Хто падставіў міністра Мартынава?

Файнае кіно «Хто падставіў трусіка Роджэра?» даўно можна лічыць класікай кінематографа. Але працяг фільма можна здымаць ужо зараз, і ў Беларусі. У ролі трусіка, пэўна, выступіць кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Бо менавіта яго зараз канкрэтна падстаўляюць. Які прастор для творчасці рэжысёраў «Беларусьфільма»!



2557911c1bf75c2b643afb4ecbfc8ec2.jpg

Файнае кіно «Хто падставіў трусіка Роджэра?» даўно можна лічыць класікай кінематографа. Але працяг фільма можна здымаць ужо зараз, і ў Беларусі. У ролі трусіка, пэўна, выступіць кіраўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў. Бо менавіта яго зараз канкрэтна падстаўляюць. Які прастор для творчасці рэжысёраў «Беларусьфільма»!
15 лютага ў розных гарадах Беларусі былі затрыманыя актывісты і кіраўніцтва неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) на чале з Анжалікай Борыс. Борыс аштрафаваная на 1 мільён 50 тысяч рублёў, прадстаўнікі кіраўніцтва Анджэй Пачобут, Ігар Банцар і Мечыслаў Яскевіч асуджаныя на пяць сутак арышту за арганізацыю 10 лютага ў Гродна несанкцыянаванага мітынгу ў падтрымку івянецкай арганізацыі СПБ.
Лідэр івянецкай арганізацыі Тэрэса Собаль абвінавачваецца ў захопе мясцовага Дома польскага, найбліжэйшым часам над ёй адбудзецца суд. Іск падаў старшыня афіцыйна зарэгістраванага СПБ Станіслаў Сямашка.
У сувязі з гэтым прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім выказаў «сваю заклапочанасць і рашучы пратэст у сувязі з ростам рэпрэсій супраць Саюза палякаў на Беларусі». 16 лютага спікер польскага Сейма Браніслаў Камароўскі заявіў журналістам, што «ва ўмовах парушэння правоў чалавека на Беларусі ў Польшчы ёсць падставы сур’ёзна разгледзець магчымасць вяртання да палітыкі санкцый». Развіццё сітуацыі ў Беларусі «падрывае намаганні Еўрасаюза па наладжванні адносін з краінай». Пра гэта гаворыцца ў распаўсюджанай 16 лютага заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешняй палітыцы, віцэ-старшыні Еўракамісіі Кэтрын Эштан.
Вось табе і «замарожванне санкцый», і «Усходняе партнёрства», і крэдыты з Захаду. Якія могуць быць стасункі з краінай ва ўмовах, калі на яе чыноўнікаў накладзеныя санкцыі? Ніякіх.
Дарэчы, раніцай 15 лютага былі затрыманыя не толькі палякі, але і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Ён правёў больш за дзевяць гадзін у Валожынскім РАУС. Гэта значыць, што пра гвалтоўныя дзеянні ў адносінах да палякаў і да іншых грамадзян даведаюцца яшчэ і замежныя партнёры АГП. А іх занадта шмат, і ўсе яны маюць уплыў на сваю ўладу (а некаторыя пры ёй і знаходзяцца), і на кіраўніцтва Еўрасаюза.
І хай Мартынаў колькі заўгодна заяўляе, што арганізацыі павінны самастойна «вырашыць свае праблемы, у тым ліку праблемы з лю­дзьмі, якіх не задаволіў вынік выбару кіраўніцтва», і што беларускі ўрад і Міністэрства замежных спраў «не займаюцца такімі пытаннямі». Гэта ён заявіў у інтэрв’ю польскай газеце «Rzeczpospolita» ад 10 лютага. Але затрымлівалі палякаў міліцыянты — прадстаўнікі ўлады. І асуджаныя палякі былі ўладай — беларускім судом і «імем Рэспублікі Беларусь». Тут ужо не скажаш, што ўлада не ўмешваецца ў справы арганізацый.
За тры дні супрацоўнікі міліцыі разагналі ў Мінску дзве мірных акцыі. У ходзе спробы зладзіць акцыю 14 лютага ў Мінску з нагоды Дня святога Валянціна былі затрыманыя 22 чалавекі, з іх чацвёра непаўналетнія. Здавалася б, што кепскага ў тым, што маладзёны пройдуць па вуліцах Мінска і павіншуюць людзей з Днём закаханых? Нічога. Але міліцыя вырашыла інакш. Затрыманні пачаліся акурат на месцы збору — на плошчы Свабоды.
Традыцыйная акцыя салідарнасці 16 лютага таксама была разагнана міліцыянтамі. Дарэчы, іх было значна больш, чым саміх «акцыянераў», бо ўдзельнікаў акцыі затрымлівалі яшчэ на падыходах да Кастрычніцкай плошчы. Навошта было збіваць лю­дзей? Навошта было цягнуць дзяўчынак за валасы ў міліцэйскія аўтобусы? Навошта было, як сабакі за трусамі, ганяцца за фота- і відэакарэспандэнтамі? Навошта схапілі журналістку «Нашай Нівы» Юлю Дарашкевіч?
Можа, супрацоўнікам міліцыі захацелася даказаць, якія яны «крутыя». У выніку гэтай «крутасці» пра гвалтоўныя дзеянні ўладаў даведаюцца ўсе партнёры міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (якіх багата), партнёры аргкамітэта па стварэнні «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» (іх дэлегацыя якраз у гэтыя дні знаходзілася ў Нарвегіі), партнёры «Беларускай асацыяцыі журналістаў» (а прэса ў Еўропе мае значна большы ўплыў на кіраўніцтва, чым у Беларусі). Як апраўдвацца Мартынаву і казаць пра «лібералізацыю»?
Усім яскрава прадэманстравана: свабоды мірных сходаў у Беларусі — няма. Свабоды арганізацый і асацыяцый — няма. Свабоды слова — няма. Правы журналістаў — парушаюцца. Правы нацыянальных меншасцяў — парушаюцца. І гэта напярэдадні выбарчых кампаній, асабліва кампаніі ў мясцовыя саветы, на прыкладзе якой можна было б паказаць «лібералізацыю».
Падначаленыя міністра ўнутраных спраў Анатоля Куляшова моцна падставілі міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Можа, гэта і не было спланавана ў якасці «падставы», але нешта не верыцца, што Куляшоў не ведае пра дзеянні сваіх падначаленых. Бо затрыманні, напрыклад, палякаў праводзілі ўсе службы МУС — ад ДАІ да АМАПу. Не можа міністр унутраных спраў не ведаць пра такую «спецаперацыю»!
Падставілі не толькі МЗС, падставілі і беларускіх парламентарыяў. Якраз зараз абмяркоўваецца, у якім выглядзе беларускі парламент будзе прымаць удзел у парламенцкай асамблеі палітыкі Еўрасаюза «Усходняе партнёрства» (Еўранест). Дарэчы, 25–27 лютага ў Беларусь прыедзе місія Еўрапарламента, каб прыняць рашэнне аб фармаце беларускай дэлегацыі ў Еўранесце. А кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента хто? Паляк Яцэк Пратасевіч!
Дарэчы, у інтэрв’ю «Польскаму радыё» Пратасевіч не выключыў магчымасць, што з-за абвастрэння сітуацыі вакол Саюза палякаў ЕС пойдзе на «частковае замарожванне кантактаў з Мінскам». «Але калі ў Беларусі будуць рэалізоўвацца дэмакратычныя рэформы, то беларускія ўлады змогуць разлічваць на фінансавую дапамогу Еўрасаюза ў барацьбе з эканамічным крызісам», — сказаў польскі дэпутат.
Здаецца, не відаць Мартынаву, Беларусі і беларускаму парламенту ніякіх перспектыў у Еўрасаюзе, як сваіх вушэй без люстэрка. Але ўсё ж такі будзем спадзявацца, што «падстава» Мартынава скончыцца хэпі-эндам — як у стужцы пра трусіка Роджэра.