Як «Гродна-Азот» пастаўляе ў ЕС хімічную прадукцыю ў абыход санкцый

Чэшскія расследавальнікі заўважылі, што ў іх краіну трапляе прадукцыя «Гродна-Азота», які знаходзіцца пад санкцыямі ЕС. «Гродна Азот» імпартуе карбамід хімічнай вытворчасці ў Чэхію і Польшчу.

Фота з azot.by

Фота з azot.by

Пры гэтым у транспартных дакументах значацца іншыя кампаніі, на якія санкцыі не распаўсюджваюцца, гаворыцца ў расследаванні Investigace.

Аднак Дзяржаўная мытная адміністрацыя Чэхіі не рэгіструе ніякіх парушэнняў санкцый. Па словах эксперта па санкцыях Іржы Скухраўца, неабходна больш празрыстасці: «Да таго часу, пакуль магчыма хаваць паходжанне тавараў і структуру ўласнасці кампаній, якія імі гандлююць, абысці санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да міжнароднага гандлю, будзе адносна лёгка».

Прыкладна гэтак жа кампаніі, якія пастаўляюць беларускую драўніну ў ЕС, абыходзяць санкцыі, паказваючы ў дакументах, што сыравіна прывозіцца з Кыргызстана. 

На сайце flagma.com беларуская кампанія «Тэхнаспецтрэйдынг» піша, што можа свабодна імпартаваць карбамід у краіны Еўрасаюза і за яго межы. Тона грануляванага карбаміду каштуе каля трохсот еўра, або 7,2 тысячы чэшскіх крон. Гэта на 800 крон танней, чым сярэдняя цана карбаміду на цяперашні момант у свеце.

Але адзіным вытворцам карбаміду ва ўсёй Беларусі з'яўляецца дзяржаўная кампанія «Гродна-Азот», якая таксама вырабляе іншыя азотныя ўгнаенні. Еўрапейскі Саюз разам з Канадай, Злучанымі Штатамі, Злучаным Каралеўствам і пазней Швейцарыяй, увёў санкцыі ў дачыненні да кампаніі ў 2021 годзе. Гэта звязана з «працягам парушэнняў правоў чалавека і асноўных свабод на тэрыторыі Беларусі».

Санкцыі супраць «Гродна Азота» не распаўсюджваюцца на ўсю Беларусь, таму экспарт карбаміду з краіны тэхнічна магчымы, пішучь чэшскія расследавальнікі. Такім чынам, тэхнічна карбамід можа быць экспартаваны з краіны, калі ёсць іншы вытворца карбаміду, які не падпадае пад санкцыі. Аднак у Беларусі гэта рэчыва вырабляе толькі адно прадпрыемства.

Беларускія і літоўскія журналісты таксама заявілі, што дастаткова змяніць найменне экспарцёра ва ўвазных дакументах, і тавары прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі, можна будзе перавозіць праз мяжу без надгляду. Адной з кампаній, якой выдаваў сябе «Гродна Азот», была вышэйзгаданая «Тэхнаспецтрэйдынг».

Аднак не толькі «Гродна Азот» зарабляе на экспарце ў ЕС, нягледзячы на санкцыі. Аналагічным чынам афармляюць здзелкі гандляры лесам. Раней Беларусь была адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў драўніны, але калі пастаўкі спыніліся праз санкцыі, аб'ём імпарту з Казахстана і Кыргызстана павялічыўся амаль у восем тысяч разоў.

Са студзеня 2022 года па пачатак лютага 2023 года ў Польшчу было імпартавана каля 5300 тон драўнянага паліва, як мяркуецца, з Кыргызстана. Пры гэтым у снежні 2022 года ўлады Кыргызстана заявілі, што драўніна з Еўразійскага эканамічнага саюза наогул не экспартуецца ў ЕС.

Нагадаем, што еўрапейскія краіны, якія мяжуюць з РФ і Беларуссю, прынялі пастанову зрабіць больш жорсткім мытны кантроль для прадухілення абыходу санкцый супраць Расіі. Прадстаўнікі Эстоніі, Латвіі, Польшчы, Фінляндыі, Літвы і Нарвегіі прынялі гэтае рашэнне падчас трохдзённых кансультацый.

Глядзіце таксама