Як беларусы галасавалі да Ярмошынай. Некалькі цікавых фактаў пра выбары-1994, на якія вы маглі забыцца

У панядзелак у адстаўку сышла Лідзія Ярмошына — жанчына, якая не варыла баршчы, але чвэрць стагоддзя ўзначальвала Цэнтральную выбарчую камісію Беларусі. Сышла эпоха, адзначылі медыя, і з гэтым цяжка спрачацца незалежна ад вядомых канатацый.

1_510.jpg

ЦВК Ярмошынай — гэта бездакорны канвеер, які па першай кіруючай патрэбе спагадліва выдаваў правільныя лічбы на любых выбарах. За 25 гадоў ён не схібіў аніразу, і кожная электаральная перамога рэжыма Аляксандра Лукашэнкі абавязкова палягала ў дыяпазоне суверэннай беларускай элегантнасці — недзе ад 75 да 85 адсоткаў безагаворачнай падтрымкі ўжо ў першым туры.

Выключэннем не стала нават прэзідэнцкая кампанія-2020, калі фантасмагарычнасць такіх лічбаў выявілася відавочнай не толькі для апанентаў, але і для прыхільнікаў улады. Відаць, у тым ліку і леташнія сейсмічныя падзеі паўплывалі на далейшы лёс шматгадовай старшыні ЦВК — каравул стаміўся ад бясконцых трыумфаў на ўсіх франтах народаўладдзя. То каравул і сышоў — з выбарчых ніў на пачэсную пенсію, не чакаючы лютаўскага рэферэндуму.

Як будзе далей з практыкамі ЦВК, час пакажа, аднак наўрад ці законы арыфметыкі ў тых епархіях моцна зменяцца. І тым больш — стануць такімі, як некалі. У тыя старажытныя часы, калі выбары былі сапраўды канкурэнтнымі і пераможцу не маглі загадзя ведаць і самі ўдзельнікі працэса.

Такімі былі, у прыватнасці, прэзідэнцкія выбары 1994 года — адзіныя ў суверэннай беларускай гісторыі, да працэдуры і вынікаў якіх не мела асаблівых пытанняў міжнародная супольнасць. Перамог тады — і перамог чэсна — адзін малады дырэктар саўгаса з дэпутацкім мандатам. Як гэта было, і ў якой адчайнай барацьбе праходзіла, мы сёння вырашылі ўзгадаць. На некалькіх яскравых прыкладах, на якія вы маглі забыцца, бо столькі гадоў прайшло.

Выбары-1994. Пераможца вызначыўся толькі ў другім туры

Першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі — адзіныя, дзе барацьба расцягнулася на два туры. На месца кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі шасцёра. Апошні партыйны бос БССР і галава суверэннага Саўміна Вячаслаў Кебіч. Старшыня антыкарупцыйнай парламенцкай камісіі і саўгасны лідар са Шклова Аляксандр Лукашэнка. Былы спікер Вярхоўнага Савета, прафесар Станіслаў Шушкевіч. Правадыр партыі БНФ Зянон Пазняк. А таксама аграрнік Аляксандр Дубко і камуніст Васіль Новікаў.

Намер балатавацца мелі яшчэ дзясятка паўтара чалавек, уключаючы Канстанціна Бубена з кааператыву «Бэта-88» і Івана Каравайчыка з фірмы «Растверк», але ў іх нешта не склалался са зборам подпісаў.

Асноўная барацьба разгарнулася паміж былым савецкім наменклатуршчыкам Кебічам і палымяным папулістам Лукашэнкам, аднак заўважную ролю ў прэзідэнцкай гонцы гралі і Пазняк з Шушкевічам. Кандыдаты мелі доступ да СМІ, іх твары мільгацелі на дзяржаўным ТБ, яны актыўна прасоўвалі свае праграмы.

У выніку перамог Лукашэнка, аднак вырашальнай большасці ён не набраў. З паказчыкам 44,82 працэнты ён выйшаў у другі тур, прыхапіўшы з сабой Кебіча з ягонымі 17,33 адсоткамі.

Другі тур, зразумела, стаў трыўмфам палітыка-навічка. Яго падтрымалі больш за 80 працэнтаў электарату, і гэта быў яскравы прыклад пратэснага галасавання — бачыць на чале краіны абрыдлага бонзу Кебіча беларусы вельмі не хацелі.

Таму першае, што варта зафіксаваць: менавіта Лукашэнку на першых выбарах бачыла сваім прэзідэнтам меншасць выбаршчыкаў. У падаўляючую большасць меншасць пераўтварылася ўжо пасля прызначэння Лідзіі Ярмошынай.

2_470.jpg

Мінск. За маладога кандыдата — толькі чвэрць

У сеціве лёгка знайсці падрабязнасці таго волевыяўлення. Падрабязнасці месцамі надта цікавыя і паказальныя.

Напрыклад, толькі дзве вобласці з шасці аддалі перамогу кіпучаму шклоўцуў першым туры. Гэта, натуральна, Магілёўская, адкуль родам Лукашэнка (63 працэнты), і Брэсцкая — 53,5. Астатнія рэгіёны ў даярмошынскія часы, калі губернатары яшчэ не смелі «перастарацца», падтрымалі няўрымслівага франдзёра меншасцю галасоў. Віцебшчына дала 46 адсоткаў, Гомельшчына — 45,5, Міншчына — 44,5. Гродзеншчына дык увогуле адшкадавала толькі 35,9, хаця суседняя Польшча яшчэ, здаецца, не лялькаводзіла і не стварала на мяжы дыверсій з мігрантамі па замове заакіянскіх куратараў.

Аднак самыя нізенькія лічбы за кандыдата Лукашэнку прыйшлі тады ў ЦВК з Мінска — усяго 26,5 працэнты. Так, як і ўсюды, гэта быў лепшы паказчык сярод удзельнікаў, але ж відавочна: не надта прагнулі беларусы — і мінчукі асабліва — займець новым кіраўніком дзяржавы беспартыйнага прэтэндэнта з саўгаса «Гарадзец». У сталіцы наогул галасы размеркаваліся на дзіва шчыльна: 20-адсоткавую мяжу таксама пераадолелі Шушкевіч і Пазняк.

Прэм’ер Кебіч у Мінску набраў толькі 18,2 працэнта і ўжо з гэтага было відаць: любімую ён аддасць.

Астравеччына і Смаргонь. Татальна супраць Лукашэнкі

Яшчэ болей адметнага можна знайсці, калі навесці рэзкасць на галасаванне ў асобных рэгіёнах. Знаёмыя плюс-мінус 80 працэнтаў Лукашэнку далі толькі ў шасці раёнах Магілёўшчыны (але дастатковыя для перамогі ў першым туры 50+ ён там атрымаў амаль паўсюль) і двух раёнах Брэстчыны і Віцебшчыны — Драгічынскім і Ліёзненскім.

Пры гэтым некаторыя рэгіёны адзначыліся паслядоўным волевыяўленнем не на карысць будучага галоўнакамандуючага. Найперш тут, вядома, вылучаюцца два «кавалачкі зямлі» на Гродзеншчыне: гэта Смаргонь — усяго 16 працэнтаў за Лукашэнку (трэцяе месца на дваіх з Шушкевічам) і Астравецкі раён — 15 працэнтаў (чацвёртае месца, болей было нават у Дубко).

Увогуле там, дзе электаральныя сімпатыі былі на баку Аляксандра Лукашэнкі, ён меў часцей за ўсё «еўрапейскі» ўзровень падтрымкі — каля 55-60 адсоткаў. Пры гэтым у цэлым шэрагу выбарчых кластэраў самы малады кандыдат і блізка не атрымаў паловы галасоў. Барысаў — 27,2, Вілейка — 31,3, Маладзечна — 25,3, Ліда — 24,9, Слонім — 27,8, Валожынскі раён — 33, Столінскі — 32,3, Браслаўскі — 25,7, Пастаўскі — 26,7, Чачэрскі — 28,5, Смаргонскі — 20,6, Іўеўскі — 26,7. Характэрна, што невялікія раёны часта ішлі супраць трэндаў больш шчыльнымі радамі, чым буйныя гарады.

Што да лакальных поспехаў іншых прэтэндэнтаў, то Кебіч выйграў толькі ў Барысаве ды Веткаўскім, Чачэрскім і Полацкім раёнах. У Пазняка атрымалася лепей: за яго паўсталі Вілейка, Маладзечна, Смаргонь, Ліда, а таксама Браслаўскі, Смаргонскі, Астравецкі і Іўеўскі раёны. Відавочна, што ў другі тур лідар БНФ не прайшоў праз вялікі антырэйтынг — яго ваяўнічую арыентацыю на нацыянальныя каштоўнасці амаль цалкам адрынулі Магілёўшчына і Гомельшчына.

Другі тур. Вось дык супадзенне

Як было адзначана вышэй, па выніках волевыяўлення ў першым туры Аляксандр Лукашэнка набраў 44,82 працэнта, Вячаслаў Кебіч — 17,33. Астатнія ўдзельнікі прэзідэнцкая гонкі мелі такія лічбы: Зянон Пазняк — 12,82, Станіслаў Шушкевіч — 9,91, Аляксандр Дубко — 5,98, Васіль Новікаў — 4,29.

Ужо тады было зразумела, што ў другім туры Кебіч шанцаў амаль не мае. Паводле спрадвечных законаў сацыялогіі, ён — шматгадовы чыноўнік БССР і член абрыдлай КПСС — спаўна зведаў на сабе пратэставае галасаванне. І атрымаў толькі 14,17 адсоткаў галасоў. Лукашэнка ж адпаведна ўзнёсся да нябёс — за яго па дзіўным супадзенні прагаласавалі 80,1 працэнта выбаршчыкаў. То-бок столькі ж, колькі было ў жніўні 2020-га — праз 26 гадоў.

Дарэчы, менавіта феномен пратэснага галасавання прывёў да прэзідэнцтва ва Украіне Уладзіміра Зяленскага. У першым туры на выбарах-2019 былы комік набраў усяго 30 адсоткаў, тады як у другім, застаўшыся сам-на-сам з Пятром Парашэнкам, малады кандыдат рэзка дадаў у папулярнасці — і з выніковымі 73 працэнтамі выйграў кампанію.

Аднак жа сапраўдная падтрымка Зяленскага так і засталася на ўзроўні 30 адсоткаў — то-бок каля той мяжы, да якой спакваля рэйтынг Зэ пасля і спікіраваў.

Кіраўнік ЦВК. Хто такі Абрамовіч?

Яўка выбаршчыкаў у першым туры выбараў-1994 склала амаль 79 працэнтаў (у другім туры — 70,6). Гэта даволі высокія паказчыкі, і яны сведчаць пра тагачасную палітызаванасць беларускага грамадства. Не дзіўна: жыццё ў краіне пасля распаду СССР было цяжкім, многія бачылі выйсце якраз рэфармаванні дзяржаўнага ладу.

Палітычная актыўнасць віравала, агітацыя лілася праз усе інфармацыйныя крыніцы, людзі спрачаліся «пра палітыку» на вуліцах і кухнях. Між тым, той выбарчы працэс ідэалізаваць нельга. Былі і адміністрацыйны рэсурс у Кебіча, і скаргі на несправядлівае размеркаванне эфірнага часу. Галоўнага, аднак, у кампаніі 1994-га не адняць — першага прэзідэнта беларусы абіралі на рэальна канкурэнтнай аснове, галасы лічылі, і іх колькасць вырашала ўсё.

3_419.jpg

Цікава, што на гэтым фоне фігура кіраўніка ЦВК мала чым вылучалася. І сёння не кожны з удзельнікаў той электаральнай эпапеі нават узгадае яго імя. А імя, канешне, было — Аляксандр Абрамовіч, доктар юрыдычных навук. Правёў выбары яго Цэнтрвыбаркам, зацвердзіў вынікі дый усё на тым скончылася. Еўрапейскі саюз і ЗША нараканняў не выказалі.

Да прызначэння ў ЦВК Лідзіі Ярмошынай заставалася два з паловай гады.

Фота «Рэспубліка», «Віцебскі рабочы».