Ягор Лебядок: «Паток мігрантаў у Беларусь можна спыніць за адну гадзіну»

У беларускіх улад «усё пад кантролем» ці ўсё ж хітруюць?

grani7.jpg

Пяты месяц на заходніх межах Беларусі працягваецца міграцыйная эпапея. Сотні жыхароў Азіі і Афрыкі праз нашу краіну спрабуюць нелегальна трапіць у Еўропу. Здаецца, што рашэння канфлікту пакуль не відаць на гарызонце.

Тым не менш, прэс-сакратар польскага міністра-каардынатара спецслужб Станіслаў Жарын на сваёй старонцы ў Твітары напісаў наступнае: «Паводле апошняй інфармацыі, Мінск у цяперашні час не прымае пасажыраў, якія вылятаюць з іракскага аэрапорта "Эрбіль" (нават з ужо выдадзенай візай). Акрамя таго, МЗС РБ прыпыніла прыём заяў на атрыманне візы ад грамадзян Егіпта, Ірана, Нігерыі, Пакістана і Сірыі».

«Салідарнасць» запыталася ў вайсковага аналітыка Ягора Лебядка, ці можа гэта азначаць пачатак канца міграцыйнага крызісу.

— Трэба пачакаць, што адкажа беларускі бок на гэтыя заявы. Цяпер мы бачым інфармацыйную вайну паміж памежнымі службамі Беларусі і Польшчы. Гэта можа быць такі ўкід, тыпу, хлопцы, хопіць ужо. Ды і што заўгодна можа быць.

Але мігранты ўжо на самой справе праблема. Праблема для Беларусі, і чым бліжэй да зімы, тым складаней яна будзе. Адзінае выйсце — гэта спыніць на месяц-два бязвізы для патэнцыйных мігрантаў у Еўропу. Хіба што зіма натуральным шляхам разруліць сітуацыю.

Цікава, што нават летам у сваіх суполках мігранты пісалі, што ў Мінску холадна, трэба браць з сабой цёплае адзенне. І гэта ў цёплыя месяцы, тады як цяпер бывае нуль градусаў, дождж, вецер.

Цікавая дэталь, якую заўважыў на днях у мігранцкіх суполках. Усё часцей гучыць пытанне, як з пераходам польскай мяжы ва Украіне. Так што яны і гэты кірунак ужо разглядаюць. Гэта значыць, спачатку трапляюць у Беларусь, потым ва Украіну і адтуль — у Польшчу.

У Польшчы мігрантаў адфутбольваюць, а ісці ім кудысьці трэба.

Гэта летам, нават цяпер, яны яшчэ маглі пасядзець у лесе, а калі тэмпература будзе мінусовай, то дзе яны пасядзяць? Трэба будзе ісці да дамах, шукаць прытулку.

Калі, скажам, за тыдзень яны не змогуць перайсці мяжу, то трэба будзе ісці адразу ў маленькія гарады каля яе, а потым і вяртацца ў Мінск, дзе можна здабыць грошы рознымі шляхамі.

Калі ўлічыць, што мігрантаў у Беларусі ўжо вельмі шмат, то ўсё гэта выходзіць з-пад кантролю. Многія пачынаюць разумець, што гэта праблема, але паглядзім, ці прыпыняць для такіх людзей бязвізавы рэжым.

На мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка правёў нараду, дзе назваў сітуацыю на мяжы «гуманітарнай катастрофай».

— Нарада па мігрантах якраз і ёсць адлюстраванне дадзенай праблемы. Менавіта таму паклікалі на нараду кіраўніка МУС Кубракова. Праз пару дзён ён сказаў, што ў Беларусі ўсё пад кантролем. Але ў нас кажуць «усё пад кантролем», калі гэты кантроль даўно страчаны.

Напярэдадні беларускае МЗС дало вельмі рэзкі адказ польскаму боку, які спрабаваў перадаць мігрантам на мяжу гуманітарную дапамогу. Усё ж гэта працяг эскалацыі?

— Па гуманітарнай дапамозе грубы адказ беларускага МЗС зразумець можна. Справа ў тым, што польскі бок не узгадняе свой візіт з беларускім, а потым кажа, што вось, нас не пускаюць. Ну дык нідзе ў свеце не пусцілі б. Але на самой справе ніякіх кантактаў паміж бакамі цяпер няма, сувязі перапынілі і кожны працуе сам па сабе. Гэта таксама вялікая праблема. А яшчэ і нейкія правакацыі часам з'яўляюцца.

Безумоўна, рэсурс для вырашэння крызісу ў Беларусі ёсць.

Для пачатку, пра тых людзях, якія яшчэ не прыляцелі сюды. Не па зямлі праз Расію мігранты да нас трапляюць, а паветрам. Проста не пускай гэтыя самалёты. Ці не прапускай людзей на пашпартным кантролі. Але ў цэлым паток мігрантаў у Беларусь можна спыніць за адну гадзіну.

Што тычыцца людзей, якія ўжо ў Беларусі — гэта вялікая праблема, як з імі паступіць. Вяртацца на радзіму яны не хочуць, а калі і захочуць, то патрэбныя грошы для іх адпраўкі. Хутчэй за ўсё, адлоўліваць тут іх ніхто не будзе, а паспрабуюць выправадзіць у суседнія краіны.