Ігар Пастноў: "Мы абсалютна бяспраўныя сёння"

У інтэрнэце з'явіўся чарговы відэазварот віцебскага ўрача Ігара Пастнова да землякоў. Пасля  прымусовага псіхіятрычнага лячэння "ўрач-праўдаруб", як называюць яго журналісты, па-ранейшаму смела агучвае свае думкі пра сітуацыю, у якую трапіў:



igar_pastnou_450x300.jpg

"Ні пракурор, ні суддзя, ні калегія абласнога суду не захацелі са мной сустрэцца, каб усё высветліць. Я застаўся адзін і практычна безабаронны".

Ігар Пастноў дзякуе за падтрымку сваім аднакурснікам, праваабаронцам і ўвогуле ўсёй той частцы грамадства, якая выступіла на ягоную абарону. Тым самым часам, як ён кажа, яму давялося перажыць здраду сваіх калег — пасля таго, як яго гвалтам забралі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне проста з працоўнага месца:

"Я адчуваў сябе, як дзяўчына, якую згвалтавалі. Прычым згвалтавалі свае ж калегі, свае ж сябры, з якімі вітаўся за руку, якім пасміхаўся. Прычым зрабілі гэта таксама з усмешкай — маўляў, для твайго ж здароўя".

16 жніўня  Ігара Пастнова забралі ў другое псіхіятрычнае аддзяленне Віцебскага абласнога цэнтру псіхіятрыі і наркалогіі, дзе да таго часу ён працаваў псіхіятрам-нарколагам. 21 жніўня прымусовае псіхіятрычнае лячэнне санкцыянаваў Віцебскі райсуд, прычым працэс праходзіў у адсутнасць самога Пастнова і ягоных прадстаўнікоў.

Урач Ігар Пастноў апынуўся на прымусовым псіхіятрычным лячэнні пасля перадапошнягя  відэазвароту да землякоў у інтэрнэце, дзе выказваў крытычныя меркаванні пра стан віцебскай медыцыны, а таксама заявіў пра тое, што яго цкуюць на працы і палохаюць змяшчэннем у псіхбальніцу. Супраць прымусовага лячэння віцебскі ўрач пратэставаў усімі магчымымі метадамі: адмаўляўся прымаць лекі, адмаўляўся самастойна рухацца, калі прыходзілі рабіць ін'екцыі. Тады лекі ўводзілі гвалтам, што сам Пастноў і віцебскія праваабаронцы расцэньваюць як катаванні.

20 верасня Ігара Пастнова перавялі з псіхіятрычнага шпіталя ў дзённы стацыянар. Ён паведаміў, што яму пастаўлены  дыягназ “разладжанне асобы па параноідным тыпе” і занепакоены тым, што любыя самастойныя захады па абароне сваіх правоў будуць трактавацца як абвастрэнне хваробы. Таму ён аформіў даверанасці на праваабаронцу Пятра Іванова і палітыка Сяргея Рыжова, каб тыя прадстаўлялі ягоныя інтарэсы і займаліся ягонай справай.

29 жніўня праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» заявіла пра гатоўнасць прызнаць Пастнова вязнем сумлення. 2 верасня была прынята сумесная заява Беларускага Хельсінкскага Камітэта і ПЦ «Вясна» з нагоды прымусовай шпіталізацыі Ігара Пастнова. Беларускія праваабаронцы  заклікалі кампетэнтныя органы "неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псіхіятрычнага стацыянара і перагледзець рашэнне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваннем устаноўленых працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разгляду".

З дапамогай праваабаронцаў Ігар Пастноў хоча дамагчыся зменаў у закон "Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі". Бо інакш, на ягоную думку, прызнаць псіхічна хворым можна кожнага, хто асмеліцца крытыкаваць улады ці працу дзяржаўных устаноў.

З пастаўленым яму дыягназам урач нязгодны, таму не хавае яго ад грамадскасці. Больш за тое – аддае журналістам выпісаку з гісторыі хваробы для публікацыі ў інтэрнэце.  Ён упэўнены, што тыя, хто яго ведае, могуць найлепш ацаніць яго псіхічны стан, і мяркуе дамагчыся незалежнага асведчання ў замежных спецыялістаў.

 
spring96.org