Дастаўка свабоднай прэсы і «сінія пальцы». Відэагульні, прысвечаныя барацьбе з дыктатурамі

Нягледзячы на стэрэатып, што відэагульні — марная страта часу, сучасная рэальнасць дэманструе, што ў вялікай колькасці выпадкаў яны станоўча ўплываюць на інтэлектуальнае развіццё дзіцяці. Сабралі некалькі карысных і цікавых гульняў, якія яскрава паказваюць, як уладкаваны рэжымы і змаганне з імі.

Малюнак створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Малюнак створаны з дапамогай штучнага інтэлекту

Нягледзячы на стэрэатып, што відэагульні — марная страта часу, сучасная рэальнасць дэманструе, што ў вялікай колькасці выпадкаў яны станоўча ўплываюць на інтэлектуальнае развіццё дзіцяці. Сабралі некалькі карысных і цікавых гульняў, якія яскрава паказваюць, як уладкаваны рэжымы і змаганне з імі.

Tropico — чыстая дыктатура

Існуюць два асноўныя віды дыктатур. Першая — пра тое, калі дыктатар адкрыта ўтрымлівае ўладу дзеля ўлады. Такі дыктатар карумпаваны, амаральны, з'яўляецца папулістам, змяняе сваю ідэалогію пад неабходныя патрэбы і ставіць асабістую выгаду вышэй за культ асобы і сталыя ідэалагічныя асновы. Яго сіла — голая сіла, легітымнасць — зброя. Яго кіраванне ўяўляе сабой сумесь злачыннасці, бізнесу і брудных палітычных здзелак. У пераважнай большасці прыкладаў такія дыктатары будуюць славу на ваенным мінулым ці ваенных пагрозах без рэальных адпаведных намераў. Звычайна іх культ асобы перарастае ў вар'яцтва, смешнае і жахлівае адначасова.

Вядомымі прадстаўнікамі такіх дыктатур з'яўляюцца Ідзі Амін ва Угандзе або Аўгуста Піначэт у Чылі. Амаль усе дзяржавы Лацінскай Амерыкі бачылі такіх дыктатараў.

Tropico

Tropico

Але, вядома, пад усе гэтыя крытэрыі ўпэўнена падпадае і нелегітымны прадстаўнік прыўкраснай краіны ў геаграфічным цэнтры Еўропы. Разгон шматтысячных пратэстаў зброяй, катаванні і гвалт невінаватых беларусаў у СІЗА і вязніцах, спробы выцягнуць будзь-якую выгаду з Расіі, ЕЗ, Кітая, ААЭ і афрыканскіх краін. Разгарнуць найвялікшую за ўсе часы кампанію па ілжывым шанаванні славы «Вялікай айчыннай вайны» з плакатамі герояў уздоўж усяго мінскага МКАДу і агучваннем іх подзвігаў у грамадскім транспарце. Арганізаваць прапагандысцкі наратыў, накіраваны на тое, каб беларусы былі ўпэўнены ў намеры Польшчы і Літвы ўварвацца ў «выспу стабільнасці», у той жа час паказваючы будаўніцтва платоў ды абарончых збудаванняў гэтымі ж дзяржавамі. І, вядома, сэрца дыктатуры — дыктатар Лукашэнка, з прамоў якога смяецца і «шарахаецца» не толькі ўвесь свет, але і звёны самой сістэмы.

Лукашэнка працягвае моркву Сцівену Сігалу

Лукашэнка працягвае моркву Сцівену Сігалу

Tropico — гульня 2001 года, у якой карыстальнік кіруе такім персанажам. Вы — «Эль Прэзідэнце», дыктатар выспы ў Карыбскім моры ў эпоху халоднай вайны, якому неабходна застацца ва ўладзе, выкарыстоўваючы ўсё, што ёсць у вашым распараджэнні. Напрыклад, заявіць, што «я сінімі пальцамі за крэсла не трымаюся», а пасля — «пакуль вы мяне не заб’еце, іншых выбараў не будзе». Гумарыстычны характар гульні ў поўнай меры перадае палітычную блытаніну такіх дыктатур і ўсё, што з імі звязана.

Ваш найбольш верагодны шлях — гэта шлях таталітарнага рэжыму, які выкарыстоўвае ваеннае кіраванне, дзяржаўны пераварот, фальсіфікацыю выбараў, ваеннае становішча і карупцыю. Нават ваш поспех у канцы гульні вызначаецца сумай грошай, якую вы пакладзеце на свой рахунак у швейцарскім банку. Ёсць дзве рэчы, якія робяць гэтую гульню па-сапраўднаму цікавай. Па-першае, гэта яе гумар, а па-другое, яе рэалізм. Геймеры адзначаюць, што ў Tropico можна па-сапраўднаму ўбачыць, як працуюць такія дыктатуры, праходзячы праз іх станаўленне крок за крокам.

BioShock — дыктатура з ідэалогіяй

BioShock

BioShock

Зласлівыя карумпаваныя дыктатуры, якія імкнуцца толькі да ўлады, насамрэч не з’яўляюцца самымі небяспечнымі для суседніх дзяржаў з адэкватным урадам. Найбольш страшныя тыраны ў свеце — тыя, хто робіць вар’яцкую ідэалогію асновай свайго ўтрымання ўлады і шчыра верыць у абсалютны абсурд. З такой дыктатурай немагчыма дамовіцца, а пры спробе гэта зрабіць у 100% выпадкаў дамова будзе парушана. Прыкладам таму — Гітлер, які сапраўды меў такое бачанне светапарадку і напаў на СССР пасля падпісання пакту Молатава-Рыбентропа. Сталін шчыра верыў, што яго дзеянні паляпшаюць становішча ў свеце, ці сёння прадстаўнікі Аль-Каіды і ХАМАС адчуваюць, што яны абраныя Алахам. Найбольш актуальным прыкладам з’яўляецца Уладзімір Пуцін, які загадаў арміі ўварвацца ў суверэнную дзяржаву пад відам абароны рускамоўнага насельніцтва і барацьбы з нацызмам, але з рэальным вынікам — анексіяй і акупацыяй тэрыторый Украіны. Як бачыце, дыктатуры такога роду страшнейшыя за папярэдні праз тое, што іх пагрозы аб вайне не застаюцца пагрозамі.

Каляндар на адным з расійскіх маркетплэйсаў

Каляндар на адным з расійскіх маркетплэйсаў

Такімі людзьмі з'яўляюцца Эндру Раян і Сафія Лэмб з серыі камп’ютарнай гульні BioShock. Абодва яны людзі з «добрымі намерамі». Раян імкнецца вызваліць людзей ад тыраніі Бога, дзяржавы і іншых сацыяльных канстытуцый, а ў Сафіі Лэмб толькі адна мэта — каб усе былі шчаслівыя. На жаль, абодва дыктатары маюць праблему з культам асобы і жахлівымі дзеяннямі, якія ператвараюць краіну ў сапраўднае пекла. Яны здзяйсняюць жудасныя злачынствы, і, у рэшце рэшт, з’яўляюцца больш злымі, чым усе дыктатары ў Tropico.

Гэтыя дзве гульні адлюстроўваюць працэс дыктатуры з абсалютнай дакладнасцю.

Freedom fighters — узброены супраціў

Freedom fighters

Freedom fighters

Дзеянні «Змагароў за свабоду» адбываюцца ў выдуманай версіі гісторыі. Галоўнымі героямі гульні з'яўляюцца два водаправодчыкі — (важна!), гэта не навучаныя найміты, а звычайныя грамадзяне, якія бяруць у рукі зброю і змагаюцца за сваю справу. Адзін з персанажаў праходзіць шлях ад сціплага водаправодчыка да лютага лідара апалчэння, якога СМІ называюць Прывідам Свабоды.

У гэтым сэнсе гульня дакладна адлюстроўвае ўзброенае супрацьстаянне ў гісторыі. Напрыклад, супраціў французскага народа нацыстам, звяржэнне кубінцамі папярэдняга рэжыму, паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, справа Кастуся Каліноўскага і барацьба беларускіх партызанаў супраць Нацысцкай Германіі і СССР.

 «Змагары за свабоду» паказваюць, як кардынальна змяняецца індывідуальнае жыццё людзей, уцягнутых ва ўзброены канфлікт. Гэта выдатная недаацэненая гульня, якую можна аналізаваць як з палітычнага пункта гледжання, так і з улікам індывідуальнасці кожнага персанажа.

Mirror's Edge — мірны супраціў

Mirror's Edge

Mirror's Edge

Mirror's Edge — найбліжэйшы прыклад мірнага супрацьстаяння ў відэагульні.

Падзеі адбываюцца ў горадзе-антыўтопіі, дзе ўрад кантралюе народ жалезнай рукой у манеры, падобнай на раман Джорджа Оруэла «1984», назірае за ўсімі дзеяннямі насельніцтва і трымае поўны кантроль над інфармацыйнай прасторай, заганяючы масы ў няведанні.

Глядзіце таксама

 Аднымі з галоўных персанажаў гэтай гульні з’яўляюцца «бягуны» — група актывістаў, якая, выкарыстоўваючы вольны бег, падобны на паркур, з дахаў дастаўляе свае пасылачкі людзям. Яны абыходзяць урадавую цэнзуру і перадаюць жыхарам крыніцы праўдзівай інфармацыі.

У гэтым сэнсе дух «бягуноў» такі ж, як і ва ўсіх негвалтоўных рухаў у гісторыі. Змагацца з невуцтвам з дапамогай ведаў, змагацца з цэнзурай з дапамогай дасведчанасці — усё пра нас, усё пра Беларусь. «Бягуны» імкнуцца адукоўваць людзей, іх намаганні накіраваны на насельніцтва, а не на ўрад. Іх падыход пазітыўны і канструктыўны, а не негатыўны і дэструктыўны.

«Бягуны» ў Mirror's Edge

«Бягуны» ў Mirror's Edge

Мір-Хасейн Мусаві, сапраўдны абраны прэзідэнт Ірана, вымавіў знакамітую фразу: «Цяпер кожны грамадзянін з'яўляецца сродкам масавай інфармацыі». XXI стагоддзе і яго сучасныя тэхналогіі дазваляюць запісваць злачынствы рэжымаў на смартфоны, распаўсюджваць інфармацыю на вялікія масы карыстальнікаў, дамагацца дапамогі ад замежных палітыкаў і дзяржаў. Гэтыя магчымасці павінны павысіць колькасць аксамітных рэвалюцый, але, як дэманструюць прыклады, гэта не працуе пры занадта буйной моцы збудаванага рэжыму ці пры недастатковай уцягнутасці ды намаганнях народа.