«Народзец», «авечкі», «іншага няма». Сем доказаў пагарды Лукашэнкі да беларусаў
Кіраўнік Беларусі зноў негатыўна выказаўся пра беларусаў. Аляксандр Лукашэнка ўвогуле не аднойчы даводзіў сваімі словамі, што пагарджае грамадзянамі сваёй краіны.

Красамоўныя прыклады гэтага сабраў партал udf.name.
«Вы бачылі, як працуюць кітайцы. Вядома, нашы не працуюць так і працаваць, напэўна, не будуць»
Самая свежая заява Лукашэнкі, якую ён зрабіў 19 чэрвеня падчас сустрэчы са старшынём ФПБ Юрыем Сянько.
«І вы бачылі, як працуюць кітайцы. Вядома, нашы не працуюць так і працаваць, напэўна, не будуць. Але калі б мы блізка былі да працы і аб'ёмаў, якія выконваюць кітайскія рабочыя, я думаю, мы б у некалькі разоў багацейшыя былі», — сказаў кіраўнік Беларусі.
Цікава, што гэта не першае параўнанне Лукашэнкі беларусаў з кітайцамі. У 2011 годзе ён казаў:
«Яны за 20 гадоў здзейснілі гіганцкі рывок у сваім развіцці. У нас жа ад Савецкага Саюза самая перадавая частка эканомікі засталася. У нас ёсць база, і сёння яна не страчаная. Чаго не хапае? Не хапае кітайскай працавітасці і адказнасці! Як хочаце, так і разумейце мяне. Арганізаванасці! Там усе ведаюць, што рабіць. Яны ведаюць, што больш папрацуеш, больш заробіш».
«Як мне было сорамна за беларускі народ»
У тым жа 2011-м у Лукашэнкі была заява і больш гучная. Кіраўнік краіны тады не стаў прасіць прабачэння перад народам за валютны крызіс, а пераклаў адказнасць на грамадзян.
«Як мне было сорамна за беларускі народ, калі я прыехаў у Казахстан і мяне ўсе пыталіся, што адбываецца ў Беларусі, чаму пустыя паліцы ў крамах. Мне сорамна было ўпершыню за сваю шматгадовую прэзідэнцкую гісторыю за частку людзей, якія стварылі гэты ажыятаж. Бо нас успрымаюць наогул, як дзікуноў!» — не пасаромеўся сказаць Лукашэнка.
«Наш народзец пабег у абменныя пункты»
Яшчэ праз два гады дыктатар даў характарыстыку беларускаму народу, якую яму ўзгадваюць дагэтуль.
«Але ў апошнія месяцы, я гляджу, наш народзец пабег у абменныя пункты. Ну, бяжыце, бяжыце! Будзе попыт на валюту вялікі — будзе абясцэньвацца беларускі рубель з усімі вынікаючымі наступствамі», — абвінаваціў Лукашэнка грамадзян краіны.
Глядзіце таксама

«Іншага народа няма, і не такі ўжо дрэнны ў нас народ»
У 2019 годзе кіраўнік Беларусі даў невысокую ацэнку беларускаму народу пры зносінах з чыноўнікамі.
«Не дапускайце хамства ў адносінах да людзей, таму што шмат скаргаў. Не трэба іх адпіхваць. Іншага народа няма, і не такі ўжо дрэнны ў нас народ», — сказаў палітык вертыкальшчыкам.
«А цяпер яны б'юцца ў дзьверы пасольстваў нашых, тэлефануюць у МЗС»
У сакавіку 2020 года, падчас пачатку пандэміі, Лукашэнка негатыўна выказаўся пра шматлікіх грамадзян Беларусі, якія прасілі свой урад вярнуць іх радзіму.
«А цяпер яны б'юцца ў дзверы пасольстваў нашых, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас. Але мы не можам 10 тысяч у адзін дзень забраць», — сказаў ён.
«Кіравалі нашымі, прабачце мяне, авечкамі»
У жніўні 2020 года кіраўнік краіны не дараваў беларусам, што яны не пагадзіліся з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалтам супраць пратэстоўцаў.
«З Польшчы, Вялікабрытаніі і Чэхіі былі званкі, кіравалі нашымі, прабачце мяне, авечкамі: яны не разумеюць, што робяць, і імі пачынаюць ужо кіраваць», — хлусіў палітык.
Затым ён называў грамадзян «наркаманамі» і «прастытуткамі».
«Нашы людзі часам патрабуюць ад улады тое, што ўлада рабіць не павінна»
У сакавіку бягучага года Лукашэнка фактычна дагаварыўся да таго, што ўлады не павінны адпрацоўваць выплачаныя ў бюджэт падаткі.
«Нашы людзі часам патрабуюць ад улады тое, што ўлада рабіць не павінна. Ну такія людзі, такі народ, і іншага ў нас не будзе — гэта зразумела... Усе крычаць: у Мінску двары дрэнныя — канавы, ямы. Мы гэта разумеем. Быць не павінна. Але трэба і разумець: для таго, каб зрабіць у Мінску за адзін раз усе двары (што мы пачалі, вядома, рабіць — нікуды ад гэтага не пойдзеш), трэба разумець, што мы з нейкай вёскі забяром грошы. Лішніх грошай не бывае», — сказаў палітык.
І прапанаваў мінчукам...
скінуцца, калі яны хочуць хутка развязаць праблему з добраўпарадкаваннем двароў
(маўляў, хай 2% выдаткаў на працы кампенсуюць жыхары, астатняе — дзяржава).