Андрэя Макарэвіча ў Расіі правяраюць на «экстрэмізм», яму пагражае крымінальная справа
Следчы камітэт РФ праводзіць даследчую праверку ў дачыненні да лідара гурта «Машына часу» Андрэя Макарэвіча пасля яго гутаркі з тэлефонным пранкерам, паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.
Макарэвіча, паводле слоў суразмоўцы агенцтва, правяраюць на прадмет наяўнасці ў яго словах прыкмет арт. 280 КК РФ (публічныя заклікі да ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці).
Падставай для праверкі стала тэлефонная размова музыкі з пранкерам, які выдаваў сябе за прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. Падчас размовы, піша дзяржагенцтва, Макарэвіч заявіў, што «падтрымлівае ўкраінскі бок канфлікту і негатыўна ставіцца да СВА».
Данос на Макарэвіча ў Генпракуратуру і СК напісаў выканаўчы дырэктар грамадскага руху «Ветэраны Расіі» Вадзім Міроненка. Ён паведаміў ТАСС, што праверка пакуль не завершаная, выказаўшы надзею на тое, што па яе выніках «будзе прынята працэсуальнае рашэнне».
Андрэй Макарэвіч у верасні 2022 года быў абвешчаны ў Расіі «замежным агентам». Галоўнае ўпраўленне па супрацьдзеянні экстрэмізму МУС (Цэнтр «Э»), якое запатрабавала ўнесці музыканта ў рэестр, заявіла, што ён «сістэматычна распаўсюджваў негатыўныя думкі» аб рашэннях кіраўніцтва РФ, абвінавачваў іх у здзяйсненні ваенных злачынстваў, а таксама «атаясамліваў Расійскую Федэрацыю і нацысцкую Германію». На Макарэвіча двойчы наклалі штраф за «невыкананне абавязкаў замежнага агента», цяпер яму пагражае крымінальная справа.
Артыкул 280 КК РФ прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі, калі «дзеянне здзейснена з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі альбо інфармацыйна-тэлекамунікацыйных сетак, у тым ліку інтэрнэту».
«Ветэраны Расіі» раней пісалі даносы на рэпера Маргенштэрна, які ўсумніўся ў неабходнасці «марнаваць мільёны» на святкаванне Дня Перамогі, нагадвае «Медуза». Калі СК пачаў праверку, Маргенштэрн пакінуў РФ. Таксама па даносе кіраўнікоў гэтай арганізацыі была заведзеная справа на старшыню праваабарончай арганізацыі «Мемарыял» Алега Арлова, які напісаў антываенны артыкул, у якім назваў пуцінскі рэжым фашысцкім. Арлова прысудзілі да двух з паловай гадоў калоніі.
Пасля пачатку вайны пракрамлёўскія пранкеры Ваван і
Лексус пачалі тэлефанаваць расійскім дзеячам культуры, якія выступілі супраць вайны,
змушаючы іх рабіць рэзанансныя заявы. Пасля публікацый пранкаў на артыстаў і
пісьменнікаў нярэдка пішуць даносы, а затым заводзяць крымінальныя справы. Так
размова з пранкерамі стала падставай для пераследу пісьменнікаў Барыса Акуніна,
Дзмітрыя Быкава і Людмілы Уліцкай.