Недзіцячыя ўмовы для дзяцей і падлеткаў. СпецПТВ і закрытыя школы — што гэта?

Беларусь мае асаблівы досвед у функцыянаванні папраўчых устаноў. У нас зусім не маюць на мэце «накіраваць на правільны шлях», дапамагчы выправіцца — у нас толькі караюць. Прычым як дарослых, так і дзяцей. І для апошніх сістэма не менш жорсткая.

img_2822_1_logo_1.jpg

У Беларусі ёсць спецыяльныя закрытыя ўстановы, у якія могуць змясціць дзяцей ва ўзросце з 11 да 18 гадоў, калі яны, напрыклад, здзейснілі злачынства або некалькі правапарушэнняў. Нядаўна ў такую закрытую ўстанову адукацыі адправілі школьніцу з Глуска — праз апублікаванае ёю відэа, якім яна «абразіла міліцыянта». «Медыязона» паразмаўляла з вучнем, які правёў у падобнай школе амаль два гады.

Як і за што дзеці трапляюць у закрытыя спецшколы і СПТВ

У Беларусі ёсць некалькі спецыяльных закрытых устаноў для падлеткаў: дзве ў Магілёве, па адной — у Крывічах (Мядзельскі раён) і Петрыкаве. Тры з іх — мужчынскія. У Магілёве ёсць закрытая спецшкола і спецыяльныя прафесійна-тэхнічныя вучэльні (СПТВ), дзе вучаць дрэваапрацоўцы, у СПТВ у Крывічах — будаўнічым спецыяльнасцям, а ў жаночай спецвучэльні ў Петрыкаве дзяўчаты вучацца шыць.

У закрытыя СПТВ і школы паводле рашэння суду (грамадзянская справа па заяве камісіі па справах непаўналетніх) трапляюць, напрыклад, дзеці, якія за год атрымалі больш за тры адміністрацыйныя пратаколы за дробнае хуліганства або іншыя правапарушэнні; якія здзейснілі злачынства, не дасягнуўшы ўзросту крымінальнай адказнасці, і справу супраць іх спынілі.


Глядзіце таксама

З нядаўніх часоў у спецшколу дзяцей могуць адправіць і бацькі: калі ёсць пацвярджэнне таго, што дзіця ўжывае наркотыкі або алкаголь. У такім выпадку бацькі павінны звярнуцца ва ўстанову, падаць неабходныя дакументы і растлумачыць прычыну свайго рашэння. Ці будзе дзіця залічанае ў спецшколу, вырашае яе дырэктар і Мінадукацыі.

Тэрмін, на які дзіця змесцяць туды, бацькі вызначаюць самі: ад вучэбнай чвэрці да года. Пры гэтым за імі застаецца права забраць яго дадому раней за тэрмін.

Аляксандр трапіў у закрытую спецшколу ў Магілёве, дзе ўтрымліваюцца хлопчыкі ад 11 да 15 гадоў, «праз дрэнную кампанію, за бадзяжніцтва і крадзеж». Ён скончыў там восьмы і дзявяты клас.

«Паводле рашэння суду, на працягу 10 дзён трэба было прайсці медкамісію і прыбыць туды. Калі сам не прыедзеш, то прыедуць і прымусова забяруць, і яшчэ трэба будзе заплаціць 5-10 базавых. Я ў судзе ўжо сам пагадзіўся туды ехаць, хоць маці і бацька былі супраць», — кажа ён.

Нельга выходзіць па-за межы школы, а для сустрэч з роднымі трэба напісаць заяву

Апранутыя вучні магілёўскай спецшколы аднолькава — форму выдаюць там жа, парадную, паўсядзённую і спартыўную: «Абутак у кожнага свой, але калі яго раптам няма, то таксама могуць выдаць», — згадвае Аляксандр.

Тэрыторыя школы абгароджаная плотам, свабодна выходзіць па-за яе межы дзеці не могуць.

«Ні з кім, хто за плотам, ты не паразмаўляеш. Пры добрых паводзінах, калі актыўна ўдзельнічаеш у мерапрыемствах, могуць вывесці ў горад. У краму, напрыклад. Яшчэ нас вадзілі на футбол і ў валейбольны клуб "Машэка". Бацькі могуць прыязджаць».

Жыццё ў школе — па строгім распарадку. Калі там вучыўся Аляксандр, расклад выглядаў прыкладна так: пад'ём у 7:00, адбой — у 22:00. На працягу дня — зарадка, сняданак, урокі, абед, урокі, падвячорак, вячэра і вольны час да 19:00, а да 21:00 — выкананне хатніх заданняў.

Сустрэчы з роднымі ў закрытай школе, як і ў калоніі, называюцца «спатканнямі». Іх колькасць не абмяжоўваецца, але перад сустрэчай трэба напісаць заяву. Падчас пандэміі каронавіруса наведванне было закрыта.


Глядзіце таксама

Згодна з правіламі ўнутранага распарадку магілёўскай спецшколы, перад спатканнем бацькоў могуць даглядзець, каб яны не перадалі дзіцяці нічога забароненага. Пасля сустрэчы з бацькамі рэчы дзіцяці таксама правяраюць.

Калі бацькі перадаюць, напрыклад, цукеркі і печыва, то захоўваць іх у сябе не дазваляецца: прысмакі забярэ на захоўванне выхавальнік, кажа Аляксандр.

«Ён прыходзіць або ў першую змену, з 8 да 14, ці ўжо ўвечары з 14 да 22. Трэба ісці і прасіць, каб ён выдаў».

Мабільныя тэлефоны забароненыя, а за парушэнне правілаў можна трапіць у «дысцыплінарны пакой»

Акрамя відавочнага (алкаголю, цыгарэт, зброі і гэтак далей), выхаванцам школы забаронена мець мабільныя тэлефоны, камп'ютары, любыя носьбіты інфармацыі (нават флэшкі або дыскі). У СПТВ для дзяўчынак у Петрыкаве, напрыклад, забароненыя нават чыпсы, сухарыкі, тварожныя сыркі і дэкаратыўная касметыка.

Выхаванцы школы могуць пісаць бацькам лісты, але ўсю карэспандэнцыю чытае супрацоўнік школы. Па раскладзе можна тэлефанаваць родным.


Глядзіце таксама

За парушэнне правілаў унутранага распарадку — за бойку, крадзеж або больш дробныя правіны, калі на працягу месяца ўжо ёсць тры спагнанні — школьніка могуць адправіць у «дысцыплінарны пакой». У «Законе аб прафілактыцы правапарушэнняў сярод непаўналетніх» ён называецца «пакоем рэадаптацыі».

«Знаходзішся там пад наглядам лекара і ахоўніка. Гэта як пакаранне — ад дзвюх гадзін да 10 сутак. Стаіш там у адных шортах, садзіцца нельга, толькі калі ясі, святло пастаянна гарыць, паспаць атрымліваецца 4-5 гадзін. На вуліцу не выводзяць, толькі ў прыбіральню, якая за два крокі».

Уцёкі і збіццё ў закрытых установах

За апошнія 10 гадоў вучні некалькі разоў збягалі са спецустаноў, а супраць кіраўніцтва магілёўскага СПТВ распачалі крымінальную справу за збіццё выхаванцаў.

У 2015 годзе трое падлеткаў разбілі акно ў фае другога паверха школы, спусціліся ў двор, пералезлі праз плот і збеглі.


Глядзіце таксама

У 2014 годзе дзеці збягалі два разы: з крывіцкага СПТВ — восем чалавек, з магілёўскай вучэльні за ўвесь год — больш за 30, а летам 2013-га — пяцёра.

У 2017 годзе з магілёўскага спецвучэльні збеглі шасцёра навучэнцаў. Хлопцаў злавілі, прывезлі ў вучэльню, а затым па адным заводзілі ў пакой для бацькоў. Там іх збівалі трое супрацоўнікаў СПТВ. Пяцёра выхаванцаў атрымалі траўмы, а шосты трапіў у бальніцу з траўмай пазваночніка.

Тады супраць дырэктара вучэльні і двух яго намеснікаў была ўзбуджаная крымінальная справа. Іх прысудзілі да тэрмінаў ад 3 да 5,5 гадоў калоніі.