Як дыктатары пакідаюць пасады і хто прыходзіць на змену?

З 20 незалежных краін Лацінскай Амерыкі 18 былі аўтарытарнымі. Узнікае пытанне: а чаму ж такое адбывалася?

Бяздомны спіць пад сцяной з выявай партрэта дыктатара Гаіці Франсуа Дзювалье, 1975 год. Фота: Alex Webb/Magnum Photos

Бяздомны спіць пад сцяной з выявай партрэта дыктатара Гаіці Франсуа Дзювалье, 1975 год. Фота: Alex Webb/Magnum Photos

Сімон Балівар, Хуан Дамінга Перон, Аўгуста Піначэт, Франсуа Дзювалье. Нават калі вы не цікавіліся падрабязнай гісторыяй краін Лацінскай Амерыкі, то, хутчэй за ўсё, чулі гэтыя імёны і ведаеце, што гаворка ідзе пра самых вядомых дыктараў, якія ў розныя перыяды гісторыі кіравалі краінамі гэтага рэгіёна. Чаму менавіта ў Лацінскай Амерыцы нараджаліся жорскія аўтарытарныя рэжымы, чым яны падобныя да беларускага і які лёс напаткаў тамтэйшых дыктарараў пасля падзення іх улады?

 Пра гэта «Люстэрка» пагутарыла з беларускім гісторыкам Яўгенам Красуліным, кандыдатам гістарычных навук. 

«Колькі ні выцягвай людзей з дыктатуры — яны ўсё адно прагнуць моцнай рукі»

— Чаму так шмат краінаў менавіта ў Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы сталі аўтарытарнымі ў другой палове ХХ стагоддзя? Ці гэта стэрэатып?

— З аднаго боку, стэрэатып, але з іншага — не. Безумоўна, Лацінская Амерыка трымала пальму першынства ў другой палове дваццатага стагоддзя. Прычым гэта канкрэтны перыяд — 70−80-я гады. З 20 незалежных краін 18 былі аўтарытарнымі. І тут, вядома, узнікае пытанне: а чаму ж такое адбывалася?

Ёсць даволі папулярнае меркаванне, што існуе нейкі ген дыктатуры — маўляў, некаторыя нацыі маюць схільнасць да яе. Вядома, гэта абсалютна ненавуковы падыход. Ніякага гену дыктатуры няма, усе нацыі маюць абсалютна аднолькавую схільнасць і да дыктатуры, і да дэмакратыі.

Тады пытанне: чаму ў пэўныя перыяды ў некаторых краінах і рэгіёнах дамінуюць дыктатуры? Набор фактараў вельмі складаны і шырокі. У першую чаргу гэта ўнутраная палітычная стабільнасць. Вельмі часта першым крокам у бок дыктатуры быў прыход у палітыку гвалту. Гэта загубіла шмат цудоўных дэмакратый, у тым ліку ў свой час і Рымскую рэспубліку (у 44 годзе да нашай эры змоўшчыкі забілі дыктатара Юлія Цэзара, пасля чаго пачаўся працэс трансфармацыі Рымскай рэспублікі ў імперыю. — Заўв. рэд).

Яўген Красулін у Марскім музеі Гданьска, Польшча, верасень 2023 года. Фота ад суразмоўцы. Скончыў гістарычны факультэт і аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000). З 2003 года працаваў на гістфаку БДУ, быў звольнены ў лютым 2022-га. Першапачаткова спецыялізаваўся на вывучэнні цывілізацыі мая. Кола навуковых інтарэсаў: гісторыя Кітая, дакалумбавыя цывілізацыі Новага Свету, гісторыя Афрыкі, мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, дыктатарскія рэжымы Лацінскай Амерыкі.

Яўген Красулін у Марскім музеі Гданьска, Польшча, верасень 2023 года. Фота ад суразмоўцы. Скончыў гістарычны факультэт і аспірантуру Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000). З 2003 года працаваў на гістфаку БДУ, быў звольнены ў лютым 2022-га. Першапачаткова спецыялізаваўся на вывучэнні цывілізацыі мая. Кола навуковых інтарэсаў: гісторыя Кітая, дакалумбавыя цывілізацыі Новага Свету, гісторыя Афрыкі, мадэрнізацыйныя працэсы ў краінах Азіі, дыктатарскія рэжымы Лацінскай Амерыкі.

Яшчэ адзін фактар — пагрозы ад ворагаў, уварванне звонку. Ёсць такія ілюзіі, што калі ў вас пануе дыктатура і нехта звонку дапаможа, то ўсё атрымаецца. Усё ж не. Як паказвае статыстыка, пасля такіх вызваленняў, за рэдкімі выключэннямі, ізноў усталёўваецца дыктатарскі рэжым.

Наступны фактар — эканамічныя, сацыяльныя праблемы. Увогуле, сітуацыя, у якой грамадства пачынае быць незадаволеным сваёй палітычнай элітай і шукаць ці іншых шляхоў развіцця, ці абароны ад нейкіх пагрозаў, заканчваецца ў адным выпадку прыходам да ўлады папулістаў і дэмагогаў. Абяцанні такіх палітыкаў вельмі добра кладуцца на душы выбарцаў, асабліва калі ў гэтых краінах няма добра распрацаванай палітычнай культуры.

Другі варыянт — гэта калі людзі пачынаюць шукаць моцнай рукі. Скажам, ёсць вонкавая пагроза, бандытызм ці нейкія радыкальныя ідэалагічныя рухі ўнутры краіны — і тады на запыт грамадства прыходзіць чалавек, які кажа, што ведае, як усё гэта вырашыць.

Лацінская Амерыка і нарадзіла такі вобраз моцнай рукі, калі ў пачатку ХІХ стагоддзя была вайна за незалежнасць, тое, што звязана з імем Сімона Балівара (лацінаамерыканскі палітычны дзеяч, кіраўнік вайны за незалежнасць краінаў рэгіёна ад Іспаніі, нацыянальны герой Венесуэлы. — Заўв. рэд.), які прывёў лацінаамерыканскі рэгіён да вызвалення ад панавання іспанцаў. Але пры гэтым зрабіў выснову, што людзі, якія аддаюць сябе рэвалюцыйнай барацьбе, займаюцца араннем мора. Такім чынам ён хацеў сказаць, што колькі ні выцягвай людзей з тыраніі і дыктатуры — яны ўсё роўна прагнуць моцнай рукі.

У сваім палітычным тэстаменце ён напісаў, што не варта дапамагаць людзям атрымаць волю, а найлепшае, што можна зрабіць у Лацінскай Амерыцы — гэта эміграваць адтуль.

Карціна «Смерць Сімона Балівара», мастак Антоніа Эрэра Тора, 1889 год

Карціна «Смерць Сімона Балівара», мастак Антоніа Эрэра Тора, 1889 год

Калі браць бліжэйшую да нашага часу гісторыю, то у другой палове ХХ стагоддзя ў большасці лацінаамерыканскіх дзяржаваў панавала дыктатура. Там існавалі вельмі моцныя ўнутраныя эканамічныя праблемы. А па-другое, быў моцны вонкавы ўплыў.

Лацінская Амерыка ў час халоднай вайны адносілася да капіталістычнага свету, і амерыканцы вельмі баяліся, што да ўлады там прыйдуць камуністычныя сілы. Таму яны, як і грамадзяне тых краінаў, шукалі моцнай рукі сярод лацінаамерыканскіх дзеячаў, каб кантраляваць гэтыя краіны і не дапусціць прыходу да ўлады левых камуністычных сілаў.

Але не будзем крыўдзіць левыя і камуністычныя сілы, якія таксама прыклалі вельмі шмат высілкаў, каб Лацінская Амерыка пачала ставіць рэкорды па дыктатурах. Бо яны пачалі весці ўзброеную партызанцкую барацьбу.

Дагэтуль нават у нас лічыцца, што народу трэба толькі ўзяць у рукі зброю, і тады ўсе ворагі паваляцца на спіны, пачнуць размазваць слёзы па тварах і кінуцца ў розныя бакі, а народ пераможа.

Але не: калі ты ступаеш на сцежку ўзброенай барацьбы, ты даеш вялікі козыр гэтым самым дыктатарам, якія пачынаюць гэтым абгрунтоўваць сваю легітымнасць. Іх праціўнікі таксама пачынаюць палохаць грамадства: глядзіце, бандыты-партызаны выкрадаюць людзей, нападаюць на мірныя населеныя пункты, рабуюць банкі, хочуць адабраць вашую маёмасць, а мы — адзіныя, хто можа вас абараніць.

Глядзіце таксама

Таму ў 60−70-я гады ХХ стагоддзя ў Лацінскай Амерыцы ўзнікла вельмі шмат вайсковых хунтаў. Бо чалавек са зброяй выйграе, калі ў палітыку прыходзіць гвалт. У каго даўжэйшая вінтоўка, той і возьме ўладу. Так атрымалася, што акурат у Лацінскай Амерыцы ўсе гэтыя фактары — эканамічныя, палітычныя, сацыяльныя, вонкавыя пагрозы — спалучыліся і выдалі такі высокі ўзровень дыктатарскіх аўтарытарных рэжымаў.

Вядома, не варта забывацца і на палітычную культуру з традыцыйнымі інстытутамі. Так склалася, што яшчэ з канца каланіяльнага перыяду ў Лацінскай Амерыцы была высокая сацыяльная роля войска. Мясцовыя жыхары па крыві былі іспанцамі, толькі яны нарадзіліся ў калоніі, а не ў Іспаніі, і гэта адразу пазбаўляла іх найвышэйшага статусу, бо адміністрацыйныя пасады ў калоніях маглі займаць толькі народжаныя ў Іспаніі, у метраполіі. Народжаныя ў калоніях, так званыя крэолы, маглі рэалізавацца толькі ў войску. І шмат у якіх ужо незалежных лацінаамерыканскіх краінах захавалася гэтая сістэма: калі ты ў войску, то ў цябе высокі статус, дасягнуць яго можна толькі праз войска.

— Наколькі жорсткімі былі лацінаамерыканскія дыктатары ХХ стагоддзя і ці набліжаецца да іх узровень рэпрэсій у сучаснай Беларусі?

— Дыктатуры бываюць вельмі рознымі па ўзроўні рэпрэсій. Былі і такія, якія можна назваць нерэпрэсійнымі. Напрыклад, Хуан Дамінга Перон, які быў прэзідэнтам Аргенціны, прычым тройчы (з 1946 да 1955-га і з 1973 да 1974 года. — Заўв. рэд.).

Прэзідэнт Аргенціны Хуан Дамінга Перон і яго жонка Эва Перон вітаюць натоўп на цырымоніі інаўгурацыі другога прэзідэнцкага тэрміну Перона. Буэнас-Айрэс, 4 чэрвеня 1952 года. Фота: Archivo General de la Nación Argentina

Прэзідэнт Аргенціны Хуан Дамінга Перон і яго жонка Эва Перон вітаюць натоўп на цырымоніі інаўгурацыі другога прэзідэнцкага тэрміну Перона. Буэнас-Айрэс, 4 чэрвеня 1952 года. Фота: Archivo General de la Nación Argentina

Яго часам запісваюць у дыктатары, бо калі паглядзець на ягоную палітычную праграму, то яна даволі таталітарная. З іншага боку, ён быў усё ж законна абраным прэзідэнтам. І калі паўстала пытанне, учапіцца за ўладу сінімі пальцамі з перспектывай грамадзянскай вайны ці пакінуць пасаду і з’ехаць у выгнанне, ён абраў другі варыянт.

Гэта кажа пра розныя характары людзей, якія маюць дыктатарскую ўладу. Некаторыя з іх вырашаюць ад улады адысці, калі бачаць, што альтэрнатыва — масавыя забойствы.

Таксама ёсць прыклад чылійца Аўгуста Піначэта (кіраваў Чылі з 1974 да 1991 года. — Заўв. рэд.), жорсткага дыктатара, які праславіўся расправамі над сваімі палітычнымі праціўнікамі.

Але за пальму першынства з ім могуць паспрачацца аргенцінскія вайскоўцы. Яны здзейснілі пераварот у 1976 годзе і адхілілі ад улады першую жанчыну-прэзідэнтку ў гісторыі не толькі Аргенціны, але і цэлага свету. Гэта Марыя Эстэла Марцінес дэ Перон, жонка Хуана Дамінга Перона. Яна зрабіла некалькі памылак, калі пачала наступ на дэмакратычныя інстытуты, чым скарысталіся аргенцінскія вайскоўцы. Армія атрымала надзвычайныя паўнамоцтвы — і ўсё, далей можна не працягваць.

Падчас дыктатуры вайскоўцаў, якая цягнулася да 1983 года, ад дзесяці да 30 тысяч чалавек (некаторыя гісторыкі кажуць пра 60 тысяч) былі забітыя ці зніклі без вестак. У той час была такая мода — грузіць зняволеных у самалёты ці верталёты і скідаць іх потым над морам ці над ракой Ла Плата. Потым, вядома, гэтых целаў не знойдзеш. Асабліва калі перад тым, як скінуць з паветра, даруйце за такія падрабязнасці, ім успароць жываты, каб яны хутчэй танулі. Так забівалі і жанчын, у якіх папярэдне адбіралі дзяцей і перадавалі іх на выхаванне ў сем'і афіцэраў. Дыктатары даволі часта паўтараюцца ў сваіх метадах, бо набор іх не надта багаты.

Глядзіце таксама

Але, бадай, самая жорсткая дыктатура па маштабах рэпрэсіяў — гэта нават не Аргенціна са сваёй бруднай вайной, падчас якой дзясяткі тысячаў зніклі. Гэта не Бразілія з усімі яе эскадронамі смерці, пазасудовымі расправамі і катаваннямі.

Гэта Уругвай. Падавалася б, наймілейшая краіна, у якой было рэнамэ лацінаамерыканскай Швейцарыі ў пачатку 1970-х гадоў. Але там таксама левыя сілы пачалі варушыцца. Гэта выклікала напружанне ў амерыканцаў, якія пачалі дапамагаць радыкальным антыкамуністычным сілам. У выніку адбыўся пераварот, і на дзясятак гадоў (з 1973 да 1985-га. — Заўв. рэд.) Уругвай трапіў у зачараванае кола вайсковых дыктатарскіх рэжымаў.

Там шалёна павялічылася колькасьць сілавых структураў, колькасць сілавікоў вырасла больш чым у два з паловай разы. Праз турмы прайшло, паводле некаторых звестак, 60 тысяч чалавек, то-бок два працэнты ад насельніцтва тагачаснага Уругвая.

Гэта вельмі высокі ўзровень рэпрэсій, якога Беларусь пакуль не дасягнула. Шмат хто быў вымушаны эміграваць з Уругвая. Дакладнай лічбы не прыгадаю, але ледзь не кожны дзявяты з’ехаў з краіны.

Глядзіце таксама

«Метады дыктатураў адны і тыя ж, іншых няма»

— Чым дыктатарскія рэжымы ў розных краінах падобныя адзін да аднаго, а чым адрозніваюцца?

— Мадэль, на якой грунтуецца сама канцэпцыя дыктатарскага рэжыму, вельмі падобная ў розных краінах. Прыходзіць чалавек ці група людзей, якія перакананыя ў тым, што менавіта ў іх ёсць слушнае бачанне і рашэнне праблемаў, з якімі сутыкнулася грамадства. І яны імкнуцца ажыццявіць гэтыя свае рашэнні не канстытуцыйнымі сродкамі, а сілай і гвалтам.

Як адзін чалавечак казаў, часам не да законаў. Гэта абядноўвае ўсе дыктатарскія рэжымы — вырашэнне праблем не праз законныя метады, Канстытуцыю і не праз ажыццяўленне волі народа. Хто не згодны, тых саджаюць у турмы, забіваюць, выкрадюць, змушаюць выехаць з краіны.

Набор рашэнняў адзін і той жа, адрозніваюцца хіба маштабы іх выкарыстання. Але я думаю, што любая дыктатура падчас свайго развіцця ў любым выпадку рана ці позна прыходзіць да масавых рэпрэсій. Таму, дарэчы, не варта спадзявацца на эвалюцыйны шлях, бо логіка дыктатарскіх рэжымаў заўсёды прыводзіць іх у супярэчнасць з запытамі грамадства на неабходнасць развіцця.

Дыктатарскі рэжым не любіць канкурэнцыі. Ён знішчае яе гвалтам. У сваю чаргу, адсутнасць канкурэнцыі спыняе развіццё. А калі няма развіцця, у нейкі момант грамадствы ўпіраюцца ў тупік.

І ўзнікае пытанне, як з яго выйсці. Народ хоча рухацца далей, а дыктатура хоча паставіць кулямёты і далей трымаць народ у светлым мінулым. І тут ролю адыгрывае характар дыктатара. Адзін можа ў такой сітуацыі пакінуць уладу, а іншы скажа, што стаім да апошняга, і будзе трымаць уладу.

На сітуацыю можа ўплываць і моцная залежнасць ад іншых краін. Калі ў дыктатуры ёсць канфлікт з народам, але ў той жа час — падтрымка моцных вонкавых сіл, тады з вялікай ступенню імавернасці дыктатура возьмецца за кулямёт. Калі падтрымкі звонку няма — наадварот, гучаць галасы пра тое, што ўсё ж канец 80-х гадоў ХХ стагоддзя на дварэ, неяк некамільфо трымацца пасінелымі пальцамі за ўладу, і ўсё можа скончыцца як з Аўгуста Піначэтам, які пасля масавых дэманстрацый мірна адышоў ад улады.

Глядзіце таксама

— Хто з дыктатараў Лацінскай Амерыкі ХХ стагоддзя больш за ўсё нагадвае вам Аляксандра Лукашэнку?

— Як я ўжо казаў, характар дыктатара вельмі моцна ўплывае на тое, што ён робіць. Як правіла, гэта моцныя людзі, пазбаўленыя рэфлексіі і эмпатыі, чужы боль іх мала кранае.

Ёсць дыктатары больш жорсткія. У гісторыі лацінаамерыканскіх краін яшчэ ў ХІХ стагоддзі быў дыктатар Хасэ Радрыгес дэ Франсія (кіраваў Парагваем у 1813−1840 гадах. — Заўв. рэд.), які любіў назіраць, як расстрэльваюць людзей. Ён загадваў, каб яго палітычных апанентаў расстрэльвалі пад вокнамі прэзідэнцкага кабінета.

Былі дыктатары, якія апраўдвалі сябе тым, што змагаюцца з негатыўнымі элементамі ў грамадстве, якія трэба вынішчаць. Напрыклад, дыктатар з Гаіці Франсуа Дзювалье, вядомы пад мянушкай Папа Док (кіраваў з 1957 да 1971 года. — Заўв. рэд.).

Ён быў з даволі добрай сям'і, доктар паводле адукацыі, змагаўся з малярыяй. Шмат для каго ў Гаіці гэта была прывабная фігура, бо ацэньвалі бэкграўнд, хоць у яго і да абрання прэзідэнтам былі нядобрыя крокі кшталту расправы са сваімі паплечнікамі і праціўнікамі.

Грамадства чамусьці мае такую схільнасьць — закрываць вочы на гвалт і падманваць сябе: не будзе ж ён нас забіваць гэтаксама, як забівае сваіх палітычных праціўнікаў, тыя самі вінаватыя: сядзелі б моўчкі — і ўсё было б добра.

Калі Дзювалье прыйшоў да ўлады, ён пачаў каласальныя рэпрэсіі. Ніякага кантролю над ім і яго людзьмі не было, яны маглі прыйсці ў любы шапік, забраць любы тавар, забіць каго заўгодна. Яны маглі згвалціць любую жанчыну ці дзяўчыну, якія трапіліся ім на дарозе. І нічога ім за гэта не было.

Былі ў Лацінскай Амерыцы і іншыя праявы ў выглядзе тых жа эскадронаў смерці, якія дзейнічалі ў розных краінах. Што цікава, у Бразіліі яны прывялі да вялікага скандалу ў прэсе, нягледзячы на дыктатуру. Там эскадроны складаліся з паліцэйскіх афіцэраў, якія забівалі бамжоў, наркаманаў, прастытутак і злачынцаў. І гэта ва ўмовах нават дыктатарскага рэжыму прывяло да скандалу. Абурыліся вайсковыя генералы, якія лічылі, што ўсё ж нельга без суда і следства забіваць людзей. Нават калі б быў суд, зразумела, што за прастытуцыю, наркабізнес ці бамжаванне няма смяротнага пакарання.

Паўтаруся, метады дыктатураў адны і тыя ж, іншых няма. Гэта сіла, гвалт і, вядома, прапаганда. Таму калі казаць пра падабенства лацінаамерыканскіх дыктатараў да Лукашэнкі, то ёсць шмат як падобнага, так і адрознага.

Найбліжэйшым па духу, праявах і культуры мне падаецца Мануэль Росас. Быў такі дыктатар у першай палове ХІХ стагоддзя, пасля таго як Аргенціна атрымала незалежнасць. Ён дэманстраваў сваё паходжанне і сувязь з народам. Прычым з найніжэйшымі слаямі. Ён дэманстрацыйна насіў брыдкую вопратку, мог паказацца ў ёй на публіцы і высмейваць дыпламатычны корпус, які прыйшоў у нармальным, у смокінгах ці фраках.

Фрагмент партрэта Мануэля Росаса, 1840 год. Крыніца выявы: wikimedia.org

Фрагмент партрэта Мануэля Росаса, 1840 год. Крыніца выявы: wikimedia.org

З Лукашэнкам яго родніць і тое, што ён умеў пакідаць прыемнае ўражанне на людзей. Знакаміты Чарльз Дарвін аднойчы сустрэўся ў Аргенціне з Росасам, пасля чаго запісаў свае вельмі пазітыўныя ўражанні. Маўляў, Росас — геніяльны чалавек, як пашчасціла Аргенціне, усім бы такіх прэзідэнтаў.

Цікава, што Росаса скінулі ў 1853 годзе праз вайсковае ўварванне аргенцінскай апазіцыі. Пасля гэтага ён быў вымушаны эміграваць у Брытанію і там зноў сустрэўся з Дарвіным на нейкім прыёме. Але пасля гэтай сустрэчы Дарвін запісаў у дзённік зусім іншыя ўражанні: дзе былі мае вочы, калі я яго сустрэў у Аргенціне, гэта ж нуль, перада мной стаяла бледная моль. Я думаю, тут вельмі моцныя паралелі з Лукашэнкам.

Глядзіце таксама

«Дыктатуры не маюць шырокай масавай падтрымкі, тым больш пасля іх падзення»

— Як заканчваліся дыктатуры ў Лацінскай Амерыцы? Гэта адбывалася пасля смерці дыктатараў ці магчымы іншыя варыянты — рэвалюцыя, паступовая лібералізацыя?

— Варыянтаў шмат, самыя розныя бывалі. Паступовая лібералізацыя — як правіла, не. Звычайна, калі дыктатары кажуць, што вось-вось, зараз грамадства даспее да дэмакратыі, і я сыду, як толькі народ папросіць, — не, гэта не працуе.

Калі мы возьмем статыстыку, яна нас крыху расчаруе: усё-такі большая частка дыктатараў памірала на сваёй пасадзе ці ў сваім ложку. Некаторыя ішлі ў адстаўку. Былі тыя, каго забівалі.

Былі адзінкі, якія скончылі жыццё самагубствам. Былі тыя, якія перадавалі ўладу дэмакратычным урадам, а потым траплялі пад пераслед і паміралі падчас судовых працэсаў, пад хатнім арыштам ці ў турме. Так было з аргенцінскімі дыктатарамі, нягледзячы на тое, што пасля дэмакратызацыі там былі прынятыя законы пра амністыю, прымірэнне і гэтак далей.

Глядзіце таксама

— Пасля падзення дыктатураў у краіны Лацінскай Амерыкі прыходзілі дэмакратыі ці ўзнікалі траўмы аўтарытарызму, што прыводзіла да з’яўлення падобных рэжымаў?

— Даволі шмат залежала ад таго, якім метадам дыктатарскі рэжым быў ліквідаваны. Памятаеце, у нас было папулярным меркаванне, што Беларусь выратуе снайпер? Як паказвае практыка лацінаамерыканскіх дзяржаваў, снайперы не ратуюць.

Прыклад — Дамініканская рэспубліка, дзе быў забіты дыктатар Рафаэль Трухілья (кіраваў з 1930 да 1961 года. — Заўв. рэд.). Улада перайшла да яго прыёмнага сына, і той таксама ўсталяваў дыктатарскую уладу, яшчэ больш жорсткую, чым яго прыёмны бацька.

Наступны прыклад — гэта разнастайныя партызанскія і паўстанцкія рухі, якіх было шмат у Лацінскай Амерыцы і якія выкарыстоўваліся дыктатурамі, каб легітымізаваць сваю ўладу, апраўдаць яе.

Усе ведаюць другую кубінскую рэвалюцыю канца 50-х — пачатку 60-х, калі дыктатуру Фульхенсіа Батысты скінулі гвалтоўным шляхам. Ці вызваліла гэта Кубу ад дыктатуры? Падаецца, не. Яшчэ можна паспрачацца, якая з дыктатураў была больш жорсткай.

Таксама ёсць прыклад Нікарагуа, дзе ў 1979 годзе Фронт нацыянальнага вызвалення на чале з Даніэлем Артэгам і ягоным братам скінуў дыктатуру, што панавала з 1936 года. У выніку ўзнікла іншая дыктатура.

Як правіла, гвалтоўнае скіданне дыктатуры прыводзіць да новай дыктатуры. Бо ў чалавека, у якога ёсць у руках зброя, ёсць і гіганцкая спакуса не дзяліцца ні з кім уладай.

— Што звычайна адбывалася са спадчынай дыктатараў — з іх законамі, палацамі, а таксама з іх атачэннем і сем’ямі?

— На расчараванне дыктатараў, якіх бы яны ні пісалі законаў, што гарантуюць ім амністыю, захаванне ўлады, маёмасці ці нейкія пажыццёвыя пасады, гэта не працуе. Ім на змену прыходзіць дэмакратычна абраны парламент, за якім стаіць грамадства, а яно вельмі злуецца на дыктатуру. І гэты парламент проста анулюе ўсе нарматыўныя акты, прынятыя дыктатарскімі рэжымамі дзеля самазахавання.

Глядзіце таксама

Дыктатура абрынуся — за злачынствы давялося адказваць. Расказваем пра суды над былымі кіраўнікамі ГДР

— Ці часта ў былых дыктатарскіх краінах назіраецца пачуццё настальгіі па стабільным мінулым ці моцнай руцэ?

— Псіхалогія чалавека — даволі дзіўная рэч. Напрыклад, ёсць феномен захаплення серыйнымі забойцамі, з якім сутыкнуліся якраз у другой палове ХХ стагоддзя. Магчыма, тыя ж псіхалагічныя механізмы цягнуць і да дыктатураў.

Нават пасля падзення рэжыму Гітлера, калі сталі вядомыя ўсе яго злачынствы, засталіся людзі, якія ўсё роўна яму сімпатызавалі. Гэта можа быць перапляценнем з настальгіяй па сваёй маладосці.

Гэта як цяпер некаторыя настальгуюць па Савецкім Саюзе, дзе было самае смачнае марозіва. Няважна, што цяпер марозіва смачнейшае. Смак дзяцінства, бабуліны піражкі — не без дапамогі прапаганды гэта змешваецца з палітычным рэжымам, і мы атрымліваем настальгію па СССР.

Але ўсё ж, як паказвае практыка, дыктатуры не маюць шырокай масавай падтрымкі, тым больш пасля іх падзення. Іншая рэч, што калі пасля падзення пачынаецца грамадзянская вайна, бамбардзіроўкі і гэтак далей, то ў людзей узнікае адчуванне, што раней было лепш.

Але насамрэч гэтыя бамбардзіроўкі — непасрэдны вынік дыктатуры. Можна пад бомбамі радасна вырашыць, што нам патрэбны новы дыктатар, каб нас не бамбілі, але гэта не варыянт, бо бамбіць нас не перастануць. Рана ці позна бомбы зноў у нас паляцяць.

Таму лепш зрабіць высілак і паспрабаваць усё ж запусціць дэмакратычныя інстытуты — выбары, незалежную судовую сістэму, дамагчыся балансу паміж рознымі галінамі ўлады.