Хронікі рэпрэсій за 30 верасня: стаў вядомы прысуд Змітру Дашкевічу
З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі галоўныя навіны пра палітычны пераслед за сённяшні дзень.
***
Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1418 дзён, Дзяніс — 1298.
***
Суд Першамайскага раёна Мінска у верасні разглядзеў чарговую крымінальную справу супраць палітзняволенага Змітра Дашкевіча. Гэтым разам актывіста абвінавацілі паводле арт.342 Крымінальнага кодэкса («Актыўны удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), а таксама ч.1 арт.411 КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Суддзя Анастасія Кулік прызнала яго вінаватым і прызначыла яшчэ адзін год і тры месяцы калоніі. Пра гэта «Нашай Ніве» стала вядома ад сяброў сям'і.
Актывіст мусіў выйсці на волю з папраўчай калоніі № 14 па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня 2023 года. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт.411 КК. Год таму суддзя Таццяна Дзеравянка прызначыла палітвязню яшчэ адзін год калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
***
Сілавікі затрымалі дваіх сяброў за ўдзел у пратэстах 2020 года, відэа з імі апублікаваў праўладны канал, піша «Медыязона».
На відэа затрыманыя мужчыны кажуць, што выходзілі ўдзельнічалі ў пратэстах у Мінску ў 2020 годзе і фатаграфаваліся на праезнай частцы. Адзін з іх дадае, што ў дачыненні да яго «вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы».
Па якіх менавіта артыкулах затрыманыя мужчыны і дзе цяпер знаходзяцца — невядома.
***
У судзе Магілёўскай вобласці 30 верасня распачаўся працэс над раней асуджаным за каментары жыхаром Кіраўска Юрыем Аверкавым. Летам яго судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК), а цяпер мужчыну абвінавачваюць у «навучанні ці іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках» (ч.3 арт.293 КК) і «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130 КК), піша «Вясна». Працэс у закрытым рэжыме вядзе Ірына Ланчава.
Юрыя Аверкава затрымалі напярэдадні «Адзінага дня галасавання» ў лютым 2024 года. Прапагандысты тады паведамілі, што Аверкаў нібыта з'яўляецца адміністратарам кіраўскага тэлеграм-канала, які ён стварыў у 2020 годзе, дзе «заклікаў людзей выходзіць на вуліцы». Праўладны тэлеграм-канал апублікаваў відэа з затрыманым жыхаром Кіраўска, якога абвінавачваюць у сувязі з ініцыятывай «кааліцыі пратэсных двароў».
11 чэрвеня Аверкава судзілі за «абразу прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК). Справу разглядаў старшыня Кіраўскага раённага суда Антон Дудаль. Вынік судовага пасяджэння пакуль невядомы.
***
У Брэсцкім абласным судзе некалькі месяцаў таму асудзілі палітзняволеных мужа і жонку Дзмітрыя і Аксану Малочкаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле ч.1 арт.356 КК («Здрада дзяржаве»). Суд прызначыў Дзмітрыю 12 гадоў пазбаўлення волі, а Аксане — 8 гадоў. На волі ў іх засталіся трое дзяцей.
Як паведамляе «Наша Ніва», Аксана нарадзілася і вырасла ў Баранавічах. Ніякай палітычнай актыўнасці на яе старонках у сацсетках няма. Дзмітрый таксама родам з Баранавічаў. Яго апошняе вядомае месца працы — жвірова-сартавальны завод «Амневічы». Пасля Дзмітрый заняўся рамесніцтвам.
***
Суд Ленінскага раёна Магілёва прысудзіў мясцовага жыхара Андрэя Рабякова да 2 гадоў калоніі строгага рэжыму за «публічную абразу» Лукашэнкі (ч.1 арт.368 КК), пішуць праваабаронцы з Магілёва «MAYDAY.TEAM».
Прысуд агучылі 22 ліпеня, але вынікі суда сталі вядомыя толькі цяпер.
Згодна з матэрыяламі справы, у верасні 2023 года ў стане алкагольнага ап'янення ў будынку УУС Магілёўскага аблвыканкама Рабікаў «у прысутнасці супрацоўнікаў унутраных спраў непрыстойна выказаўся» на адрас Лукашэнкі. За гэта ў дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу.
Таксама суд прызначыў мужчыну прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Вядома, што мужчына быў раней судзімы 13 разоў.
***
У Віцебску будуць судзіць пенсіянерку-медыка за «экстрэмізм». Як піша тэлеграм-канал «Навіны Віцебска», пад пераслед за «экстрэмізм» у Віцебску трапіла Ірына Атрашчонак.
1 кастрычніка ў судзе Першамайскага раёна Віцебска будзе разбірацца яе адміністрацыйная справа. Жанчыне ставяць у віну «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».
63-гадовая Ірына Атрашчонак працавала ў Віцебскім анкадыспансеры, была ўдзельніцай народнага яўрэйскага нацыянальнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Віцебскія дзяўчаты», вяла актыўны лад жыцця. 25 верасня 2024 года жанчына знікла з сацыяльных сетак.
***
У Мінску за салідарнасць з палітвязнямі пачалі судзіць Наталлю Гаўрон. 52-гадовая жанчына была затрыманая 23 студзеня падчас рэйду КДБ за дапамогу палітвязням. Жанчыне выставілі абвінавачанне паводле ч.1 і ч. 2 арт.361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Суд над ёй пачаўся 30 верасня ў Мінскім абласным судзе, піша «Вясна».
Справу разглядае суддзя Уладзімір Арэшка.
***
На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 607 дзён, Максіма Знака — 601 дзень, Мікалая Статкевіча — 598 дзень, Ігара Лосіка — 589 дзён, Віктара Бабарыкі — 527 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 457 дзён, Уладзіміра Гундара — 420 дзён.
***
Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1317 чалавек.
У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1402 чалавекі. Сярод іх — 175 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.