Хто вінаваты ў тым, што на вуліцах гінуць людзі?

Ужо даўно наша краіна падобна на ўчастак фронту, адкуль ідуць змрочныя звесткі аб звальненнях, арыштах, суровых судовых выраках за ўдзел ці падрыхтоўку масавых мерапрыемстваў. У многіх на душы трывожна, бо невядома, чаго чакаць далей ад цьмяных эканамічных перспектыў і ад улады, якой не да спадобы значная частка народу.

Мінскія вуліцы. Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Мінскія вуліцы. Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Тыя грамадзяне, каторыя хочуць закрыць вочы і вушы, каб адчуваць сябе бяспечна і спакойна, пазбягаюць рэспубліканскія навіны і чытаюць толькі хіба пра мясцовыя здарэнні. Але і ў рэгіянальнай прэсе з'яўляецца шмат інфармацыі, якая не радуе. І яна нават горшая за паведамленні пра рост коштаў на грэчку і алей. У Слуцку, да прыкладу, пачасціліся смерці і траўмаванні людзей на вуліцах горада. Нават на пешаходных пераходах.
Выйшаў з дому і не вярнуўся 11 снежня мужчына 50 гадоў. Загінуў на ўчастку перагону чыгуначных дарог «Навадворцы-Слуцк».
12 снежня каля 21:30 каля помніка воінам- афганцам у самым цэнтру горада аўтамабіль наехаў адразу на дваіх пешаходаў.
У той жа дзень вечарам на вуліцы Леніна (каля выезду з горада) на пешым пераходзе была збіта жанчына 50 гадоў. Засталася жывая, але атрымала цяжкія траўмы.
Усе гэтыя трагічныя здарэнні вывучаюцца следствам, а жыхары горада дзеляцца сваімі меркаваннямі ў мясцовых чатах і ў жывой размове. Думкі выказваюцца рознабаковыя, шмат хто з случчан абвінавачвае ў трагедыях мясцовае ЖКГ і кіраўніцтва горада.


— Такое адчуванне, што ў гародзе распачалася вайна паміж аўтамабілістамі і пешаходамі. Альбо частка грамадзян вырашыла ў такі змрочны час пакончыць жыццё самагубствам і кідаецца пад колы транспарту, — гаворыць пенсіянер Уладзімір Іванавіч, уладальнік скутара. — Зараз цёмная пара года, неспрыяльная для паездак, ідзе дождж. Таму не саджуся за руль і баюся хадзіць па вуліцах вечарам. На мой погляд, на вуліцах Слуцка не хапае святла, ліхтары занадта цёмныя і занадта высока вісяць. Гэта ў цэнтры горада, а ў мікрараёне яшчэ цямней.
 Адзін з суразмоўнікаў, які якраз і працуе ў ДАІ, згадзіўся, што на вуліцах не хапае святла, але лічыць, што ўратаваць жыццё добра дапамагае абазначэнне сябе святлоадбівальнымі элементамі, выкананне правіл дарожнага руху і асцярожныя паводзіны людзей — хаця б з аднаго боку ўдзельнікаў дарожнага руху.
Зразумела, што пасля такіх трагічных падзей супрацоўнікі ДАІ зноў пачнуць узмацняць кантроль над наяўнасцю ў грамадзян флікераў, але ці толькі ўратуе гэта жыцці людзей?