Хронікі рэпрэсій за 4 чэрвеня: У Баранавічах яшчэ 8 чалавек пазбавілі волі за пратэсты–2020

Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, куды трапілі нават сацсеткі Хадановіча. Праваабаронцы працягваюць збіраць факты палітычнага пераследу беларусаў

hroniki_represij2_logo.png_logo_1.webp
  • Чарговае папаўненне спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапіў тэлеграм-канал «Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава», інстаграм-старонкі «snytsina» і «krama.kalinouskaha», а таксама Youtube-канал і старонка ў Facebook пісьменніка Андрэя Хадановіча.

  • У Баранавічах яшчэ 8 чалавек асудзілі да калоніі за ўдзел у жнівеньскіх акцыях пратэсту 2020-м

У судзе Баранавіцкага раёна і Баранавіч 31 траўня агучылі вырак па чарговаму масаваму суду за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года. Паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса да пазбаўлення волі асудзілі адразу восем чалавек: Канстанціна Калягу, Эрыка Каласоўскага, Івана Пацко, Аляксандра Лаўрушчыка, Івана Дрыка, Паўла Сергіені, Дзмітрыя Філіповіча, Арцёма Лапіча.

Справу з 7 траўня разглядала Вікторыя Пакунова. Вядома, што некаторых з фігурантаў справы затрымалі падчас «хапуноў». 

Так, напрыканцы снежня 2023 года быў затрыманы Іван Дрык, якому на момант удзелу ў акцыях пратэсту не было 18 гадоў.

Нагадаем, на Берасцейшчыне да гэтага часу працягваюцца масавыя затрыманні і суды за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Так за красавік гэтага году вынеслі прысуды па «народным» артыкуле ўжо 17 жыхарам Баранавічаў.


  • У Брэсце судзяць журналістку Алену Цімашчук: за дыскрэдытацыю, распальванне варожасці і па «экстрэмісцкім» артыкуле
alena_cimaszczuk.webp

Імя, прозвішча і імя па бацьку абвінавачанай цалкам супадаюць з мясцовай журналісткай, якая працавала ў дзяржаўнай газеце «Брестский вестник» (заснавальнікам з’яўляецца гарвыканкам) і тэлерадыёкампаніі «Брэст», паведамляе БАЖ.

Таксама раней Алена Цімашчук як фрылансер супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі «Вечерний Брест», «Брестский курьер», «Брестская газета», інтэрнэт-выданнем «Виртуальный Брест», а таксама «Брестским зелёным порталом».

Як адзначаюць мясцовыя журналісты, Алена Цімашчук падчас супрацы з незалежнымі выданнямі не рыхтавала публікацый на палітычныя тэмы. Часам яна рабіла рэкламныя артыкулы і пісала на тэмы псіхалогіі, бо мае вышэйшую адукацыю па гэтай спецыяльнасці.

Што стала прычынай для крымінальнага пераследу журналісткі — пакуль дакладна невядома.

Весці працэс даручылі суддзі Дзмітрыю Карасінскаму. Да прызначэння ў лістападзе 2023 года ў Брэсцкі абласны суд Карасінскі ўзначальваў суд Столінскага раёна.   

  • Псіхалагіні з Маладзечна пагражае да 10 гадоў за падтрымку Украіны і «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні»
zanne_daszkevicz.jpg

Жанна Дашкевіч, як піша @nashaniva, займалася сеткавым маркетынгам, кансультавала па правільным харчаванні і ладзіла псіхалагічныя сеансы. У сацсетках яна пазіцыянуе сябе як «спецыяліста па ўсходняй медыцыне, нутрыцыёлага, псіхолага-практыка і нацыянальнага кансультанта кампаніі «Цяньшы» (Tiens)». Жанне Дашкевіч 54 гады.

Невядома, калі яе затрымалі і за што. Але яна перастала быць анлайн з кастрычніка 2023-га года, хоць раней актыўна вяла сацсеткі.

Суд над жанчынай пачаўся 3 чэрвеня ў Мінскім абласным судзе. Жанну судзяць па двух артыкулах — «вярбоўка, навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў вайне, а таксама матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці» (ч. 2 арт. 361-3) і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (ч. 3 арт. 361). Ёй пагражае ад 5 да 10 гадоў калоніі. Справу разглядае суддзя Сяргей Васілеўскі.

  • «Размяшчаў каментары абразлівага характару»: вынесены прысуд жыхару Слоніма
dzmitryj_danilczyk.jpg

Судом Дзятлаўскага раёна 30 траўня разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да жыхара Слоніма Дзмітрыя Данільчыка, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Сяргей Сёмуха.

Па матэрыялах абвінавачання, Данільчык «неаднаразова размяшчаў у экстрэмісцкіх чатах месенджара “Telegram” і ў публічных чатах відэахостынгу “YouTube” інфармацыю абразлівага характару ў дачыненні да Лукашэнкі, якая зневажае ягоны гонар, годнасць асобы і аўтарытэт».

Дзмітрыю канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады са штрафам у памеры 100 базавых велічынь.

  • За абразу Лукашэнкі аршанца судзяць зноў

У судзе Аршанскага раёна і Оршы 4 чэрвеня разглядаецца крымінальная справа Сяргея Гняўко. Яго вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК), прычым паўторна. Справу будзе разглядаць суддзя Юля Вяршыніна.

Першы раз Сяргея асудзілі па гэтым жа артыкуле ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Мінска 5 траўня. Прысуд невядомы, аднак у большасці выпадкаў за абразу Лукашэнкі людзей пазбаўляюць волі.

У сацсетках пад гэтае апісанне патрапляе 47-гадовы Сяргей Леанідавіч Гняўко. Ён часта ездзіў на заробкі ў Расію.

  • 49-гадовага мінчука затрымалі за каментары ў Telegram
andrej_nikalaeu.jpg

Сцвярджаецца, што Андрэй Нікалаеў удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту яшчэ ў 2010 годзе.

 На «палонным відэа» ён «прызнаецца» ў тым, што пакідаў абразлівыя каментары пра сілавікоў і прадстаўнікоў улады.