Польскі прэм’ер: «Еўрасаюз цалкам падтрымлівае Польшчу, Латвію і Літву ў гібрыднай вайне»
Матэвуш Маравецкі адзначыў, што рашэнне працягнуць надзвычайнае становішча ў Польшчы сустрэла разуменне і падтрымку з боку ЕС, паведамляе «Свабода».
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі абмеркаваў з кіраўнікамі іншых краін Еўрасаюза сітуацыю на мяжы з Беларуссю. Сустрэча прайшла ў замку Брдо ў Славеніі падчас саміта ЕС — Заходнія Балканы.
Паводле слоў кіраўніка польскага ўрада, Варшава карыстаецца поўнай падтрымкай Бруселя ў сітуацыі, звязанай з міграцыйным крызісам на мяжы Еўрасаюза і Беларусі.
Маравецкі падкрэсліў, што польска-беларуская мяжа таксама з’яўляецца ўсходняй мяжой Еўрасаюза. «Тут відавочна, што нам неабходна было ўвесці рэжым надзвычайнага становішча».
Матэвуш Маравецкі зазначыў, што ўсе тры краіны Еўрасаюза, якія мяжуюць з Беларуссю — Польшча, Латвія і Літва, — карыстаюцца поўнай і абсалютнай падтрымкай Еўрасаюза ў справе абароны сваіх межаў ад нелегальнага пераходу з боку мігрантаў.
На мінулым тыдні Польшча працягнула рэжым надзвычайнага становішча яшчэ на два месяцы — за гэта прагаласаваў Сейм краіны.
Акрамя таго, Маравецкі яшчэ раз абвінаваціў Лукашэнку ў штучным стварэнні міграцыйнага крызісу, «гібрыднай вайны» супраць суседзяў.
Польскі прэм’ер заўважыў, што рост кіберзлачынстваў у Еўропе адбываецца дзякуючы падтрымцы ўсходніх суседзяў Польшчы, і тое, што хакерскія атакі ладзяцца менавіта паводле загадаў з Усходу, «цяпер стала відавочным для ўсіх у блоку».