Закратаваныя «вокны магчымасцей». Шматвектарнасць, якую рэжым сабе можа дазволіць

Візіт у Мінск міністра замежных спраў Венгрыі мог бы стаць пачаткам еўрапейскай адлігі для Беларусі — калі б пачалі вызваляць палітвязняў. Але Венгрыя на гэта не працуе — прынамсі, публічна.

Нягледзячы на бачнасць аўтаноміі, якую старанна імітавалі абодва бакі падчас візіту Пуціна ў Мінск, у рэальнасці Беларусь цалкам залежная ад Расіі

Нягледзячы на бачнасць аўтаноміі, якую старанна імітавалі абодва бакі падчас візіту Пуціна ў Мінск, у рэальнасці Беларусь цалкам залежная ад Расіі

У гэтым выпуску «Пульса Леніна-19» — нататкі на палях да дзвюх важных падзей з міжнароднага жыцця Беларусі апошніх тыдняў. Гэта афіцыйны візіт прэзідэнта Расіі на мінулым тыдні і чарговы прыезд у Мінск (рабочы візіт) міністра замежных спраў Венгрыі — на гэтым.

Характарыстыкі візітаў важныя: афіцыйны візіт у краіну (а ў многіх краінах у якасці самага статуснага практыкуецца дзяржаўны), як правіла, здараецца адзін раз на кадэнцыю госця і прадугледжвае максімальны ўзровень сустрэч, цырымоній і гасціннасці. 

А вось рабочых візітаў можа быць мноства — Аляксандр Лукашэнка пацвердзіць. Лёгка збіцца з падліку, колькі (дзясяткаў) разоў ён з'ездзіў у Расію з працоўнымі паездкамі з пачатку свайго самаабвешчанага прэзідэнцтва ў 2020-м, піша Павел Мацукевіч для «Цэнтра новых ідэй».

Венгерскае акно для выхаду на волю

Кіраўнік МЗС Венгрыі наведаў Беларусь трэці раз за паўтара года. Цяперашні прыезд — для правядзення міжурадавай камісіі, папярэдні — для ўдзелу ў канферэнцыі «Еўразійская бяспека: рэальнасць і перспектывы ў трансфармуемым свеце» — з яе дапамогай афіцыйны Мінск спрабаваў вярнуць з замагільнага свету сваю дыялогавую пляцоўку.

Цуд тады не здарыўся, хоць саму спробу рэанімацыі дзякуючы ўдзелу ў ёй венгерскага міністра і іншых значных гасцей можна лічыць заліковай. 

У цэлым жа ад вянгерскай любові ездзіць у Мінск пакуль не нарадзілася нічога, пра што можна сказаць як пра поспех — калі не лічыць інтарэсаў беларускіх уладаў. 

Па-першае, палітычны дыялог з Венгрыяй фармальна прарваў для іх еўрапейскую ізаляцыю, падаўшы венгерскае «акно ў Еўропу». 

Па-другое, чарговы прыезд у Беларусь венгерскага міністра дазваляе выявіць у знешняй палітыцы афіцыйнага Мінска фармальныя прыкметы паўнавартаснай шматвектарнасці.

Паўнавартаснай яе робіць якраз наяўнасць палітычных кантактаў з еўрапейскай краінай, а Венгрыя — гэта член Еўрапейскага саюза і NATO, а таксама старшыня ў ЕС на бліжэйшыя паўгода (з 1 ліпеня).

Само па сабе пасяджэнне сумеснай міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, дзеля якога ў Мінск прыязджаў кіраўнік МЗС Венгрыі, не ў стане адмяніць суровую санкцыйную пару, абвешчаную Еўрасаюзам, але, несумненна, можа дапамагчы з варыянтамі выжывання ў ёй. 


Глядзіце таксама

Пакуль беларускі экспарт у Венгрыю дэманструе свабоднае падзенне: па выніках 2023 года ён склаў толькі 22 млн. долараў ЗША, і гэта самы нізкі паказчык за апошняе дзесяцігоддзе, калі не больш. 

Магчыма, у 2024-м сітуацыя змянілася — або з дапамогай Венгрыі ён неяк вырас у іншыя краіны. Верагодна, з дапамогай венгерскіх калег беларускія закрываюць нейкія са сваіх імпартных дэфіцытаў, якія ўзніклі праз санкцыі.

Што цікава, у рэальнасці магчымасцей паўплываць на ўзаемны гандаль з Беларуссю ў вянгерскага міністра было б куды больш, калі б ён паставіў у аснову задачу вызвалення людзей з беларускіх турмаў. 

Дзіўна, што ў гэтым кірунку Будапештам не прадпрымаецца бачных намаганняў, хоць нельга выключаць, што адпаведная праца кіпіць «падпольна». У любым выпадку менавіта гэты трэк на сваім фінішы можа быць узнагароджаны пазітыўнымі зменамі клімату для гандлю і ўсяго астатняга.

Каб павялічыць аб'ёмы экспартных і імпартных аперацый, трэба змякчыць санкцыйны рэжым ЕС у дачыненні да Беларусі і разблакаваць памежныя пераходы для грузаў. Для гэтага Будапешту спатрэбіцца пераканаць амаль тры дзясяткі кіраўнікоў дзяржаў Еўрасаюза. 

А вось для таго, каб на волю выйшаў хаця б хтосьці з палітвязняў, будзе дастатковым дамовіцца толькі з адным кіраўніком (Лукашэнкам). Між тым, вызваленне палітвязняў — адна з перадумоў змякчэння санкцыйнага клімату ЕС. Выхад на свабоду аднаго чалавека такой перадумовай не стане, але можа пакласці пачатак гісторыі вызваленняў.

Узнагародай для Венгрыі ў ёй будзе магчымасць прадэманстраваць эфектыўнасць венгерскай дыпламатыі на фоне правалу агульнаеўрапейскай — прынамсі, у беларускім пытанні. Не кажучы пра рэалізацыю ў перспектыве эканамічных венгерскіх інтарэсаў у Беларусі ў выніку нармалізацыі адносінаў з ЕС.


Глядзіце таксама

Ночы Пуціна, якія могуць пазбавіць Мінск сну

Больш значным для беларускіх рэалій быў прыезд у Беларусь Уладзіміра Пуціна ў фармаце афіцыйнага візіту 23-24 траўня. Гэта была яго другая пасля дзяржаўнага візіту ў Кітай замежная паездка, што падкрэсліла значнасць беларускага саюзніка для Расіі і ў некаторай ступені нават яго аўтаномію. Усё-ткі больш звыклай і зразумелай з'яўляецца практыка візітаў Лукашэнкі ў РФ.

Уладзімір Пуцін нават правёў у Мінску ноч, чаго ўжо даўно не здаралася — магчыма з перамоваў у нармандскім фармаце ў 2015-м. Гэты факт таксама можна лічыць знакам асаблівага стаўлення Крамля, але да гэтага яшчэ вернемся.

Сам візіт па сваёй арганізацыі падкрэсліваў суверэнітэт Беларусі, што важна для Мінска, хоць узровень рэальнай залежнасці ад Расіі не дазваляе гаварыць пра гэта ў рэчаіснасці. 

Расійскі бок выконваў фармальнасці беларускага пратакола, якія падкрэсліваюць роўнасць бакоў і якімі абстаўлены ўсялякі афіцыйны візіт кіраўніка замежнай дзяржавы ў Беларусь. Таму на вока прыезд Пуціна нічым не адрозніваўся ад любога іншага замежнага візіту, акрамя таго, што сустракаў і праводзіў госця сам Лукашэнка.

У цэлым візіт добра спрацаваў на ўражанне аб выключнасці асабістых адносінаў аўтакратаў, а таксама беспрэцэдэнтнасці беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Расійскія СМІ нават прыводзілі такую статыстыку: 14 з 25 гадзін, выдаткаваных на знаходжанне ў «Беларусі», гаспадар Крамля правёў у кампаніі з Лукашэнкам. 


Глядзіце таксама

Але міф пра «самых-самых» пражыў зусім нядоўга, пацярпеўшы раптоўнае фіяска ва Узбекістане.

Ташкент пераплюнуў Мінск па частцы ўвагі Крамля. Пуцін нечакана правёў там дзве ночы замест адной, прыняўшы рашэнне працягнуць на дзень свой дзяржаўны візіт ва Узбекістан, куды адправіўся літаральна праз пару дзён пасля паездкі ў Беларусь.

«Парадак дня настолькі прадметны, настолькі канкрэтны, настолькі шырокі, што гэта патрабуе дастаткова дэталёвых прагавораў з боку кіраўнікоў дзяржаў. На гэта яшчэ накладваюцца вельмі добрыя асабістыя адносіны, якія кіраўнікі дзяржаў заўсёды выкарыстоўваюць на карысць двухбаковых адносінаў», – тлумачыў у Ташкенце прэс-сакратар Крамля прычыны, па якіх двухдзённы візіт ва Узбекістан яго шэфа раптам стаў трохдзённым. 

У выніку быў пабіты рэкорд па працягласці замежных паездак Пуціна пасля пандэміі, але справа не ў гэтым. 

Выходзіць, што Шаўкат Мірамонавіч абскакаў Аляксандра Рыгоравіча па частцы асабістага абаяння, гасціннасці і значнасці, раз ужо Уладзімір Уладзіміравіч застаўся на другую ноч у Ташкенце.

Плюс адна ноч — быццам бы дробязь, але балючая для Мінска: уражанні ад візіту Пуціна ў Беларусь ужо не тыя — сапсаваныя поспехам узбекаў.

Раўнівага саюзніка увогуле не так ужо складана суцешыць. Можна, напрыклад, даць шматгадзінную аўдыенцыю ў Маскве ці ў Сочы, а яшчэ дакладней — даць смаленскія цэны на энергарэсурсы. І ўсё, цалкам магчыма, прыкладна так і будзе, толькі спяшацца Крамлю з усім гэтым зусім не мае сэнсу. 

У тым залежным становішчы, у якое ўлады прывялі Беларусь у адносінах з Расіяй, наўрад ці застаўся б крок, каб павялічыць гук хіта пра сваю выключнасць для РФ як партнёра. У адрозненне ад іншых краін СНД, накшталт Узбекістана, якія сваю музыку, магчыма, яшчэ нават не ставілі.