Сабралі поўную залу. У Калінкавічах сілавікі зладзілі паказальны арышт падлетка
Прынароднае «ўзяцце пад варту» дзіцяці правялі супрацоўнікі некалькіх сілавых структур у Палескім аграрным каледжы.
Калінкавіцкае прапагандысцкае выданне мясцовых райвыканкама і райсавета «Калінкавіцкія навіны» апублікавала інфармацыю пра тое, што 27 верасня ў актавай зале мясцовага аграрнага каледжа ў прысутнасці навучэнцаў і выкладчыкаў узялі пад варту 14-гадовага падлетка. Такая масавасць спатрэбілася мясцоваму пракурору Вадзіму Жулегу, каб санкцыянаваць зняволенне хлопчыка, піша «Гомельская Вясна».
Прапагандысты мясцовай газеты сцвярджаюць: «Напярэдадні супрацоўнікі наркакантролю РАУС затрымалі падлеткаў 13 і 14 гадоў. Маладыя людзі прывезлі з суседняга горада 20 г асабліва небяспечнага псіхатропу, расфасавалі і схавалі ў тайніках у горадзе, даслаўшы справаздачу куратару. У момант учынення злачынства яны былі затрыманыя».
Гомельскія праваабаронцы звяртаюць увагу, што паводле пункта 1 артыкула 11 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, «кожны чалавек, якi абвiнавачваецца ў злачынстве, мае права лiчыцца невiнаватым да таго часу, пакуль яго вiнаватасць не будзе ўстаноўлена законным парадкам шляхам публiчнага судовага разбору, пры якiм яму забяспечваюцца ўсе магчымасцi для абароны».
Супрацоўнікі пракуратуры, міліцыі і разам з імі прапагандысты сабралі вялікую колькасць людзей, у тым ліку, відавочна, знаёмых з падлеткам, якога абвінавачваюць у распаўсюдзе наркотыкаў і прадставілі нібыта злачынныя дзеянні апошняга, як устаноўлены факт, літаральна на наступны дзень пасля меркаванага «злачынства» і без якога-кольвек судовага разбіральніцтва. Гэта ёсць відавочным парушэннем яго правоў і прэзумпцыі невінаватасці, упэўненыя праваабаронцы.
«На арганізаваным карнікамі і так званымі педагогамі з каледжа шоў выступіў таксама старшыня камісіі ў справах непаўнагадовых Гомельскага аблвыканкама Яўген Міткевіч, які дзеля такога адмыслова прыбыў у Калінкавічы», — распавядае «Гомельская Вясна».
Праваабаронцы адзначаюць, што актывісткі ініцыятывы «Матчын рух», якая займалася абаронай правоў сваіх дзяцей, асуджаных да вялізных тэрмінаў паводле артыкула 328 (незаконнае абарачэнне наркотыкаў) Крымінальнага кодэкса, раней звярталі ўвагу на тое, што вялікая колькасць падобных «злачынстваў», імаверна, правакуецца самімі супрацоўнікамі падраздзяленняў наркакантролю для падвышэння паказчыкаў раскрывальнасці.
«Бо такім самым чынам, як калінкавіцкага падлетка, яны захопліваюць толькі тых, хто робіць так званыя «закладкі», літаральна пакрокава вядучы іх да месца выканання задання. Але пра факты падобнага ж «узяцця пад варту» тых самых куратараў ці іншых арганізатараў незаконнага гандлю наркатычнамі сродкамі, карныя органы чамусьці не паведамляюць. Не ладзяць яны і падобных масавых шоў з арыштамі кіраўнікоў інтэрнэт-крамаў наркотыкаў», — гаворыцца ў артыкуле.