«Прагін» залічаны. Як «нахілялі» Лукашэнку — і што з гэтага выходзіла

Больш за ўсё на свеце Лукашэнка баіцца страты ўлады. А яшчэ  што яго «нахіляць». Прапаганда малюе яму вобраз «крэпкага арэшка», але за 30 гадоў яму не раз даводзілася «прагінацца» — калі на яго ціснулі больш моцныя сілы.

Ілюстрацыя таго, як Лукашэнку «не нахілялі» ні разу. Крыніца: udf.by

Ілюстрацыя таго, як Лукашэнку «не нахілялі» ні разу. Крыніца: udf.by

Аляксандр Лукашэнка вельмі любіць слова «нахіліць», якое выкарыстоўвае ў значэнні «прымусіц»ь. За ім паўтараюць і айчынныя прапагандысты. Нядаўна адзін з іх, супрацоўнік АНТ Ігар Тур, высветліў для сябе, што «моцная ўлада ні ў якім разе не павінна выконваць якія-небудзь патрабаванні, нават самыя разумныя і правільныя». «Калі Аляксандр Рыгоравіч гаворыць Вы не дачакаецеся, каб я пад ціскам нешта зрабіў" — у гэтым не толькі чалавечы гонар і сіла Лукашэнкі. Але і адзіна правільны падыход для сапраўды моцнай улады. Якой, безумоўна, з'яўляецца ўлада ў Беларусі», — напісаў Тур. Але насамрэч за час кар'еры Лукашэнкі ва ўладзе, якая заняла палову яго жыцця, палітыка «нахілялі» далёка не аднойчы. «Зеркало» вырашыла згадаць самыя вядомыя такія эпізоды.

Дзевяностыя: няўдалая спроба націснуць на бізнэсмэна і сутычка з Ельцыным

Нягледзячы на канструяваны прапагандай імідж «ненахіляльнага», розныя людзі неаднаразова прымушалі Лукашэнку выконваць сваю волю.

Адным з прыкладаў «прагіну» можа быць выпадак яшчэ з самай першай прэзідэнцкай кампаніі палітыка трыццацігадовай даўніны. Тады ён набіраў ачкі за кошт выкрывальных «антыкарупцыйных» гісторый пра прадстаўнікоў улады і сваіх канкурэнтаў. Дык вось, будучы яшчэ дэпутатам, Лукашэнка «выкрыў» бізнэсмена Уладзіміра Пяфціева, які займаўся продажам зброі за мяжу.

Тады палітык сцвярджаў, што ёсць дзівацтвы з рэгістрацыяй кампаніі Пяфціева, і абураўся нібыта нізкімі цэнамі на прададзены тавар. У рэальнасці ж усё было ў парадку і з кампаніяй, і з цэнамі на старую зброю. «Адзін з упадабаных прыёмаў — абвінаваціць кагосьці без суда і следства ў злачынствах і заявіць: калі гэта няпраўда, падавайце на мяне суд», — пракаментаваў выпад палітыка Пяфціеў. І паабяцаў хутка сустрэцца ў судзе. Але яго не было. Лукашэнка захаваў вобраз галоўнага змагара з карупцыяй і дзякуючы гэтаму ў два туры выйграў прэзідэнцкія выбары. А свайго крыўдзіцеля не забыўся: «Белтэхэкспарт» Пяфціева стаў першай кампаніяй, у якую па ўказе Лукашэнкі прыйшла праверка. Яна не знайшла ніякіх пацвярджэнняў «выкрыванням», аднак Пяфціева ў выніку знялі, яму давялося з'ехаць з краіны.

Але зарабляць на зброі без Пяфціева ў Лукашэнкі не атрымалася — мабыць, выбудаваныя бізнэсменам схемы абрынуліся, а патрэбныя кантакты адпалі. У выніку прадпрымальнік неўзабаве вярнуўся і працягнуў займацца тым жа, чым да сваёй апалы. Менавіта пры Пяфціеве Беларусь першы і апошні раз у сваёй гісторыі ўвайшла ў сусветны топ-10 экспарцёраў зброі. А ў 2010-х ужо сам Лукашэнка публічна абараняў і падтрымліваў некалі свайго крытыка, калі супраць бізнэсмена і яго кампаній Захад увёў санкцыі.


Глядзіце таксама

Дарэчы, у 2000-х дзіўным чынам былі ліквідаваны кампаніі-канкурэнты пяфціеўскага «Белтэхэкспарта». Вось такая гісторыя, што нават калі дыктатар задумаў ад цябе пазбавіцца, з сітуацыі можна выйсці пераможцам. Дакладны рэцэпт перамогі над палітыкам трэба даведвацца ў самога 66-гадовага Пяфціева, які даўно не жыве ў Беларусі і мае шматмільённую нерухомасць у Лондане. Хоць ён усё яшчэ ў топах беларускага бізнэсу — сярод тых, каго часта шукаюць у Інтэрнеце. Нядаўна амерыканскі журналіст Кен Сільверстайн са спасылкай на свае крыніцы заявіў, што бізнэсмен быццам бы даўно супрацоўнічаў з ЦРУ, таму, маўляў, ён цяпер і не трапіў пад санкцыі ЗША.

Іншая гісторыя з прымусам Лукашэнкі да дзеянняў адбылася на трэці год яго прэзідэнцтва і звязаная з тагачасным прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным. На той час на расійскі тэлеканал ОРТ у нашай краіне працаваў беларускі журналіст Павел Шарамет, а таксама мясцовы аператар Дзмітрый Завадскі. 22 ліпеня 1997 года яны разам з кіроўцам Яраславам Аўчыннікавым адправіліся на беларуска-літоўскую мяжу, каб зняць сюжэт пра кантрабанду, якая там квітнела пры папушчальніцтве ўладаў. У раёне памежнага пункта «Каменны Лог» усіх траіх затрымалі беларускія памежнікі, якія аштрафавалі мужчын за парушэнне правілаў перасячэння мяжы. Усіх траіх тады адпусцілі. Але на наступны дзень у праграме «Время» на ОРТ выйшаў сюжэт пра правоз кантрабанды праз беларуска-літоўскую мяжу.

Праз некалькі дзён усю здымачную групу затрымалі беларускія сілавікі, мужчын змясцілі ў следчы ізалятар КДБ у Гродзенскай вобласці, пазней — у гродзенскую турму. Кіроўцу крыху пазней адпусцілі без прад'яўлення абвінавачанняў. А вось за Шарамета і Завадскага паміж Расіяй і Беларуссю пачалася барацьба.

Ельцын назваў тое, што адбылося ў Беларусі з расійскімі журналістамі, «выпадкам беспрэцэдэнтным» і адзначыў, што калі так будзе працягвацца, то «расійскаму боку давядзецца перагледзець пазіцыі статута і пагаднення, якія падпісалі Беларусь і Расія». Лукашэнка ж паабяцаў праз некалькі дзён пакласці на стол расійскага прэзідэнта дакументы, якія пацвярджаюць супрацоўніцтва Шарамета са спецслужбамі заходніх краін. Але гэтага так і не адбылося. У выніку Завадскага выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе на пачатку верасня, а крыху пазней Ельцын асабіста запатрабаваў ад Лукашэнкі вызваліць і Шарамета — той пагадзіўся. Але не выпусціў журналіста і праз месяц.

Пры гэтым 2 кастрычніка Лукашэнка сабраўся ехаць у Расію — у Яраслаўль, а затым у Ліпецк на сустрэчы з мясцовымі ўладамі. Аднак Ельцын раптам заявіў, што кіраўнікі адміністрацый не маюць права запрашаць да сябе кіраўнікоў іншых дзяржаў, не ўзгадніўшы гэта з прэзідэнтам Расіі. Беларускаму боку паведамілі пра адмову даць паветраны калідор для самалёта Лукашэнкі. Абураны палітык накіраваў Ельцыну тэлеграму з просьбай «разабрацца».

У Мінску атрымалі жорсткі адказ. Як расказваў тагачасны кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Міхаіл Мясніковіч, ён утрымліваў нейкае «патрабаванне, якое не дазваляе ажыццявіць візіт ва ўстаноўленыя тэрміны». Прэс-служба прэзідэнта Расіі ўдакладніла, пра што ідзе гаворка: «Выкананне вядомых маскоўскіх дамоўленасцей па карэспандэнце ОРТ Шарамеце». Лукашэнка ўсё ж выехаў у аэрапорт у спадзеве, што Крэмль перадумае. Але Ельцын выразна заявіў: «Ён хай Шарамета спачатку адпусціць!» Лукашэнка адступіўся, і 8 кастрычніка журналіста выпусцілі з турмы пад падпіску аб нявыездзе.


Глядзіце таксама

Пазней рэпарцёра і аператара судзілі — іх прызналі вінаватымі ў «змове з мэтай здзяйснення злачынства» і «наўмысным групавым парушэнні дзяржмяжы», а Шарамета — яшчэ і ў «перавышэнні паўнамоцтваў журналіста», які «прычыніў шкоду інтарэсам грамадства». Журналістаў прысудзілі да двух і паўтара года зняволення адпаведна з адтэрміноўкай на адзін год — і ў выніку ў калонію ніхто не трапіў. Але лёсы іх склаліся трагічна.

Завадскі ў ліпені 2000 года паехаў у мінскі аэрапорт сустракаць Шарамета і знік. Каля будынка аэравакзала знайшлі толькі яго машыну. Праз тры гады двое былых супрацоўнікаў МУС атрымалі па 10 гадоў за выкраданне Завадскага, але так і не прызналі сябе вінаватымі. У дачыненні да знікнення падазраюць найбліжэйшае асяроддзе Лукашэнкі.

А Шарамет з'ехаў у Расію, затым працаваў ва Украіне. У 2016-м машына, у якой ён ехаў па Кіеве, выбухнула, журналіст загінуў. На пачатку гэтага года разгляд справы ў судзе быў прыпынены, бо двое абвінавачаных цяпер служаць у войску. Дарэчы, на пачатку працэсу пракурорам выступаў чалавек пад імем Аляксандр Лукашэнка, але пазней ён не прайшоў атэстацыю.

Эпапея вакол газавай трубы — і яе ад'ем

На пачатку 2000-х у Беларусі былі праблемы з купляй расейскага газу: пазыкі Мінска за пастаўкі гэтага энерганосьбіта да пачатку 2001-га складалі блізу 220 мільёнаў долараў. Яшчэ напрыканцы дзевяностых планавалася, што для пагашэння запазычанасці ў нашай краіне выпусцяць аблігацыі, «забяспечаныя маёмасцю рэспублікі ў парадку і на ўмовах, узгодненых з РАТ "Газпрам"», а затым іх перададуць ва ўласнасць расійскаму манапалісту.

Фактычна расійскі «Газпрам» хацеў займець за пазыкі хоць бы частку дзяржкампаніі «Белтрансгаз», якая займалася транспарціроўкай паліва з РФ на Захад. Але Лукашэнка супраціўляўся — насуперак падпісаным пагадненням, ён так і не дазволіў акцыянаваць «Белтрансгаз». Пасля цэлага шэрагу перамоваў у красавіку 2002-га Лукашэнка і Пуцін усё ж падпісалі пагадненне з пунктам аб тым, што «Газпрам» і «Белтрансгаз» створаць сумесную кампанію. Згодна з дакументам, Беларусі адводзіўся час да 1 ліпеня 2002 года на «афармленне неабходных рашэнняў па стварэнні не пазней за 1 ліпеня 2003 года сумеснай газатранспартнай расійска-беларускай арганізацыі ў форме акцыянернага таварыства». Быццам бы дамовіліся.


Глядзіце таксама

Аднак зрухаў з «Белтрансгазам» не адбылося. Разборкі з узаемнымі пагрозамі прывялі да таго, што да канца 2002-га «Газпрам» афіцыйна апавясціў Мінск пра неабходнасць знізіць спажыванне газу на 50% у сувязі з завяршэннем планавых паставак паліва ў краіну. МЗС Беларусі назваў гэтае рашэнне «эканамічным ціскам», а Лукашэнка адзначаў, што «ў гады Вялікай Айчыннай вайны па адзін бок барыкад у акопах мы гнілі разам з расійцамі», а таксама заяўляў, што Беларусь не павінна нічога «Газпраму» — з-за прадастаўленых раней ільгот пры будаўніцтве газаправода «Ямал — Еўропа» на нашай тэрыторыі.

«Калі кіраўніцтва Расіі настойвае на тым, што мы блізу 200 мільёнаў долараў павінны заплаціць "Газпраму", то мы гэта зробім, — сказаў тады ён. — Мы возьмем гэтыя грошы ў людзей, якія гнілі з расійцамі ў акопах у гады Вялікай Айчыннай вайны, у тых 200 тысяч вайскоўцаў, якія засталіся ў Беларусі пасля распаду СССР, у асноўным рускіх людзей, забяром гэтыя грошы з будаўніцтва, чарнобыльскіх аб'ектаў, у прыватнасці Рэспубліканскага дыспансера радыяцыйнай медыцыны ў Гомелі, раённай бальніцы ў Касцюковічах, якая ўзводзіцца для выратавання людзей. < ... > Катэгарычна забараняю весці размовы з Расійскай Федэрацыяй пра запазычанні! Нічога не пазычаць у іх».

І да, і пасля гэтай прамовы пра акопы ў Маскву пастаянна лётала дэлегацыя з тагачасным беларускім прэм'ер-міністрам Генадзем Навіцкім і міністрам энергетыкі Уладзімірам Сямашкам, якая дамагалася некаторых поспехаў па газавым пытанні. Апошні ў выніку заявіў на пачатку 2003-га, што «Белтрансгаз» усё-ткі будзе прыватызаваны. Гэта значыць тут расійскае «нахіленне» ўдалося — прыватызацыя запусцілася ўжо ў красавіку, і ў тым жа месяцы Лукашэнка падпісаў указ аб продажы акцый.

Праўда, ён хацеў пакінуць дзяржаве кантрольны пакет акцый у сумесным прадпрыемстве з «Газпрамам», а за долю ў 48,99% «Белтрансгаза» выручыць 2,5 мільярда долараў. У Крамлі ж разлічвалі ўзяць кантрольны пакет «Белтрансгаза» ў кошт яго даўгоў і паставак па нізкіх коштах. У выніку тэрміны стварэння СП сарваліся, а беларускі ўрад прапанаваў «Газпраму» ўнесці ў статутны фонд прадпрыемства, якре стваралася, беларускі ўчастак газаправода «Ямал — Еўропа», што тады будаваўся.


Глядзіце таксама

Да восені перамовы скончыліся нічым, а ўрад Расіі адмяніў уласнае распараджэнне аб пастаўках прыроднага газу ў Беларусь па ўнутрырасійскіх цэнах. У выніку да канца года Беларусь усё ж пагадзілася на продаж паловы «Белтрансгаза» ў абмен на пастаўкі газу па льготных цэнах. Лукашэнка не выстаяў і на экстраннай нарадзе запатрабаваў «падпісаць дамову на пастаўкі газу на ўмовах Пуціна», гэта значыць па рынкавых цэнах, а не такіх жаданых унутрырасійскіх.

«Мы ўжо прывыкаем да таго, што ўзровень саюзных адносінаў пачаў вымярацца выключна грашыма (рублямі, доларамі). Калі ты саступіў расійскаму алігарху за бесцань сваё прадпрыемства — ты хаўруснік. Не аддаў па тандэце, да прыкладу, "Белтрансгаз", па якім так шмат шуму, — са спісу саюзнікаў прэч. Я, можа быць, крыху ўтрырую, але так выглядае разуменне саюза расійскімі сродкамі масавай інфармацыі, асобнымі палітыкамі і не толькі імі», — скардзіўся Лукашэнка ў сярэдзіне 2004-га.

Стварэнне газавага СП адклалі на 2007-мы, і да мая таго года 50% акцый «Белтрансгаза» ўсё-ткі былі прададзеныя «Газпраму» — за 2,5 мільярда долараў. Ці «нахіленне» гэта? Тут могуць быць варыянты — з аднаго боку, Беларусь пазбавілася паловы прыбытковага прадпрыемства і не дамаглася продажу на сваіх першапачатковых умовах. З іншага — акцыі ўсё-ткі прадалі, а не проста перадалі ў кошт старога доўгу.


Глядзіце таксама

Праўда, у 2011 годзе «Газпрам» купіў і астатнюю палову акцый — расійцы сталі ўладальнікамі 100% прадпрыемства. Тады Лукашэнка канчаткова пазбавіўся кантролю над трубой, гэта значыць трапіў у яшчэ большую залежнасць ад Масквы. Захад жа актывізаваўся ў жаданні гэтую залежнасць аслабіць.

«Не трэба мяне крытыкаваць. Я рабіў усё ў інтарэсах народа, — гаварыў Лукашэнка напрыканцы 2011 года. — Гэта звычайная, нармальная, вельмі выгадная ўгода для нашай дзяржавы». Куды былі выдаткаваныя грошы з продажу, ён не даваў справаздачу — верагодна, Беларусь іх проста «праела». Тут адзначым, што Украіна, у адрозненне ад нашай краіны, не прадала Расіі сваю газатранспартную сістэму — яе «нахіліць» не ўдалося. Былы віцэ-прэзідэнт «Газпрамбанка» Ігар Валабуеў у інтэрв'ю «Зеркалу» адзначаў, што беларусы пазбавіліся свайго стратэгічнага актыву, які «страцілі назаўжды і паўплываць на гэта ніяк не можаце».

Чытаць далей пра «прагіны» Лукашэнкі — тут.