 года. Гэта зрабілі задняй датай. Потым пакаралі «суткамі». У пратаколах было напісана, што Дзмітрый Галавач уздзейнічаў з дапамогай гітары, у полі».
«Практычна з першага дня ў СІЗА Яўгена Бурло трымалі ў медчастцы. У яго праблемы з суставамі. Ён перасоўваецца толькі на мыліцах. На адну нагу не можа ступаць нават на іх. Яму аказваюць медычную дапамогу. Такую, якая можа быць у тых умовах. Цяпер рыхтуюцца дакументы, каб ён атрымаў інваліднасць».
- На дачку журналіста Змітра Лупача заведзена крымінальная справа, дзяўчына ў СІЗА пад вартай
Як стала вядома праваабаронцам Віцебска, яшчэ ў пачатку траўня глыбоцкія міліцыянты амаль апоўначы затрымалі дачку журналіста Змітра Лупача Святлану. У той дзень яна адпачывала на Глыбоччыне разам з сябрамі, міліцыянты прыехалі ў самы разгар адпачынку і спачатку затрымалі ўсіх, але пасля выпусцілі і пакінулі ў міліцыі адну Святлану.
Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3 траўня пакараў яе спачатку 10 суткамі паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Пасля гэтага адбыўся яшчэ адзін суд, падчас якога дзяўчыне прысудзілі яшчэ 25 базавых велічынь штрафу.
Пазней Святлану перавялі ў віцебскае СІЗА, ёй інкрымінуюць «народны» арт. 342 КК («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»).
Глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач з'ехаў з Беларусі ў ліпені 2021-га года.
- Гурт «Irdorath» апублікаваў першае за два гады відэа
Кліп выйшаў да дня нараджэння вакалісткі Надзеі Калач. На відэа можна пабачыць кранальны момант яе сустрэчы з мужам Уладзімірам пасля калоніі.
«Сёння мы хочам падзякаваць вам і сказаць, што тое, што адбылося, нас не зламала. Так, у нас шмат працы, але ў той жа час у нас шмат крэатыўных ідэй і жаданне ўвасабляць іх у жыццё. І з вашай падтрымкай мы пройдзем праз ўсё», — пішуць музыкі.
Нагадаем, музыкаў «Irdorath» затрымалі ў жніўні 2021 года. Іх прызналі вінаватымі па артыкуле 342 КК («Арганізацыя або падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Уладзімір і Надзея Калачы атрымалі па 2 гады калоніі, Антон Шніп, Пётр і Юлія Марчанкі — па 1,5 года калоніі.
- Сілавікі прымусілі мужчыну звесці татуіроўку з радком «Не быць скотам» з верша Янкі Купалы
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне мужчыны, які меў татуіроўкі «Не быць скотам» і «БТ убивает». Сілавікі назвалі іх «не забароненымі, але з відавочным пратэсным душком з памыйнай творчасці аднаго збеглага наркамана».
У канцы відэа паказваецца, што мужчына быў вымушаны звесці татуіроўкі.
- Жыхара Віцебска затрымалі за дзень да вяселля і адправілі на 10 сутак
У Віцебску за дзень да вяселля да жаніха прыйшлі сілавікі, забралі тэлефон і знайшлі там фота з бел-чырвона-белым сцягам, зробленыя ў 2020 годзе. У той самы дзень яго асудзілі на 10 сутак арышту і адразу з суда забралі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Чаму да хлопца прыйшлі, дакладна невядома. Падчас пратэстаў 2020 года яго не затрымлівалі, палітыкай ён цікавіцца мала, сярод інтарэсаў пераважаюць спорт і здаровы лад жыцця.
Нядаўна вярнуўся з-за мяжы, хлопец ездзіў у Польшчу.
Віцяблянін прасіў адтэрмінаваць выкананне судовага рашэння: на наступны дзень у яго было прызначана вяселле.
І хаця па заканадаўстве асуджаны мае 10 дзён на абскарджанне судовай пастановы, хлопцу ў адтэрміноўцы адмовілі. Таксама суд адмовіў і ў выдачы даведкі для ЗАГС, каб там перанеслі роспіс.
- Баранавічы: год калоніі за тое, што ў прысутнасці сілавікоў «публічна абразіў Лукашэнку»
Стаў вядомы прысуд жыхару горада Баранавічы Вячаславу Салодкаму, абвінавачанаму ў публічнай абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК. Справу разглядала суддзя Аксана Літвінчык.
Паводле матэрыялаў следства, Вячаслава абвінавацілі ў тым, што ён, нібыта ў нецвярозым стане, у прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі «выказваў фразы, якія зневажаюць гонар і годнасць Аляксандра Лукашэнкі».
Запісы з відэарэгістратараў міліцыянтаў пазней выкарыстоўваліся ў судзе як доказы вінаватасці Салодкага. Якімі менавіта словамі выказваўся Вячаслаў — не ўдакладняецца.
- У Лунінцы за каментары затрымалі Аляксандра Паліўку
Калі верыць сацсеткам, мужчыне 36 гадоў, ён жанаты і мае непаўналетняе дзіця.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што Аляксандр размяшчаў «экстрэмісцкія заклікі, якія распальваюць сацыяльную варожасць» і «абражаў прадстаўнікоў улады».
- Зачыстка ў футбольным «Нёмане» працягваецца — затрыманы трэнер і адміністратарка
Затрыманыя — Дзмітрый Бельскі і Юлія Арлашына. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што яны былі падпісаны і распаўсюджвалі «экстрэмісцкія» матэрыялы. Нагадаем, раней быў затрыманы, а пасля звольнены з каманды спартыўны дырэктар ФК «Нёман» Дзмітрый Кавалёнак.
- Палітзняволеную Аліну Гораву, затрыманую праз 2 тыдні пасля першага прысуду, пачнуць судзіць 10 жніўня
Першы раз Аліну затрымалі ў канцы сакавіка 2023 года. Яе абвінавацілі паводле арт. 342 КК, пасля чаго яна некалькі месяцаў правяла ў СІЗА.
У зняволенні ў Горавай абвастрыўся шэраг хранічных захворванняў. Сілавікі не дазволілі шпіталізаваць затрыманую, а ў магілёўскай турме ў медыцынскай дапамозе ёй адмовілі, нягледзячы нават на дрэнныя аналізы. Турэмны лекар адмовіўся лячыць яе антыбіётыкамі і шпіталізаваць. 30 траўня ёй прызначылі 1 год «хатняй хіміі».
Ужо 13 чэрвеня яе зноў затрымалі. Ёй ставяць у віну яшчэ адзін эпізод удзелу ў мірнай акцыі пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Паводле праваабаронцаў, Аліна знаходзіцца пад хатнім арыштам да суда.
Судзіць яе будуць у судзе Круглянскага раёна 10 жніўня. Разам з дзяўчынай па справе праходзяць Алеся Фрыгіна і Павел Таланаў. Працэс будзе весці суддзя Дзмітрый Сасноўскі, які выносіў першы прысуд.