«Грошай няма, пачакайце». У Пружанах тры дзесяцігоддзі ўлады не могуць заасфальтаваць завулкі
Некалькі пакаленняў жыхароў невялікіх завулкаў у Пружанах Брэсцкай вобласці дзесяцігоддзямі глядзяць на разбітыя дарогі пад сваімі вокнамі і задаюцца пытаннем: калі з'явіцца доўгачаканы асфальт?
Нядаўна ў рэдакцыю мясцовай газеты патэлефанаваў пенсіянер, які пражыў на завулку Казіміра Марача ўсё сваё жыццё. Але дагэтуль так і не ўбачыў абяцанага добраўпарадкавання.
«Мы з жонкай тут усё жыццё пражылі, добрасумленна працавалі, дзяцей у школу вадзілі па гэтых дарогах. Цяпер мы пенсіянеры, нашы дзеці выраслі, стварылі свае сем'і і засталіся ў Пружанах. Ва ўсіх раёнах, якія будавалі пазней, ёсць асфальт і тратуары. У нас зусім іншая карціна. Нас пастаянна кормяць «сняданкамі», і гэтае «заўтра» ўжо зацягнулася на 30 гадоў», — цытуе мужчыну выданне bgmedia.site.
Яшчэ 15 гадоў таму жыхары завулкаў звярнуліся ў райвыканкам з просьбай хоць нешта зрабіць. Адказ быў стандартны: «Грошай няма, пачакайце». 15 гадоў прайшло, а нічога не змянілася. Улады толькі пару разоў засыпалі дарогу гранулятам, і на гэтым усё.
«Каналізацыя, вадаправод, газ тут праведзеныя за наш кошт, напэўна, і за асфальт нам давядзецца плаціць. Я хачу адчуваць сябе часткай цывілізацыі хоць бы ў старасці», — кажа пенсіянер.
Як растлумачылі чыноўнікі мясцовай раёнцы, у верасні 2023 года быў прыняты «перспектыўны план добраўпарадкавання». У ім значацца і завулкі Казіміра Марача. Але тут важнае ўдакладненне: «Пры наяўнасці фінансавання». Гэта значыць, калі грошы знойдуцца, асфальт, магчыма, з'явіцца ў 2025 годзе. А можа, і пазней.
Пакуль што жыхары завулкаў Казіміра Марача проста чакаюць. І спадзяюцца, каб хаця б у наступным годзе на іх вуліцы з'явіцца не чарговае абяцанне, а рэальны асфальт.
Варта нагадаць, што Лукашэнка тымі ж дзесяцігоддзямі «змагаецца» за развіццё малых населеных пунктаў і «адраджэнне вёскі». Вынік вядомы: беларуская вёска памалу памірае, а з невялікіх раённых цэнтраў масава з’язджаюць людзі. Гэтага не хаваюць і самі ўлады. Так, кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі нядаўна заявіў, што «з сярэдняга раёна на 8-10 тысяч занятых у эканоміцы, паводле інфармацыі Белстата, з'язджаюць 300-400 чалавек штогод». Рэжым пастанавіў спыніць аддок людзей з рэгіёнаў, але невядома, як гэтага ў сённяшняй сітуацыі можна дамагчыся. У невялікіх населеных пунктах не хапае добрай працы, а таксама бракуе добрага сервісу і сацыяльнага забяспячэння. Прыклад пружанскіх завулкаў гэта добра паказвае.