«Улады пераследуюць за салідарнасць, а грамадзянская супольнасць працягвае аб'ядноўвацца і дапамагаць»
Па працэдуры так званага «памілавання» ў Беларусі выйшлі на волю ўжо 115 палітычных зняволеных. Многія з іх маюць патрэбу ў дапамозе, але не ўсе ведаюць, што па гэтую дапамогу можна звярнуцца — і атрымаць яе.
«Я думаў, гэта чарговае пакаранне»
Палітвязень Ягор (імя змененае) вызваліўся пасля памілавання 3 ліпеня 2024 года, адбыўшы прыкладна траціну тэрміну. Ён можа даваць інтэрв'ю толькі ананімна, без дэталяў, якія маглі б яго ідэнтыфікаваць, бо атрымаў наўпроставую пагрозу ад адміністрацыі калоніі:
«У мяне ёсць асцярогі за хлопцаў, якія засталіся ў калоніі. Нам, "палітычным", канкрэтна было заяўлена, калі мы вызваляліся: не дай бог будзе нешта сказана негатыўнае пра калонію — тым, хто застаўся, будзе вельмі дрэнна».
Ягор расказвае тэлеканалу «Настоящее время», што «палітычныя» ў сістэме выканання пакаранняў працягваюць заставацца на асаблівым кантролі. Яны носяць жоўтую бірку як «схільныя да экстрэмізму»:
«Жоўтая бірка — гэта таўро. Пра спатканні з роднымі можна забыцца. На іх можна разлічваць, калі выконваеш самую цяжкую працу ў зоне. Тады да цябе менш надуманых прыдзірак, праз якія можна атрымаць парушэнне і пазбавіцца спаткання. Напрыклад, калі супрацоўнік уваходзіць у атрад, паводле правілаў, ты павінен павітацца і зрабіць поўны даклад. Ён можа цябе перабіць: "А як тваё прозвішча?" Ты называеш прозвішча, а ён: "Чаму даклад да канца не зрабіў?" Ты яму: "Дык вы мяне перабілі". Ён: "І што?" Усё, гэта парушэнне — пазбаўленне спаткання».
«Лісты даходзілі толькі ад блізкіх сваякоў, ад сяброў не перадаваліся, — працягвае Ягор. — Цябе могуць выклікаць у штаб, паведаміць, што прыйшоў заказны ліст, але ён знішчаны "за цынічны змест". Яшчэ, калі ты непажаданы для адміністрацыі ці ўжо няма чаго забіраць, "палітычных" саджаюць у ШІЗА. Цябе можа спыніць супрацоўнік і спытаць: "Чаму гузікі расшпіленыя?" Ты:"Усё зашпілена". Ён праводзіць па вопратцы і кажа: "Вось жа — расшпіленыя". Ты яму: "Гэта вы толькі што зрабілі" — ён: "Ты яшчэ спрачаешся!" Парушэнне. У ШІЗА можна трапіць, калі вядзеш няправільныя размовы або пагаварыў з кім не трэба. Калі"жоўтыя" збіраліся больш за трое, гэта ўжо выклікала падазрэнне. У размове хтосьці сказаў, да прыкладу, прозвішча, падобнае на "Ціханоўскі", — гэтага дастаткова, каб трапіць у штрафны ізалятар».
Навіна пра памілаванне для Ягора стала поўнай нечаканасцю: «За дзён дзесяць да памілавання мне сказалі тэрмінова з'явіцца ў штаб. Я падумаў, што будзе чарговае пакаранне. У штабе сядзеў адзін супрацоўнік, ён працягвае мне дакумент — з палову абзаца тэксту — і кажа: калі хочаш дадому, падпісвай, нічога не магу абяцаць, але, можа, выйдзеш па памілаванні. Ніякай камісіі не было. Усё было вельмі сціпла, без пафасу і пышных слоў. Я спытаў, на якіх умовах памілаванне, ён сказаў: без умоваў. Я падпісаў і стаў чакаць».
Прымусу да падпісання прашэння аб памілаванні або пакарання за адмову падпісваць Ягор не бачыў у сваёй калоніі ў той перыяд. Яму вядома як мінімум пра яшчэ пра двух памілаваных у той жа дзень палітвязняў.
Гэтак жа нечакана яго і вызвалілі:
«Раніцай прыходзіць супрацоўнік у сталовую, камандуе: "Ні з кім не размаўляеш, устаеш, ідзеш са мной" — і паведамляе аб памілаванні. Я папрасіў яго даць мне вярнуцца, развітацца з хлопцамі. Мне адказалі, што я з раніцы афіцыйна не зняволены і таму мне забаронена знаходзіцца з іншымі зняволенымі. Мяне ізалявалі ад іх у ШІЗА, пакуль усё афармлялі».
Пасля вызвалення Ягор стаў на ўлік у міліцыю:
«Мне трэба было прыходзіць адзначацца раз на тыдзень. Судзімасць з мяне не знятая цягам двух гадоў. Ці выкрасляць са "спіса экстрэмістаў" — не ведаю».
Паводле слоў Ягора, аніякіх намёкаў на тое, як быць: заставацца ў краіне ці з'язджаць, — яму ніхто не рабіў, асаблівага кантролю над сабой таксама ён не адчуваў. Але ён усё ж вырашыў з'ехаць з Беларусі:
«Было пастаяннае пачуццё трывогі, не пакідала адчуванне — "а раптам зноў". Я быў у пастаянным перажыванні за сябе і сваякоў, што іх можа закрануць рыкашэтам. Я разумеў, што жыць у гэтым стане не змагу, так можна звар'яцець. Я выехаў свабодна, проста сеў і паехаў. Ведаю ад іншых палітвязняў, што яны паведамлялі інспектарам, што збіраюцца з'язджаць за мяжу, і ім казалі: "Едзьце". Я думаю, супрацоўнікі ўпэўненыя, што далі нам зразумець: калі вы зробіце там ці тут нешта — сваё атрымаеце, вы ўжо навучаныя».
Цяпер Ягор у Польшчы. Расказвае, што ў няволі ў яго пагоршыўся зрок. Агульную фізічную форму ён стараўся падтрымліваць — насуперак забаронам:
«У калоніі мы дзейнічалі паводле прынцыпу: нам спрабуюць максімальна ўскладніць жыццё — мы спрабуем знайсці абыходныя шляхі. Напрыклад, "палітычным" нельга было хадзіць у спартзалу, але мы знаходзілі магчымасці займацца самастойна. Гэта дапамагала пераносіць цяжкую працу. Таму спіну не сарваў».
«Што тычыцца наступстваў для псіхікі, я пакуль не звяртаўся да псіхолага, — кажа Ягор. — Людзі гавораць, што я душу ў сабе траўму, актыўна развязваючы бытавыя праблемы. Але мне прасцей пагрузіцца ў нешта знешняе, каб знутры мяне гэта не з'ядала. Я стараюся ўсё дрэннае адганяць. Згадваю толькі добрае, сваіх хлопцаў, з якімі мы змагаліся з маразмам сістэмы ў штодзённых дробязях».
На новым месцы былы палітвязень уладкоўваўся сваімі сіламі. Самастойна дапамогі не шукаў, бо практычна адразу пасля вызвалення на яго выйшлі супрацоўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна» і профільнай арганізацыі, расказвае ён:
«Яны паабяцалі добра дапамагчы, але прасілі пачакаць пару месяцаў. Я стаўлюся да гэтага спакойна, чакаю сваёй чаргі, бо разумею, што ёсць іншыя палітвязні. Людзям, якія выйшлі з калоній, неабходная фінансавая, медыцынская, псіхалагічная дапамога, падтрымка па суправаджэнні. Яны разгубленыя: не ведаюць, што рабіць у Беларусі, дзе ім складана будзе вярнуцца на працу або знайсці новую, складана атрымаць дапамогу звонку, бо гэта небяспечна. Але баяцца і з'язджаць, бо не ўпэўненыя, што тут ім дапамогуць і яны змогуць адаптавацца. Яшчэ я чуў ад знаёмых, што складана атрымаць дапамогу, калі няма статусу палітвязня, хоць людзі з'ехалі з Беларусі, бо там супраць іх завялі крымінальныя справы паводле пратэстных артыкулаў».
На момант напісання артыкула Ягор паведаміў, што ўжо атрымаў фінансавую дапамогу, якая дазволіць яму некалькі месяцаў арандаваць жыллё.
«Калі не можаш справіцца з гвалтаўніком, гэта нармальны спосаб»
Памілаванне асуджаных паводле артыкулаў, звязаных з пратэстамі 2020 года, асвятлялася ў прапагандысцкіх медыя: у некалькіх памілаваных дзяржаўныя тэлеканалы і агенцтвы ўзялі інтэрв'ю, у якіх людзям давялося гаварыць пра раскаянне, прызнанне віны і пра «мудрасць Аляксандра Лукашэнкі». Тых, каму не давялося каяцца публічна, таксама абавязвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні з пісьмовым прызнаннем віны. Псіхолагі канстатуюць, што гэтая працэдура пры ўнутранай нязгодзе з ёю можа выклікаць у вызваленых людзей пачуццё віны, думкі пра ўласную слабасць.
«Настоящее время» спытала псіхатэрапеўтку пра прыроду гэтага пачуцця і пра тое, як з гэтым справіцца. Спецыялістка пагадзілася пракаментаваць гэта ананімна, бо баіцца ціску на блізкіх: «Над маімі знаёмымі ў Беларусі ідзе суд, і я асцерагаюся, што сілавікі могуць маніпуляваць, скажуць ім: вось ваша знаёмая рэкамендуе ці не рэкамендуе падпісваць памілаванне».
Гаворачы пра тое, як спраўляцца з пачуццём віны, псіхатэрапеўтка прапануе спачатку разабрацца ва ўнутранай матывацыі:
«Людзі пішуць прашэнне аб памілаванні па розных матывах. Ёсць тыя, хто зразумеў, што ім невыносна, яны хочуць выратаваць сваё жыццё, хочуць вярнуцца да сям'і.
У гэтым выпадку трэба вызначыць, хто вінаваты ў тым, што чалавек пад ціскам піша памілаванне — па сутнасці, хлусіць. Ва ўсіх судах свету абавязацельствы, дадзеныя пад ціскам, пазбаўленыя сілы. Вінаваты ў такой сітуацыі не ты, а гвалтаўнік. Гэта нармальная рэакцыя на ненармальную сітуацыю. Трэба зразумець, дзеля чаго гэта было зроблена, і дазволіць сабе гэтае перажыванне. Калі не атрымліваецца з сабой дамовіцца, трэба працаваць з псіхатэрапеўтам. Чалавек мае права клапаціцца пра сябе. Прашэнне аб памілаванні — гэта адзін са спосабаў захаваць сваё здароўе і жыццё для сябе, блізкіх, той жа барацьбы. Калі ты не можаш справіцца з гвалтаўніком "у лоб", гэта нармальны спосаб.
Іншыя людзі разглядаюць падпісанне памілавання як гульню з сістэмай. "Ну ок, прыму вашы ўмовы". Гэта не ломка, а гульня. Тады і перажыванняў можа не быць.
Не трэба забываць і пра стакгольмскі сіндром. Чалавек можа быць настолькі траўмаваны сістэмай, што псіхіка абярэ такі спосаб абароны, як прывязацца да катаў, знайсці ў іх добрыя бакі, памяняць сваю пазіцыю і шчыра прасіць аб памілаванні. Гэта таксама траўма. І гэта траўматычная рэакцыя псіхікі ў сітуацыі злому і адчаю — далучыцца да моцнага і такім чынам выжыць».
Дапамагчы пераадолець пачуццё віны можа дзеянне, гаворыць псіхатэрапеўтка: «Калі ёсць віна за нібыта "здраду" — што вось я выйшаў, а астатнія сядзяць — можа дапамагчы дзеянне: захаваць у сабе ідэю, веру, дапамагаць зняволеным любымі спосабамі, калі вы самі ўжо ў бяспецы».
Суразмоўніца «Настоящего времени» падкрэслівае, што на ступень гэтага фальшывага пачуцця віны можа моцна ўплываць рэакцыя атачэння:
«Хтосьці разумее ўсе гэтыя матывацыі, а хтосьці ўспрымае гэта як здраду: "Ты павінен быць у белым плашчы да самага канца". Для такіх людзей любое адступленне як быццам аддаляе перамогу над рэжымам. Маўляў, мы ўсе павінны быць, як Марат Казей, і ты таксама. Але быць героямі — не абавязак, а выбар. Ва ўсіх ёсць свае межы».
«Мы атрымліваем дзесяць заявак на тыдзень на эвакуацыю з Беларусі»
На якую дапамогу можа разлічваць рэпрэсаваны, які выйшаў з беларускай калоніі, НВ спытала прадстаўніка службы «Хуткая гуманітарная дапамога» і кіраўніка фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэя Стрыжака. Як расказаў суразмоўца, праграму рэалізуюць чатыры арганізацыі: «BYSOL», «BYHELP», «Краіна для жыцця» і «Dissidentby». Яны аб'ядналіся, каб зрабіць дапамогу пацярпелым ад палітычных рэпрэсій сістэмнай. Штодня да іх паступае дзве-тры заяўкі.
«На практыцы дапамога выглядае так: калі чалавек выйшаў з турмы і звяртаецца да нас, мы можам досыць хутка выплаціць яму разавую фінансавую дапамогу, сёння гэта 500 еўра, — расказвае Андрэй Стрыжак. — Спадзяемся, што з'явяцца рэсурсы павысіць гэтую выплату да 1000 еўра. Гэтыя надзеі мы звязваем са з'яўленнем у красавіку гэтага года нарвежскага міжнароднага гуманітарнага фонду дапамогі рэпрэсаваным, куды будуць паступаць данаты са Швецыі і Нарвегіі. Акрамя разавай выплаты, для чалавека адкрываецца опцыя персанальнага збору, калі сродкі збіраюцца дзякуючы звычайным людзям».
Другі напрамак дапамогі — медыцынскі:
«Чалавек можа звярнуцца ў "BYHELP", і яму дапамогуць прайсці медыцынскі чэк-ап арганізма і атрымаць рэсурс на лячэнне. Гэта як мінімум санаторый, максімум — курс лячэння, у тым ліку і пратэзаванне зубоў. Раней пратэзаванне не ўваходзіла ў пакет дапамогі, бо гэта лічылася эстэтычнай медыцынай. Сёння ў некаторых выпадках ёсць магчымасць праводзіць хірургічныя аперацыі. Мы ўсё часцей сутыкаемся з тым, што ў турмах развіваецца хранічнае запаленне суставаў, якое прыводзіць да іх разбурэння. Людзі проста не могуць хадзіць. Літва і Польшча даюць дадатковую медыцынскую страхоўку тым, хто падаецца на міжнародную абарону або бежанства, большая частка сумы пакрываецца гэтымі дзяржавамі, але сам сустаў, як правіла, [трэба пратэзаваць] за кошт чалавека. І тады "BYHELP" закрывае гэта за кошт медыцынскай праграмы, або персанальным зборам, або камбінацыяй таго і іншага».
Аб'ём медыцынскай дапамогі вызначаецца зыходзячы са ступені шкоды здароўю, удакладняе Андрэй Стрыжак: «Па кожным кейсе рашэнне прымаецца індывідуальна. Самае складанае ў працы — вызначыць, ці з'яўляецца нейкае захворванне следствам знаходжання ў турме. Гэтую экспертызу праводзяць валанцёры-медыкі. Асобна стаіць ментальнае здароўе. Сёння магчымыя дзесяць сесій псіхатэрапіі сумесна з міжнародным праектам крызіснай дапамогі "Фенікс". Але калі мы бачым, што ёсць сітуацыя глыбокага ўмяшання і патрэбна рэабілітацыя, мы шукаем дадатковыя магчымасці ў выглядзе збору».
Ёсць людзі, якія могуць атрымаць дадатковую падтрымку, кажа эксперт: «Праваабаронцы, палітычныя актывісты, журналісты, святары, ЛГБТ-актывісты, людзі, якія выйшлі з сістэмы і перадалі важныя звесткі, маюць дадатковыя опцыі, таму што ёсць спецыяльныя фонды для гэтых катэгорый. Мы з ім у кантакце».
Нягледзячы на тое, што дапамагаць людзям, якія застаюцца ў Беларусі, усё цяжэй, праваабарончыя ініцыятывы знаходзяць спосабы гэта рабіць. Для тых, хто працягвае адбываць свой тэрмін за перакананні, у «Dissidentby» ёсць праграма падтрымкі перадачамі, а ў фонду «Краіна для жыцця» — праграма «Сябар сям'і», якая злучае тых, хто хоча дапамагчы канкрэтным сем'ям.
«Нягледзячы на ўсе перашкоды, якія чыніць рэжым, у нас застаецца магчымасць для транспартавання грошай у Беларусь і рэалізацыі дапамогі ўнутры краіны», — гаворыць Андрэй Стрыжак.
Ён прызнае, што наяўныя ў фондаў сродкі не пакрываюць 100% патрэб палітвязняў і людзей, якія трапілі пад палітычны пераслед: «Але гэта аб'ектыўныя рэсурсы, якія мы можам сёння акумуляваць дзякуючы данатам, донарскай і інстытуцыйнай падтрымцы».
За год «BYSOL» збірае на гэтыя мэты крыху больш за два мільёны еўра, удакладняе ён.
Дадатковай крыніцай дапамогі сталі сродкі, сабраныя на анлайн-марафоне салідарнасці, які ўдалося арганізаваць у ліпені 2023 года па ініцыятыве Вольгі Гарбуновай, былой прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета. На марафоне сабралі больш за 550 тысяч еўра — 100 тысяч еўра атрымаў «BYSOL».
«Гэтыя сродкі мы выплацілі 200 сем'ям, па 500 еўра нашых стандартных аднаразовых выплат», — гаворыць Стрыжак.
Ён расказвае, хто і з якімі запытамі звяртаецца ў іх «Хуткую гуманітарную дапамогу»: «Заяўкі на персанальныя зборы — у сярэднім 300 на год, на эвакуацыю з Беларусі — 10 заявак на тыдзень (адна заяўка можа ўключаць больш за аднаго чалавека, напрыклад, сям'ю), з іх да выезду даходзіць прыблізна палова. Зваротаў ад палітвязняў, якія выйшлі на волю, — 30 заявак на месяц».
Эксперт дапускае, што гэта далёка не ўсе, хто маюць патрэбу, таму што людзі могуць не ведаць, што дапамогу наогул аказваюць і што па яе можна звярнуцца:
«Маштабы рэпрэсій велізарныя, некаторыя людзі не ведаюць пра грамадзянскую супольнасць наогул, бо ніколі не варыліся ў гэтай бурбалцы. Асабліва гэта тычыцца людзей, якіх сталі саджаць за каментары. Мы стараемся, каб пра нас ведалі, але я не маю ілюзій, што інфармацыя даходзіць да ўсіх. Дасведчаных, можа, 50%, а то і 30%».
Супрацьстаянне з рэжымам Лукашэнкі Андрэй Стрыжак называе «стратэгічным»: улады пераследуюць за данаты і іншыя праявы салідарнасці, а грамадзянская супольнасць працягвае аб'ядноўвацца і дапамагаць.
«Самамэта нашай дзейнасці — фармаванне ў людзей культуры дабрачыннасці і салідарнасці. Калі ты заданаціў 5-10 еўра і потым убачыў, што атрымалася дапамагчы людзям, ты ўжо больш ангажаваны ў гэты працэс. Гэты ўдзел фармуе ў людзей звычку, грамадства становіцца больш устойлівым. Але дзяржава пераследуе за данаты і ўсялякую салідарнасць, усё робіць для атамізацыі грамадства, а мы — для кансалідацыі. Гэта наша галоўнае стратэгічнае супрацьстаянне».
Стрыжак кажа, што агульная колькасць ахвотных дапамагаць расце, але пагроза рэпрэсій запавольвае гэты рост. Людзі з беларускімі пашпартамі не адчуваюць сябе ў бяспецы і за мяжой:
«Мы фіксуем рост колькасці людзей, якія данацяць, у гэтым годзе скончым, думаю, з 10-адсоткавым прыростам. Цяпер гэта 23 тысячы чалавек на год толькі ў "BYSOL". Такіх людзей магло б быць больш, але яны баяцца, бо ў Беларусі засталіся родныя, маёмасць. Улада дацягнулася і за мяжу: людзі ўжо на акцыі прыходзяць у масках, акулярах, каб іх не апазналі».
Інфармацыю пра дапамозе рэпрэсаваным можна знайсці на сайце Святланы Ціханоўскай у раздзеле «Дапамога». Таксама ў гэтым годзе запрацавала служба «Адно акно» — інфармацыйна-кансультацыйная платформа, дзе прадстаўнікі Пераходнага кабінета Ціханоўскай сабралі інфармацыю пра розныя віды дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі.