Валерый Карбалевіч пра адстаўку Ярмошынай: Сістэму мяняць трэба, а не асобных чыноўнікаў
Беларускі палітолаг Валер Карбалевіч — пра ўчорашні «сыход эпохі».
— Здавалася,
гэтая кар’ера не скончыцца ніколі, — піша Валерый Карбалевіч. — Мяняліся міністры,
кіраўнікі ўраду, старшыні КДБ, кіраўнікі адміністрацыі прэзідэнта і старшыні
аблвыканкамаў. А яна заставалася.
Чвэрць
стагоддзя. Бо яе пасада больш важная. Яна забяспечвала нешта такое, што
вызначаецца такім мудрагелістым, трохі эфемерным тэрмінам, як «легітымнасць»
існага рэжыму і яго кіраўніка.
Яе з'яўленьне на
пасадзе старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі (ЦВК) адбылося з парушэннем
закону. Прызначэнне кіраўніка ЦВК было прэрагатывай Вярхоўнага Савету. Аднак
Лукашэнка парушыў заканадаўства і ў 1996 годзе прызначыў Лідзію Ярмошыну на
пасаду старшыні ЦВК сваім указам.
А яе папярэдніка,
законнага кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара, супрацоўнікі Службы бяспекі
прэзідэнта літаральна вынеслі на руках з кабінета. То бок яе кар’ера пачалася,
з прававога гледзішча, з своеасаблівай родавай траўмы. І гэтая сумнеўная
законнасць спадарожнічала ёй увесь час яе працы.
Галоўны вынік
25-гадовай дзейнасці Лідзіі Ярмошынай — гэта стварэнне своеасаблівай выбарчай
машыны, якая чвэрць стагоддзя працуе як гадзіннік, дае патрэбны ўладам
вынік. Гэтая машына настолькі дасканалая, што ўвойдзе ў падручнікі, якія
апісваюць механізм несапраўдных выбараў. Гэта нават няправільна было б назваць
фальсіфікацыямі.
Падчас беларускіх
выбараў адбываецца нешта вельмі своеасаблівае і непаўторнае. Проста
волевыяўленне выбаршчыкаў падчас галасавання і афіцыйныя вынікі — гэта дзьве
паралельныя рэальнасці, якія ніколі не перасякаюцца.
Не адна Ярмошына
стварала гэтую выбарчую машыну. Гэта была праца ўсяе выканаўчае вертыкалі.
Аднак кіраўніца ЦВК займалася юрыдычным афармленнем, палітычным апраўданнем,
рытарычным абгрунтаваннем. І рабіла гэта віртуозна, натхнёна, з энтузіязмам,
выкарыстоўваючы ўвесь свой нядобры талент дзеля ўмацавання рэжыму.
Таму Ярмошына —
гэта не проста чалавек з такім прозвішчам, не проста чыноўнік на адказнай
пасадзе. За 25 гадоў гэтае прозвішча стала брэндам. Таму Лукашэнка так доўга
за яе трымаўся. Бо пакуль яна заставалася на чале ЦВК, усе кіраўнікі вертыкалі
на месцах, старшыні выбарчых камісій добра разумелі, што выбары павінны
прайсці па звычайнай схеме.
Але 2020 год усё
паламаў. Аказваецца, паводле дадзеных Інстытуту сацыялогіі, рэйтынг даверу
Цэнтравыбаркаму ў Мінску ў красавіку таго году складаў 11 працэнтаў. Нізкі
давер да ЦВК спрычыніўся і да сумнеўнай легітымнасці прэзідэнцкіх выбараў.
Наступствы гэтага мы добра бачылі.
Выбары не
прызнала ні большасць беларускага грамадзтва, ні Захад. Зразумела, не толькі
Ярмошына ў гэтым вінаватая. Але ж яна — брэнд.
І напярэдадні
новай электаральнай кампаніі Лукашэнка імкнецца вярнуць легітымнасць ЦВК, усёй
працэдуры галасавання і іх вынікам. А для гэтага трэба зрабіць рэбрэндынг,
замяніць ранейшы сапсаваны брэнд на новы, іншы, які не нясе негатыўнай
нагрузкі.
Аднак наўрад ці з
гэтага нешта выйдзе. Бо тут, як у вядомым анекдоце, сістэму мяняць трэба, а не
асобных чыноўнікаў.