Як адрозніць каронавірус ад грыпу? Міністр і галоўурачы адказалі на пытанні аб COVID-19
8 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік, галоўны ўрач 1-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска Дзмітрый Шаўцоў і галоўны ўрач 6-й гарадской бальніцы Ігар Юркевіч у прамым эфіры гадзіну адказвалі на пытанні аб COVID-19. TUT.BY сабраў галоўныя тэзісы, якія агучылі лекары.

У чым адрозненне каронавіруснай інфекцыі ад грыпу? Шляхі і механізмы заражэння блізкія, кажа Ігар Юркевіч — кантактны і паветрана-кропельны.
Але тэрміны інкубацыі пры грыпе, напрыклад, 2—3 дні, і клінічная карціна праяўляе сябе ярчэй: рэзка падымаецца тэмпература, з'яўляюцца жар, дрыжыкі, інтаксікацыя ўсяго арганізма.
Пры каронавірусе інкубацыйны перыяд доўжыцца прыкладна 6—7 дзён, клініка з'яўляецца паступова. У інфікаваных можа рэзка змяніцца або знікнуць нюх, з'яўляецца кашаль, часам узнікаюць цяжкасці з дыханнем. Пры гэтым, адзначыў міністр Уладзімір Каранік, для каронавіруса менш характэрны насмарк.
Лекары кажуць, што сярод іх пацыентаў больш за ўсё людзей ва ўзросце 50—60 гадоў, хоць у стацыянары 6-й бальніцы ёсць і маладыя пацыенты. Як грып, так і каронавірусная інфекцыя найбольш небяспечныя (у плане ўскладненняў) для людзей з цукровым дыябетам, лёгачнымі і імуннымі захворваннямі.
Бяспечная адлегласць, пры якой вірус не перадаецца, — 1—1,5 метра, калі чалавек кашляе і чхае — адлегласць павялічваецца. Па рызыку заражэння праз паветраводы ідзе дыскусія. Уверх вірус не павінен распаўсюджвацца, уніз — можа, лічыць Уладзімір Каранік. Параду праветрываць пакой ніхто не адмяняў.
Па апошніх дадзеных, вірус жыве на метале 6 гадзiн, на пластыку да 2 сутак. Таму важна апрацоўваць, напрыклад, транспарт. Але праз непашкоджаную скуру вірус не трапляе ў арганізм, адсюль і рэкамендацыя мыць рукі часцей.
Цяпер праблем з тэставаннем на каронавірус няма. Інфекцыйная бальніца ў Мінску дае адказы ў анлайн-рэжыме. Мінскія лякарні за суткі атрымліваюць адказы па ўсіх пацыентах. Міністр кажа, што па краіне працуе 13 лабараторый, якія праводзяць тэсты. Таксама праходзіць тэставанне экспрэс-тэстаў на антыцелы. Каранік сцвярджае, што тэсты ў нас дакладныя, але сістэмы новыя, яны распрацоўваліся ў гэтым годзе, так што выяўленне ілжэстаноўчых вынікаў таксама магчымае.
У бліжэйшы час беларускія лекары плануюць вырабіць плазму крыві, узбагачаную антыцеламі супраць каронавіруса. Яе будуць выкарыстоўваць для лячэння пацыентаў з цяжкай формай цячэння хваробы.
Ці выпрацоўваюцца антыцелы ў перахварэлых COVID-19, ці развіваецца імунітэт? Па словах лекараў, ідзе дыскусія аб стойкасці імунітэту і пра тое, які тэрмін ён дзейнічае. У Беларусі таксама даследуюць ачунялых пацыентаў, каб адказаць на гэтыя пытанні. Па словах міністра, калі арганізм з вірусам сустракаўся, то нават яго мутаваныя штамы пераносяцца значна лягчэй. Але канчатковыя высновы будуць пазней.
Вірусная пнеўманія, якая можа выклікаць каронавірус, адрозніваецца тым, што развіваецца паступова: тэмпература субфебрыльная, кашаль працяглы, не прыносіць палягчэння, ёсць сімптомы інтаксікацыі (слабасць, потлівасць і інш). Каб вызначыць, ці ёсць пнеўманія, пацыента накіроўваюць альбо на рэнтген, альбо на КТ. Арыенцір — на КТ. Гэта даследаванне ўваходзіць у стартавы набор даследаванняў пацыента для выключэння пнеўманіі. Па вопыце лекараў, большасць выпадкаў каронавіруснай інфекцыі праходзіць у лёгкай форме. У 20% — пнеўманія, у 5% — яе цяжкі працяг. Ёсць прыклады пацыентаў, якіх знялі з ШВЛ, у тым ліку сярод іх былі людзі сталага ўзросту з анкалогіяй. У Беларусі цяпер любая пнеўманія, якая ўзнікла ў стацыянары, разглядаецца як каронавірусная інфекцыя, і пацыент неадкладна ізалюецца.
Уладзімір Каранік распавёў пра смяротнасць ад пнеўманіі ў мінулым годзе і ў гэтым. За тры месяцы 2019-га ад пнеўманіі памерлі 277 чалавек, за тры месяцы 2020 га — 254.
Міністэрства аховы здароўя праводзіць кансультацыі з каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі, як правесці святы бяспечна. Як толькі будзе прынята рашэнне, пра яго паведамяць.
Сітуацыя ў Віцебску адрозніваецца ад астатніх рэгіёнаў. Па словах міністра, гэта адбылося на фоне актыўнага перамяшчэння насельніцтва, у тым ліку праз усходнюю мяжу: «Сітуацыя не палохае, але напружаная». Колькасць тых, хто захварэў у Віцебску, ніжэйшая, чым у Мінску, але ў параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі — вышэйшая. У Віцебску перапрафілявалі бальніцы, арганізавалі пункты рэспіраторнай падтрымкі, дадаткова закупілі лекавыя сродкі.
Праблема з маскамі ёсць не толькі ў нашай краіне, яна цяпер востра стаіць у многіх краінах. Цяпер пастаўлена задача: пашырыць выпуск гэтых вырабаў. «Мы б іх купілі недзе, але на сённяшні дзень экспарт масак у многіх краінах забаронены», — патлумачыў міністр аховы здароўя. Да канца гэтага тыдня легпрам павінен выйсці на выпуск да 1 млн масак у суткі. Гаворка не толькі пра марлевыя і тканкавыя, але пра маскі з нятканых матэрыялаў, якія выкарыстоўваюць лекары. Далей плануецца павялічыць выпуск масак да 2 млн штук у суткі.
За два тыдні быў скуплены 14-месячны запас парацэтамолу. Прыём парацэтамолу і супрацьгрыпозных прэпаратаў без прызначэння можа нанесці больш шкоды, чым каронавірус. Магчыма, увядуць абмежаванне на водпуск гэтага прэпарата. На думку міністра, парацэтамол могуць вывозіць за межы краіны па шэрых каналах.
Усе замежнікі, якія прыязджаюць на БелАЭС, праходзяць лабараторнае тэставанне. Міністр аховы здароўя пацвердзіў, што ў групы будаўнікоў, якія прыбылі на станцыю, станоўчы вынік на каронавірус, яны шпіталізаваны. Цяпер вызначаецца, ці хворыя яны, ці з'яўляюцца носьбітамі. Па словах Караніка, гэта тыя будаўнікі, якія не ўдзельнічалі ў пуску і наладцы, яны былі на 14-дзённым каранціне.
Адсотак людзей, якія ігнаруюць заклік Міністэрства аховы здароўя да адказнасці (гаворка пра тых, хто павінен самаізалявацца), усё яшчэ высокі, сказаў міністр. На дадзены момант у медыкаў няма спосабаў пакараць такіх пацыентаў матэрыяльна. Міністэрства аховы здароўя спадзяецца на адказнасць людзей, паколькі гэта ў першую чаргу тычыцца іх блізкіх. Цяпер прапрацоўваецца пытанне таго, каб увесці адміністрацыйную адказнасць за парушэнне ўмоў самаізаляцыі. Калі рашэнне будзе прынята, адпаведны загад апублікуюць.
Работнікі сферы паслуг (гаворка ідзе пра гандлёвыя сеткі) сёння абавязаныя насіць маскі.
Ні аднаго выпадку адмовы ў шпіталізацыі з-за таго, што не хапіла месцаў, не было і не прадбачыцца, заявіў Уладзімір Каранік.
Стаматолагі перастаюць аказваць дапамогу планавым пацыентам. Гэта правільна, лічаць лекары, бо пацыент стаматолага можа апынуцца носьбітам віруса і заразіць лекара. Усе планавыя медыцынскія працэдуры зараз лепш адкласці. Але ёсць выключэнні — напрыклад, дапамога анкапацыентам. У анкацэнтры ўзмоцнены меры дэзрэжыма.
Лекары просяць не вадзіць хворых дзяцей у дзіцячыя сады. Па іх словах, дадзеная сітуацыя — гэта добрая нагода задумацца і павысіць узровень адказнасці перад блізкімі і грамадствам. Але гэта не значыць, што хворых дзяцей трэба «павесіць» на бабуль і дзядуль.
— Сёння ёсць усе меры, якія дазваляюць самаізалявацца, — з дапамогай лістоў непрацаздольнасці. Ніхто не будзе чыніць ніякіх перашкодаў, — кажа галоўны ўрач 6-й бальніцы Ігар Юркевіч.
Вуліцы мыюць і апрацоўваюць ва ўсіх рэгіёнах. Дэзінфекцыю ўзмацняюць — апрацоўваюць месцы агульнага карыстання, грамадскі транспарт, прыпынкі, у тым ліку пры дапамозе механічнай чысткі. «Вірус цяжкі і даволі нядрэнна змываецца, таму дэзапрацоўка мае сэнс», — кажа міністр.
Тое, што на пандэмію паўплывае цёплае надвор'е, спрэчна. Цёплы клімат мала ўплывае на зніжэнне распаўсюджвання каронавіруса.
Міністр аховы здароўя Каранік кажа: гэта не апошняя пандэмія, якую мы перажываем.
tut.by