Хронікі рэпрэсій за 26 верасня: Судзяць журналіста, якога моцна збілі падчас пратэстаў

Супольнасць трансгедарных людзей Беларусі паведамляе пра зачыстку — не менш за 8 затрыманых. У Мінску пачалі судзіць Вольгу Лоцманаву за праяву салідарнасці.

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Анаіс Марэн «Я займалася Беларуссю амаль кругласуткава»

Анаіс Марэн — Спецыяльная дакладчыца ААН па Беларусі ўжо 6 гадоў, і хутка яе мандат заканчваецца.

«Вясна» пагаварыла з Анаіс Марэн пра яе шлях да Беларусі, пра яе прызначэнне і тое, як гэта ўспрынялі беларускія праваабаронцы, пра тое, як зарабляла на жыццё (бо быць спецдакладчыкам — гэта валанцёрская праца) і пра тое, што было самым складаным і самым цікавым за ўвесь гэты перыяд.

«Эмацыйна складана ўсё, што звязана з 2020-м годам [ ... ]. Мне было сапраўды псіхічна вельмі цяжка, таму што я не спецыялістка па катаваннях. І я была не падрыхтаваная. І калі вы памятаеце, 2020-ы год — гэта быў яшчэ і кавід, таму не было магчымасці нават з'ездзіць у Жэневу і шукаць там апірышча. Яны прапаноўвалі з псіхолагам размаўляць, але гэта было дыстанцыйна і на англійскай мове...».

  • Супольнасць трансгедарных людзей Беларусі паведамляе пра зачыстку — затрыманыя мінімум 8 чалавек

Затрыманні паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на іныцыятыву TG House Belarus.

Вядома пра затрыманне мінімум 8 трансперсон. Большасць з іх абмежавалася пратаколамі за «хуліганства». Апроч таго, у адносінах двух чалавек заведзеныя крымінальныя справы па артыкуле 343 Крымінальнага кодэкса — распаўсюд парнаграфіі.

  • У Пінску сёння пачалі судзіць журналіста, які быў моцна збіты падчас пратэстаў

Былога журналіста «Медыя-Палессе» Яўгена Нікалаевіча сёння пачалі судзіць у судзе горада Пінска і Пінскага раёна паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса. Працэс была прызначана весці суддзя Яўгенія Мельнік.

10 жніўня 2020 года Яўген Нікалаевіч адправіўся на пратэсты з прафесійным заданнем.

Тады яго затрымалі, спачатку міліцыя збіла яго ў прыбіральні пінскага гарвыканкама, потым у аўтазаку. Затым журналіста прывезлі ў цір пінскага ГАУС, дзе яго бачыў моцна пабітым Алесь Рамановіч. Далей яго змясцілі ў пінскае ІЧУ, а потым завезлі ў СІЗА івацэвіцкай калоніі, дзе сілавікі размясцілі частку затрыманых.

Праз тыдзень пасля збіцця ў журналіста ўсё яшчэ заставаліся сінякі. Паведамляецца, што сляды збіцця заставаліся на твары мужчыны нават праз месяц, у тым ліку з'явіліся глыбокія шнары. Выданне «Медиа-Полесье» таксама пісала тады аб пашкоджаным воку свайго супрацоўніка.

  • Затрыманы сябра мужчыны, які ў Магілёве напаў з нажом на губазікаўцаў

Пра гэта паведамляе МУС. Сцвярджаецца, што пры ператрусе ў доме 64-гадовага мужчыны выявілі агнястрэльную зброю, часткі да яе, патроны, рэчывы для вырабу выбухоўкі, наркотыкі, халодную зброю, у тым ліку замаскіраваную пад прадметы побыту.

У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу за незаконны абарот агнястрэльнай зброі (арт. 295 КК).

  • Палітзняволенага Сяргея Думаву, асуджанага да 9 гадоў калоніі, зноў судзілі

25 верасня ў судзе Бабруйска і Бабруйскага раёна ў Сяргея быў прызначаны разгляд справы «аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і зменаў умоваў утрымання». Працэс узначальваў суддзя Андрэй Літвін. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.

Нагадаем, Сяргея затрымалі 22 сакавіка 2021 года, калі ён расклейваў у горадзе налепкі. Яго абвінавацілі адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 КК (Арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 293 КК (Навучанне масавым беспарадкам), арт. 341 КК (Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Пазней Думаве прызначылі 9 гадоў і 15 сутак калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

  • У Мінску пачалі судзіць  Вольгу Лоцманаву за праяву салідарнасці

У Мінскім гарадскім судзе 26 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць палітзняволенай Вольгі Лоцманавай паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Працэс вядзе суддзя Аляксандр Рудэнка.

Вольгу затрымалі 23 студзеня 2024 года падчас рэйду за салідарнасць з палітзняволенымі і іх сем'ямі. Першапачаткова жанчыну абвінавачвалі паводле арт. 361 (заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі Беларусі). Але пазней артыкул змянілі.