Хронікі рэпрэсій за 27 верасня: былых палітвязняў прымушаюць даносіць?
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны пра палітычны пераслед у Беларусі.
![hroniki_represij2_8_1.png hroniki_represij2_8_1.png](/img/v1/images/hroniki_represij2_8_1.png?f=f&h=396&o=0&u=1727456303&w=528)
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1415 дзён, Дзяніс — 1295.
***
Лукашэнка анансаваў новыя памілаванні палітвязняў, піша «Салідарнасць».
28 верасня падчас сустрэчы са студэнтамі БДУІР у яго спыталі пра тое, ці будзе працягнутая практыка памілаванняў.
— Я буду працягваць, бо гэта мая праца. Гэта канстытуцыйны абавязак прэзідэнта — памілаваць чалавека, трэба выконваць свае абавязкі. Таму мы будзем працягваць, — цытуюць дзяржСМІ свайго правадыра.
За апошнія тры месяцы ў Беларусі выйшлі на волю ў сувязі з памілаваннем 115 палітвязняў, яшчэ пяцярых вызвалілі ў выніку абмену паміж Расіяй і Украінай.
***
Як паведамляе «Dissidentby», людзей, якія выйшлі на волю па так званым «памілаванні» масава і гвалтоўна вярбуюць беларускія чэкісты. Пра гэта таксама паведамляў Андрэй Стрыжак (BYSOL) і пацвярджалі ў «BELPOL».
Пагрожаючы новым пераследам і ціскам на сям'ю, служкі КДБ патрабуюць ад палітвязняў падпісаць шэраг папер, пагадзіцца на ўдзел у прапагандысцкіх відэа, забараняюць выезд з краіны, а таксама патрабуюць супрацы ў агентурнай дзейнасці супраць дэмакратычных сіл, фондаў дапамогі і праваабарончых арганізацый.
Ад людзей патрабуюць звяртацца ва ўсе магчымыя фонды і структуры дэмакратычных сіл і «зліваць» любую інфармацыю, якая дапамагла б знішчыць каналы падтрымкі рэпрэсаваных ці нанесці іншую шкоду апазіцыйным структурам. Часта гэта звязана з устаноўкай спецыяльнага праграмнага забеспячэння на дэвайсы «памілаванага», каб супрацоўнікі рэжыму маглі праводзіць агентурную дзейнасць літаральна ў рэжыме анлайн.
***
27 верасня праваабаронцу Насту Лойка этапавалі з гомельскай калоніі ў мінскае СІЗА, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на свае крыніцы.
Як паведамляе выданне, праваабаронцу этапуюць для ўдзелу ў судзе над актывісткамі, абвінавачанымі па палітычных артыкулах.
20 чэрвеня Мінскі гарадскі суд прысудзіў праваабаронцу Насту Лойка да 7 гадоў калоніі. Суддзя Алена Шылько прызнала яе вінаватай у «распальванні варожасці» (ч.3 арт.130 КК).
Насту Лойка затрымалі 6 верасня пасля пасяджэння па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» ў Мінскім гарадскім судзе і асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «дробнае хуліганства». 21 верасня яна не выйшла на волю, суд зноў арыштаваў яе на 15 сутак па тым жа артыкуле. Лойка выйшла на волю 6 кастрычніка. На наступны дзень Следчы камітэт спыніў крымінальную справу ў дачыненні да праваабаронцы. Яна праходзіла па ім у якасці падазраванай у «садзейнічанні нявыплаце падаткаў». Па гэтай справе абвінавачанымі праходзяць яе былыя калегі па праваабарончым цэнтры «Вясна».
28 кастрычніка Насту Лойка зноў затрымалі і 31 кастрычніка асудзілі на 15 сутак. 14 лістапада яна не выйшла на волю, суд зноў прызначыў ёй 15 сутак па артыкуле аб «дробным хуліганстве».
29 лістапада сітуацыя паўтарылася: суд чарговы раз арыштаваў Лойка на 15 сутак. Па заканчэнні гэтага тэрміну праваабаронца не выйшла на волю. Да суду праваабаронца знаходзілася ў СІЗА.
***
Сілавікі апублікавалі відэа з дзесяццю жыхарамі Гомельскай вобласці. Ролік з імі выйшаў у праўладным тэлеграм-канале, паведамляе «Медыязона».
Міліцэйскае відэа называецца «Аперацыя "Памежжа" Частка 2 Брагін Ельск Лоеў Хойнікі Нароўля». Сілавікі паказваюць, як уломліваюцца ў дамы і затрымліваюць на вуліцы траіх мужчын.
Кожны на відэа прамаўляе некалькі слоў. Мужчына ў чорнай кофце з белымі палоскамі кажа, што ён «затрыманы». Другі гаворыць, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія каналы» ў «Аднакласніках» і ютубе.
Хлопец з доўгімі валасамі расказвае, што «гуляў у гульню і пазнаёміўся з з украінцамі» — пад іх уплывам ён «пачаў абражаць Расію і Аляксандра Лукашэнку».
У траіх чалавек твары былі заблюраныя.
***
У Рэчыцы, імаверна, судзілі намесніцу гендырэктара аб’яднання «Рэчыцадрэў». Як паведаміла «Гомельская вясна», судовы працэс над жанчынай, якая мае тыя самыя асабістыя звесткі, што і намесніца генеральнага дырэктара па вытворчасці ААТ «Рэчыцадрэў», адбыўся 26 верасня. Галіну Кахновіч абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч.2 арт.19.11 КаАП).
Справу разглядаў суддзя Юрый Лунцэвіч. Вынік судовага пасяджэння высвятляецца.
***
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з чарговым затрыманым. На камеру мужчына кажа, што знаходзіўся ў «экстрэмісцкіх» чатах і пакідаў каментары. Яму ставяць у віну ў тым ліку каментары да навіны пра мужчыну, які ў Магілёве адбіваўся з нажом ад сілавікоў у цывільным.
Як піша «Наша ніва», мужчына жыве ў вёсцы Пракшанічы Магілёўскага раёна. Затрымлівалі яго ў прыватным доме як мінімум сямёра сілавікоў у абмундзіраванні, яшчэ як мінімум трое ў цывільным здымалі затрыманне на тэлефоны.
У роліку сілавікі паказалі некалькі каментароў, якія нібыта належаць мужчыну. Большасць — па-беларуску. Пры гэтым каментароў пра сілавікоў або нейкіх абраз на адрас міліцыянтаў там няма.
Адзін з каментароў гучыць так: «Я пакуль у Беларусі, але ж такімі тэмпамі за мяжой сябраў будзе болей, чым тутака».
У якім статусе знаходзіцца затрыманы, не паведамляецца.
***
Мінскі абласны суд прысудзіў 52-гадовую Наталлю Мікуліч да прымусовага лячэння ў псіхіятрычным стацыянары з узмоцненым назіраннем. Гэта вынікае з абноўленага «спісу экстрэмістаў» на сайце МУС, на які звярнула ўвагу выданне «Наша Ніва», піша «Медыязона».
Наталлю Мікуліч абвінавачвалі па артыкулах аб «дыскрэдытацыі Беларусі» (арт.369-1 КК), «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК) і «паклёпе» (арт.188 КК). Суд над ёй прайшоў 11 верасня. Дакладныя вынікі суда невядомыя. Але 27 верасня МУС унесла Мікуліч у «спіс экстрэмістаў», дзе ў графе «рашэнне суду» значыцца «прымусовае лячэнне».
Паводле інфармацыі выдання, жанчына нарадзілася ў Вілейцы, у яе ёсць дачка. У сацсетках яна абвінавачвала зяця, што ён гвалтаваў сваю дачку, яе ўнучку. У маі 2023 года зяць жанчыны падаў супраць яе пазоў аб абароне гонару і годнасці і выйграў яго.
Таксама ў сацсетках жанчына абвінавачвала сілавікоў і дзяржаўныя структуры, што тыя пакрываюць педафілаў. 14 лютага разам з мужам Мікуліч схадзіла на сустрэчу з міністрам унутраных спраў Іванам Кубраковым у Валожыне. На старонцы Мікуліч у Фэйсбуку пазначана, што яна цалкам падтрымлівае палітыку Лукашэнкі.
***
Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ сем чалавек.
Гэта Сяргей Ботвіч, Дзмітрый Шлетгаўэр, Сяргей Бойка, Аксана Малочка і Дзмітрый Малочка, Аляксей Клюшнічэнка, Сяргей Белы.
***
27 верасня МУС падрыхтавала традыцыйнае пятнічнае абнаўленне «Спісу грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляе «Вясна».
Сярод іншых у спіс дадалі Андрэя Павука, Вольгу Павук, Маргарыту Ляўчук, Аляксандра Чахоўскага, Іллю Салянікава, а таксама Алену Тоцкую.
Цяпер у спісе 4477 імёнаў.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 604 дні, Максіма Знака — 598 дзён, Мікалая Статкевіча — 595 дзён, Ігара Лосіка — 586 дзён, Віктара Бабарыкі — 524 дні, Сяргея Ціханоўскага — 454 дні, Уладзіміра Гундара — 417 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1325 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1403 чалавекі. Сярод іх — 174 жанчыны і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.