Жыццё і смерць дыктатара, што лічыў сябе Богам

Роўна 80 год таму ў Сальвадоры была зрынута дыктатура Эрнандэса Марцінеса — безумоўна, аднаго з самых экстравагантных тыранаў у гісторыі.

maximiliano_hernandez_martinez__1_.jpg

Каб пераканацца ў экстравагантнасці Эрнандэса, дастаткова ведаць, што кіраўнік Сальвадора верыў у спірытуалізм і акультызм і, у прыватнасці, нават спрабаваў вывесці магічную формулу, якая павінна была дапамагчы вырашыць усе праблемы краіны.

Тое, што такі тыпаж трапіў ва ўладу і дастаткова доўга (з 1931 па 1944) руліў краінай, можна растлумачыць двума фактарамі. Найперш, антыкамуністычнай паранойя сярод прадстаўнікоў палітычнай эліты Штатаў, якія на той час дыктавалі свае правілы ўрадам краін Лацінскай Амерыкі.

Вашынгтон шукаў у Сальвадоры чалавека, які б прасоўваў эканамічныя інтарэсы амерыканскага бізнесу, перашкаджаючы сацыяльным пратэстам. Такім чалавекам у выніку і стаў Эрнандэс Марцінес — генерал, які прыйшоў да ўлады ў выніку перавароту ў 1931 годзе. 

Неўзабаве пасля гэтага, у тым жа 1931-м, у краіне ўспыхнула паўстанне індзейцаў, якое падтрымалі мясцовыя камуністы. Рэакцыя новага кіраўніка дзяржавы была жорсткай. За кароткі час па загадзе прэзідэнта сальвадорскае войска задушыла паўстанне. Ваенныя лінчавалі і павесілі правадыра індзейцаў, які падтрымліваў мяцеж. Тады было забіта як мінімум 25 тысяч чалавек (!).

Ратавала дыктатуру і напружанае міжнароднае становішча напярэдадні і падчас Другой сусветнай. Усё тым жа янкі было не да выбрыкаў нейкага маленькага дыктатара з заштатнага Сальвадора. Марцінесу пэўны час даравалі нават адкрытае захапленне фашызмам. Напрыклад, у 1933 годзе ён прыняў расісцкі іміграцыйны закон, які забараняў габрэям, цыганам, малайцам, туркам, арабам і чарнаскурым іміграваць у Сальвадор. 

Зрэшты, гэты флірт з фашызмам не выходзіў за рамкі. Эрнандэс абвясціў вайну дзяржавам Восі на наступны дзень пасля нападу Японіі на Пёрл-Харбар.

Праз тое, што амерыканцам больш-менш пасавала статус-кво ў Сальвадоры, Марцінес адрываўся на поўную. Прынятая новая канстытуцыя дазваляла парламенту абіраць прэзідэнта. А паколькі ўсе партыі, акрамя прэзідэнцкай, у краіне былі забаронены, вынікі галасавання былі відавочныя загадзя. 

Акрамя таго, новая канстытуцыя забараняла захоўванне агнястрэльнай зброі, выбуховых рэчываў, ужыванне алкагольных напояў і тытунёвых вырабаў. Таксама былі забароненыя ўсе гульні, «звязаныя з поспехам або выпадковасцю». Выкарыстанне машын пры вытворчасці абутку і адзення было забаронена ў мэтах садзейнічання навучанню рамяству.

Не стварыўшы цэнтралізаванага ўрада, Марцінес удзельнічаў амаль ва ўсіх рашэннях, якія даводзілася прымаць, амаль асабіста кіруючы кожнай дзейнасцю кожнага дэпартамента.

Вядома, на гэтай глебе ў яго развілася, мякка кажучы, падвышаная самаацэнка. Калі ў красавіку 1944 года арцыбіскуп Сан-Сальвадора папрасіў Марцінеса спыніць пакаранне смерцю рэвалюцыянераў «у імя Бога», Марцінес адказаў: «Я Бог у Сальвадоры». 

Асобнага фрагмента заслугоўваюць погляды дыктатара на медыцыну. Марцінес быў вегетарыянцам і піў толькі ваду. Ён верыў, што сонечнае святло праз каляровыя бутэлькі можа лячыць хваробы. Акрамя таго, сальвадорскі аўтакрат заслужыў рэпутацыю знахара, прымусова прадаючы лекі, якія нібыта вылечвалі розныя хворасці.

Ахвярамі «ведзьмака» (так называў сябе дыктатар) былі самыя блізкія і родныя людзі. Неяк яго сын Максіміліян захварэў на апендыцыт, і Эрнандэс Марцінес адмовіўся ад паслуг лекараў, паколькі вырашыў, што сам будзе лячыць сына «блакітнымі водамі» (вадой, якая доўгі час знаходзілася пад сонцам у сініх бутэльках). Вынік аказаўся фатальным і дзіця памерла.

Калі група амерыканскіх бізнесменаў прапанавала дыктатару купіць за свой кошт гумовыя сандалі басаногім сальвадорскім школьнікам, Марцінес сказаў ім, што «дзецям карысна хадзіць басанож. Такім чынам, будзе лепш, калі яны атрымаюць дабратворныя выпарэнні планеты, вібрацыі зямлі. Не дарма расліны і жывёлы не носяць абутак».

Бліжэй да канца вайны грамадства ахапіла надзея на перамены. У Вербніцу, 2 красавіка 1944 года, дзве пяхотныя дывізіі і артылерыйскі полк распачалі спробу дзяржаўнага перавароту, але большая частка арміі засталася вернай ураду Марцінеса.

Падавалася, дыктатару пашанцавала і на гэты раз. Аднак пасля адбылося нешта неверагоднае. Лідараў путчу збіраліся пакараць смерцю, што выклікала студэнцкія пратэсты. Разганяючы студэнтаў, салдаты забілі больш за 100 чалавек, у тым ліку Хасэ Райта, грамадзяніна ЗША. Пасля таго, як амбасадар ЗША ў Сальвадоры запатрабаваў паведаміць абставіны смерці Райта, сілавікі пачалі падаваць у адстаўку. Каб не заставацца крайнім, Эрнандэс Марцінес таксама абвясціў аб сыходзе і збег з краіны. Вось такім быў фінал дыктатуры. 

Застаецца дадаць, што смерць дыктатара аказалася не менш парадаксальнай, чым яго жыццё. Пасля ўцёкаў у Гандурас, ён жыў у сваім маёнтку і мірна займаўся вырошчваннем бавоўны. Аднак неяк забыўся выплаціць свайму кіроўцы заробак. Той напіўся і 15 мая 1966 года ў стане афекту зарэзаў экс-дыктатара.