Хронікі рэпрэсій. Затрымалі перакладчыцу Вольгу Калацкую, асудзілі лекара Руслана Бадамшына
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 9 траўня.
У Мінску
затрымалі перакладчыцу Вольгу Калацкую. Раней яна ўжо адбывала «хатнюю
хімію», паведамляе «Свабода».
Стала вядома, што дома ў Вольгі Калацкай правялі ператрус. У жанчыны старая маці, якой больш за 90 гадоў і якую неабходна пастаянна даглядаць.
Пра затрыманьне Вольгі Калацкай у сацыяльных сетках паведаміў Сяргей Бесараб. Таксама пра затрыманне перакладчыцы паведамляюць і іншыя крыніцы.
24 красавіка 2021 году ў судзе Фрунзэнскага раёна Мінска Вольгу Калацкую прызналі вінаватай у тым, што яна пабіла супрацоўніка тэлеканалу СТБ Рыгора Азаронка. Нягледзячы на тое, што фігурантка справы прынесла прабачэнні пабітаму прапагандысту і той не меў да яе матэрыяльных ці маральных прэтэнзій, суддзя Ала Скуратовіч пакарала перакладчыцу двума гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Паводле матэрыялаў справы, 15 лістапада мінулага года Вольга Калацкая двойчы выцяла па твары Азаронка. Перакладчыца патлумачыла свой учынак «эмацыйным станам» пасьля забойства актывіста і мастака Рамана Бандарэнкі.
Пазней супраць Вольгі Калацкай завялі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Затым справу спынілі, але яшчэ пазней стала вядома, што Следчы камітэт скасаваў пастанову аб спыненні справы. Дэталі той справы не былі вядомымі.
Вольга Калацкая пераклала на беларускую мову дзясяткі фільмаў, серыялаў і кніг, у тым ліку творы Вірджыніі Вулф, Тэнэсі Уільямса, Уільяма Голдынга, Пола Остэра, Тоні Парсанса, Артура Голдэна, фільмы «Гладыятар», «Шрэк», «Сямейка Смітаў» ды іншыя.
Неўролага Руслана
Бадамшына асудзілі да 3 гадоў «хатняй хіміі». Такі прысуд вынес суд Фрунзенскага
раёна Мінска 7 траўня. Суддзя Юлія Крэпская прызнала лекара вінаватым паводле
арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Нагадаем, Бадамшына затрымлівалі як мінімум пяць разоў пасля выбараў — супраць яго складалі пратаколы і арыштоўвалі. Тады ён агулам адбыў больш за 60 сутак адміністрацыйнага арышту.
Затрыманыя каталіцкія святары
Анджэй Юхневіч і Павел Лемех, паведамляе «Хрысціянская візія». Клірыкаў
затрымалі 8-га траўня пасля сустрэчы святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай
дыяцэзіі ў Шуміліна. Падставы затрымання невядомыя.
Анджэй Юхневіч з'яўляецца старшынёй каардынацыйнай групы настаяцеляў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Гэта касцёльны орган, які займаецца супрацай паміж манаскімі ордэнамі.
Папулярную гомельскую фатографку Аляксандру Мельнічак судзілі паводле двух крымінальных артыкулаў. Пра яе затрыманне раней не было вядома, адзначае «Наша Ніва».
Аляксандры Мельнічак 34 гады, яна з Гомеля. Пасля заканчэння школы паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт на сацыяльнага псіхолага, пасля завочна адвучылася ў Беларускім інстытуце культуры і мастацтваў на менеджара сацыяльнай і культурнай сферы.
Аляксандра прафесійна займаецца фатаграфіяй больш за 15 гадоў. Яе спецыялізацыя — сямейная, вясельная і івэнт-фатаграфія. Раней Мельнічак мела ўласную фотастудыю «Пудра» ў Гомелі. Таксама яна ўдзельнічала ў фотапраектах і конкурсах.
Апошні раз яна была анлайн ва «Укантакце» 15 лютага 2024 года. Імаверна, у гэты дзень яе і затрымалі.
Суд над Аляксандрай адбыўся 2 мая. Яе абвінавачвалі па двух артыкулах — «распальванне варожасці ці варажнечы» (ч. 1 арт. 130) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342).
Пасля суда Мельнічак у сацыяльных сетках не з'явілася.
Неактыўная яна і ў месенджарах.
Паводле інфармацыі
праваабаронцаў, па вяртанні ў Беларусі працягваюць дапытваць і затрымліваць
людзей. «Вясне» вядома пра некалькі такіх выпадкаў, якія адбыліся
напрыканцы красавіка.
Так, 8 красавіка ў Воранава асудзілі беларуса за падпіску на канал «Nexta_tv». Яму прызначылі штраф памерам 1200 рублёў (30 базавых велічыняў).
Таксама вядома пра суды ў Брэсце. Адной з затрыманых суд прызначыў штраф за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Да суда жанчыну ўтрымлівалі ў ІЧУ тры дні.
Апроч гэтага, вядома, што працягваюцца і дбайныя праверкі ўсіх украінцаў, якія перасякаюць беларускую мяжу. Відавочцы распавядаюць, што яны могуць займаць больш за шэсць гадзін у выпадку, калі грамадзян Украіны ў аўтобусе некалькі. Некаторых, якія кажуць, што едуць у Расію, наўпрост на мяжы прымушаюць набыць квіток на самалёт з Мінску.