Хто ж праклаў ваду сялянам?

Жыхары вёскі Падзерскія Агароднікі шукаюць уласніка вадаправода з дапамогай Камітэту дзяржкантролю і пракуратуры.

img_7326.jpg

Амаль год чакалі жыхары вёскі Падзерскія Агароднікі Слуцкага раёну, што мясцовае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Казловічы-агра» заключыць з імі абяцаную дамову па аплаце паслуг за карыстанне вадой з вадаправода, які праходзіць па вуліцах Садовая і Новасадовая. Пасля нечаканага адключэння вады ў спёку 3 ліпеня мінулага года, падача бясплатнай вады зноў была адноўлена, але дамова на аказанне паслугі да гэтага часу не падпісана. У сваіх праблемах з падачай вады доўгі час вяскоўцы вінавацілі кіраўніцтва «Казловічы-агра», паколькі лічылі ўласнікам воднай сістэмы гэтае гаспадарчае прадпрыемства.

Прайшоў амаль год, бясплатная вада з кранаў працягвала цячы ў прыватных дамах. Супакоеныя сяляне зноў ўспомнілі пра адсутнасць уласніка і зацікаўленай рамонтнай арганізацыі толькі пасля чарговага раптоўнага адключэння вады. На гэты раз аварыя з вадаправодам, якая здарылася ў канцы красавіка, пазбавіла жыхароў вады больш чым на тры тыдні і прымусіла некаторых ліхаманкава шукаць індывідуальнае водазабеспячэнне.

Гэткі выхад з цяжкага становішча мусіла зрабіць і Вольга Прахарэнка, якая ў мінулым годзе вяла доўгія перамовы з кіраўніцтвам «Казловічы-агра» і спадзявалася на цывілізаванае вырашэнне сітуацыі з вадой.

 — Я не разумею, чаму патрэбна было падманваць людзей, — гаворыць Вольга. — Спачатку загадалі нам напісаць заявы, а цяпер ужо кажуць, што не хапае нейкай дакументацыі, і «Казловічы-агра» не мае ніякіх адносін да вадаправоднай сеткі. Увогуле, каля гэтага вадаправода склалася недарэчная і нездаровая сітуацыя. Не можа быць, каб ніхто ні ў сельвыканкаме, ні ў ЖКГ, ні ў райвыканкаме не ведаў, кім былі пакладзены гэтыя трубы!

Вольга ўжо паспела неаднаразова атрымаць шмат порцый хамства ад інжынераў і кіраўніцтва, і вырашыла мець самастойнае водазабеспячэнне, каб не траціць найдалей нервовыя клеткі.

Мікалай Драбушэвіч і Галіна Каваленя разам з іншымі жыхарамі звярнуліся ў Салігорскі міжраённы Камітэт дзяржаўнага кантролю і да пракурора Слуцкага раёна з просьбай дапамагчы адшукаць заказчыка і ўласніка вясковага вадаправоду, а пасля ўзаконіць яго.


Галіна Каваленя занепакоена інфармацыяй ад газавікоў аб неабходнасці падтрымання належнага ціску ў трубах, каб нармальна функцыянаваў газавы кацёл.

 — Наяўнасць вадаправода ў доме — адна з умоў пры далучэнні да газавай сістэмы. Цяпер вось баюся ўзарвацца, — жаліцца жанчына.

Мікалай Драбушэвіч распавёў, што існаванне ў сяле вадаправоднай лініі падвысіла кошты дамоў, якія людзі тут купілі.

— Хацелі цывілізавана жыць, да горада рукой падаць, абзавяліся сучаснымі санітарнымі вузламі, пральнымі машынамі, — тлумачыць мужчына. — Я разумею, калі б гаворка ішла пра будаўніцтва вадаправоду і недахоп грошай на яго будаўніцтва. Але ж грошы ўжо закапаныя ў зямлю. Дык чаму б не зрабіць так, каб яны нармальна паслужылі людзям? — дзівіцца ён.

Мужчына распавёў, што, калі напрыканцы красавіка 2017 года здарылася аварыя, дык інжынерная служба наўпрост адключыла людзей ад вадаправоднай лініі, якая вяла ў сяло, і вада фантанам залівала калгасныя палі больш за 3 тыдні.

— Яны думалі, што паломка здарылася на людскім вадаправодзе і адгрэбліся ад нас літаральна са словамі: «Адчапіцеся, нам не да вас». Ніхто з кіраўніцтва не ўнікаў у справу, пакуль каровы не сталі тапіцца ў вадзе і гнаі, — сведчыць мужчына. — Спатрэбілася мноства нашых званкоў і звяганняў у райвыканкам. Рамонт быў выкананы толькі пасля ўмяшання ў справу намесніка старшыні па будаўніцтву Мікалая Пенязя. Дарэчы, на ліквідацыю паломкі спатрэбілася ўсяго некалькі гадзін.

Намеснік старшыні райвыканкама па архітэктуры і будаўніцтву Мікалай Пенязь пацвердзіў, што аддаў распараджэнне аб тэрміновай ліквідацыі паломкі лініі водазабеспячэння і паклапаціўся, каб вада зноў зацурчала ў дамах зацікаўленых вяскоўцаў.

Але ён не здолеў адказаць на пытанне аб уласніку і заказчыку будаўніцтва Падзерскага вадаправоду, які знаходзіцца ў некалькі кіламетрах ад Слуцка,і перанакіраваў да намесніка старшыні райвыканкама па жыллёва-камунальным будаўніцтве Дзмітрыя Бандарэвіча. Дзмітрыю Віктаравічу я задала гэтыя ж пытанні. Намеснік старшыні па ЖКГ патлумачыў, што ён займае сваю пасаду ўсяго год і не валодае поўнай інфармацыяй па праблеме. Дарэчы, перад гэтым я ўжо наведала КУП «Слуцкае ЖКГ», дзе намеснік начальніка водаканала таксама заверыў, што вадаправод не знаходзіцца на іх балансе, і супрацоўнікі водаканала не маюць да яго аніякага дачынення.

img_7312.jpg

Цяпер жыхары вёскі ўскладаюць усе свае надзеі на пошукавыя здольнасці Слуцкай пракуратуры і Камітэту дзяржкантролю і адначасова баяцца, што пры адсутнасці ўласніка нехта выкапае з зямлі паўтары кіламетры труб гэткім жа таямнічым чынам, як і закапаў.