Забаронены азот. Як беларускія ўгнаенні ідуць у Еўропу праз фірмы-пракладкі

Да наладжвання шэрых паставак наўпрост маюць дачыненне беларускія ўлады: адну з фірм-пракладак адкрыў Гарадзенскі райвыканкам. Пра гэта вядзецца ў чарговым матэрыяле ад Беларускага рассл*давальніцкага цэнтра.

Крыніца: Belarus.by / Горадня Азот

Крыніца: Belarus.by / Горадня Азот


«Горадня Азот» абыходзіць еўрапейскія санкцыі, выкарыстоўваючы фірмы-пракладкі. БРЦ разам з партнёрамі даведаўся пра дзве такія кампаніі. Адна перавозіць угнаенні на фурах, іншая — па чыгунцы. На гэтых схемах зарабляюць у тым ліку «гаманцы» Аляксандра Лукашэнкі.
Да наладжвання шэрых паставак наўпрост маюць дачыненне беларускія ўлады: адну з фірм-пракладак адкрыў Гарадзенскі райвыканкам. У схеме таксама задзейнічаныя кампаніі-прывіды і структуры, якія раней выпампоўвалі грошы з «Беларуськалія».
Сетка кампаній, праз якія да беларускіх уладаў у абыход санкцый ідуць еўрапейскія грошы, пазбаўляе ЕЗ інструментаў ціску на нашых чыноўнікаў. У выніку Еўразвяз не можа спрыяць вызваленню палітвязняў Беларусі, у тым ліку — былых працаўнікоў «Горадня Азота».

Засада на мяжы

У ноч з 13 на 14 лютага на літоўскай мяжы неспакойна. Актывісты з арганізацыі «Рабочы рух» зладзілі засаду на беларускія фуры, гружаныя санкцыйнай прадукцыяй. Першая з іх праходзіць літоўскую мытню позняй ноччу, але неўзабаве дарогу ёй перакрываюць актывісты. Разгублены кіроўца паказвае дакументы на груз. З іх вынікае, што ў Еўропу вязуць угнаенні з падсанкцыйнага прадпрыемства «Горадня Азот».


У якасці карэспандэнта акцыю асвятляе кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Станіслаў Івашкевіч. Яму ўдаецца паразмаўляць з кіроўцам затрыманай фуры, і той пацвярджае: грузіўся на «Горадня Азоце». Прыкладна праз гадзіну актывісты блакуюць яшчэ адну фуру. Яе кіроўца таксама прызнаецца, што вязе ўгнаенні «Горадня Азота».
На мяжу прыбывае літоўская паліцыя, яшчэ праз некаторы час — памежнікі. Яны просяць актывістаў спыніць акцыю і адпусціць фуры, але людзі не сыходзяць. Нарэшце, а першай гадзіне ночы на мяжу прыбываюць мытнікі, і абедзве затрыманыя фуры разварочваюць на дадатковую праверку. Наступным днём літоўская мытня распачынае службовую праверку магчымага парушэння міжнародных санкцый.
Раніцай 14 лютага кіраўніцтва «Горадня Азота» збіраецца на нараду. Яна зацягваецца на некалькі гадзін, але ў журналістаў БРЦ усё ж атрымоўваецца датэлефанавацца на асабісты нумар гендырэктара завода Ігара Ляшэнкі. Ён адмаўляецца абмяркоўваць затрыманне фур на мяжы і не каментуе дакументы, якія аказаліся ў распараджэнні расследавальнікаў . Між тым, гэтыя паперы праліваюць святло на схемы, з дапамогай якіх «Горадня Азот» абыходзіць санкцыі.

Гарадзенская пракладка


Віктар Русак працаваў на «Горадня Азоце» больш за 30 гадоў. Займаў розныя пасады: ад майстра да загадчыка ўпраўлення сацыяльнага развіцця. Паралельна набірала моц і яго кар'ера чыноўніка. З 2016 па 2019 год ён быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, а на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года ўзначаліў выбарчую камісію на ўчастку ў інтэрнаце «Горадня Азота».
У ліпені 2021 года Віктар Русак атрымаў новую пасаду — стаў дырэктарам створанага напярэдадні прадпрыемства «Грыкам». Належыць яно Гарадзенскаму выканкаму.
Неўзабаве ў пастаўках угнаенняў на Захад менавіта «Грыкам» заменіць «Горадня Азот», які трапіў пад санкцыі. Але толькі на паперы, высветлілі актывісты «Рабочага руху».
Да іх у рукі патрапіў акт загрузкі на адну з фур, якую яны спынілі на літоўскай мяжы. Ён зроблены на бланку «Горадня Азота», і ў ім дакладна прапісана, што менавіта на гэтым прадпрыемстве грузавік забраў карбамід. Пячатка на акце — таксама «Горадня Азота».

tyvjbvbkmsulgmkegeiv.jpg


Ёсць дакумент і на сам карбамід — сертыфікат якасці. У ім вытворцам угнаення пазначаны «Горадня Азот».

qskqdxvsuuaue5yafde6.jpg


Нарэшце, у распараджэнні БРЦ апынулася дамова, паводле якой «Грыкам» за ўзнагароду абавязваецца прадаваць прадукцыю «Горадня Азота». Памер гэтай узнагароды асобна паказваецца ў спецыфікацыях.

Крыніца: БРЦ

Крыніца: БРЦ


Таксама знайшлі дамову «Грыкама» з сербскай фірмай Wakler. Паводле яе ўмоў, на працягу года «Грыкам» абавязваецца паставіць у Сербію карбаміду прыкладна на €20 млн.
Пры гэтым, як стала вядома ад саміх перавозчыкаў, аўтамабілі сербскіх заказчыкаў загружаюцца ўгнаеннямі на тэрыторыі «Горадня Азота», а кіроўцы падпісваюцца на яго фірмовых бланках. Адзначым, што Сербія далучылася да санкцый ЕЗ супраць «Горадня Азота».
Менавіта ў Сербію, для фірмы Wakler, везлі карбамід фуры, спыненыя актывістамі «Рабочага руху» на мяжы. З просьбай пракаментаваць тое, што адбылося, расследавальнікі звярнуліся да дырэктара і саўладальніка гэтай фірмы Жэлька Эрцэга. Ён заявіў, што не ведае аб такой сітуацыі.
Дырэктар «Грыкам» Віктар Русак размаўляць з па тэлефоне адмовіўся. Аднак крыніцы «Рабочага руху» паведамілі, што з «Горадня Азота» ён атрымлівае на подпіс дакументы, з дапамогай якіх прадпрыемства спрабуе абыходзіць санкцыі. Іх рыхтуюць спецыялісты завода. Яны ж шукаюць кліентаў, вядуць з імі перамовы, а потым — прапануюць схему абыходу санкцый праз «Грыкам», паведамілі «Рабочаму руху» інсайдэры.
Але гэта толькі адна «пракладка» «Горадня Азота» для паставак у Еўропу. Як высветлілі журналісты разам з літоўскім расследавальніцкім цэнтрам Siena, галоўныя маршруты шэрага экспарту ўгнаенняў з Беларусі — чыгуначны і марскі.

Дубайскі афшор

На беразе Персідскага заліва размясціўся найбуйнейшы гандлёвы і фінансавы цэнтр Блізкага ўсходу — Дубай. Эмірат знакаміты сваімі вольнымі эканамічнымі зонамі і спрошчаным падаткаабкладаннем, дзякуючы чаму ўваходзіць у топ-3 цэнтраў рээкспарту ў свеце. Менавіта тут, побач з самым вялікім портам Персідскага заліва, знаходзіцца штаб-кватэра дубайскага партовага аператара DP World. Ён уваходзіць у склад холдынгу Dubai World, якім валодае ўрад эмірата Дубай.
У маі 2016 года з гендырэктарам DP World Султанам Ахмедам бен Сулеймам сустракаўся Аляксандр Лукашэнка. Тады ён заявіў аб гатоўнасці рэалізоўваць з ААЭ сумесныя лагістычныя праекты. Праз амаль шэсць з паловай гадоў гісторыя гэтага супрацоўніцтва набыла нечаканы паварот.
У кастрычніку 2022 года малавядомая беларуская кампанія «Тэхнаспецтрэйдынг» атрымала ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю разавую экспартную ліцэнзію на пастаўкі карбаміду. Пакупнік — эмірацкая фірма DP World Commodities and Logistics FZE, якая размешчана па тым жа адрасе, што і цэнтральны офіс DP World. У распараджэнні нашых калегаў з Siena апынуліся дакументы, паводле якіх «Тэхнаспецтрэйдынг» планавала паставіць у Эміраты 30 тысяч тон карбаміду коштам €15 млн. Дзякуючы наяўным у нас накладным мы адсачылі шлях гэтых угнаенняў, сустрэўшы на ім неаднаразовых фігурантаў нашых расследаванняў і доказы абыходу санкцый.

Крыніца: БРЦ

Крыніца: БРЦ



Перш за ўсё праглядзелі сертыфікат якасці, паводле якога «Тэхнаспецтрэйдынг» пастаўляў у Дубай карбамід. Угнаенне адпавядае стандарту ДАСТ 2081-2010.Дакладна такі ж прадукт выпускаюць на «Горадня Азоце». Дакладней, толькі там, калі гаворка ідзе пра Беларусь. У гэтым БРЦ запэўнілі дзве незалежныя адна ад адной крыніцы: былы супрацоўнік «Горадня Азота» Юры Рававы, які ўзначальваў страйкам прадпрыемства, і літоўскі эксперт па ўгнаеннях Армінас Кільдзішыс.
Аднак «Тэхнаспецтрэйдынг» пазіцыянуе сябе не толькі як пастаўшчыка, але і як вытворцу карабаміду. Праекты такой велічыні ў Беларусі анансуюцца за гады да старту прац. Аднак у прэсе падобнай інфармацыі не было. Затое былі паведамленні аб тым, што ўлады Беларусі ў разгар санкцый збіраюцца павялічыць на «Горадня Азоце» аб'ёмы вытворчасці аміяку, з якога пасля будзе выраблены карбамід. Праект па мадэрнізацыі ацэньваўся ў $270 млн.
За каментарамі журналісты адправіліся па адрасе «Тэхнаспецтрэйдынга». Дапускалі, што могуць убачыць там развітую вытворчасць, улічваючы наяўнасць у кампаніі міжнародных кантрактаў. Але высветлілася, што зарэгістраваная яна ў прыватным менскім сектары ў Дражні, а яе офіс — гэта звычайны катэдж.

Крыніца: БРЦ

Крыніца: БРЦ


Вытворчасці карбамідаў у ім не знайшлі. Затое вынікі даў далейшы пошук сувязяў паміж «Тэхнаспецтрэйдынгам» і «Горадня Азотам».
Так, карбамід, нібы выраблены «Тэхнаспецтрэйдынгам», загружаўся ў вагоны на чыгуначнай станцыі «Аўльс», размешчанай побач з «Горадня Азотам».
Перасячэнні знайшліся і ў штатах супрацоўнікаў двух прадпрыемстваў. З дапамогаю «Кіберпартызанаў» стала вядома, што спецыяліст па лагістыцы «Тэхнаспецтрэйдынга» Сяргей Пілец і інжынер гэтай фірмы Пётр Пасікаў — былыя работнікі «Горадня Азота».
Гэтыя факты пацвярджаюць, што «Тэхнаспецтрэйдынг» — яшчэ адна «пракладка» «Горадня Азота». Не выключана, што яе выкарыстоўваюць для паставак у Еўропу ў абыход санкцый, а эмірацкія пакупнікі — гэта толькі прыкрыццё.
«Наколькі мне вядома, у Эміратаў і суседніх краін дастаткова газу, каб самім займацца экспартам карбаміду. Думаю, гэта [закупка ў Беларусі] было б крыху нелагічна. Наколькі я ведаю, карбамід экспартуецца і выкарыстоўваецца ў краінах, дзе аміячная салетра і вапнава-аміячная салетра не выкарыстоўваюцца. У асноўным, гэта Францыя і Нямеччына», — сказаў эксперт па ўгнаеннях Армінас Кільдзішыс.
Калегі з Siena звязаліся з уладальнікам «Тэхнаспецтрэйдынга» Дзмітрыем Гашко, але ён адмовіўся ад каментароў, спаслаўшыся на занятасць.

Фірмы-прывіды

З накладной «Тэхнаспецтрэйдынга» стала вядома, што экспедытарам пастаўкі карабамідаў у Дубай была кампанія «Рузэкспедыцыя».
Яна зарэгістраваная ў асаблівай эканамічнай зоне «Брэміна-Орша» і вызваленая ад часткі падаткаў. Раней фірма належала лагістычнаму аператару «Брэміна груп», якім валодаюць Аляксей Алексін, Мікалай Варабей і Аляксандр Зайцаў. Усе яны — пад санкцыямі ЕЗ як «гаманцы» Аляксандра Лукашэнкі. Саму «Рузэкспедыцыю» абмежаванні абышлі: у 2020 годзе яе ўладальнікам стаў Яўген Карахоцін — давераная асоба Зайцава.
Затым у ланцужку пастаўкі карбамідаў увагу расследавальнікаў прыцягнуў імпарцёр грузу ў Літве — фірма Rogera, зарэгістраваная ў Каўнасе.
Калега з расследавальніцкага цэнтра Siena Шарунас Чарняўскас адправіўся па адрасе рэгістрацыі гэтай кампаніі, аднак убачыў на гэтым месцы гараж. Уладальнік Rogera не выйшаў з на сувязь.
Затое добра знаёмыя кіраўнікі фірмы Ferteksos Transportas, якая абслугоўвала груз у пастаўцы «Тэхнаспецтрэйдынга» для Дубая. Гэтая кампанія — частка схемы па выпампоўванні грошай з «Беларуськалія», якую раскрылі ў адным з папярэдніх расследаванняў. Галоўны фігурант той гісторыі — тэрмінал БКТ — таксама апынуўся ў ланцужку паставак карбамідаў у ААЭ: менавіта ў гэтым тэрмінале іх перагружалі.
Прадстаўнікі БКТ запэўнілі расследавальнікаў, што любы груз, з якім працуюць у гэтым тэрмінале, правяраюць дзяржаўныя ўстановы Літвы, і кампанія цалкам давярае іх кампетэнцыі. БКТ таксама сцвярджае, што не мае ніякіх адносін з кампаніямі «Горадня Азот», «Тэхнаспецтрэйдынг» і Rogera.
Прыгледзеліся і да ўладальніка вагонаў, у якія грузілі карбамід, — беларускай кампаніі «Глобал Фертылайзер Компані», якую заснавала грамадзянка Расеі Дзіяна Ібрагімава.
У тэлефоннай размове яна прызналася, што мае пра сваю фірму вельмі цьмянае ўяўленне, і перанакіравала да чалавека, які сапраўды займаецца гэтым бізнесам — нейкай Ірыны Фадзеевай.
Фадзеева — былая супрацоўніца канцэрна «Белнафтахім», у які ўваходзіць «Горадня Азот». З 2001 па 2008 год КДБ выдавала ёй спецыяльны дазвол на выезд. Неабходнасць такога дакумента можа паказваць наяўны ў яе доступ да сакрэтнай інфармацыі, звязанай з нацыянальнай бяспекай. У размове з журналістамі Фадзеева распавяла, што як юрыст дапамагла «Глобал Фертылайзер» з рэгістрацыяй, але не ведае, чым займаецца гэтая фірма.
Разам з калегамі з расследавальніцкага цэнтра Siena перадалі гэтыя матэрыялы міністру транспарту і камунікацый Літвы Марусу Скуадзісу. Ён абяцае разабрацца з гэтымі пастаўкамі:
«Мяркуючы па прадстаўленай вамі інфармацыі, гэта падобна на нейкую схему. Таму што адкуль едзе груз і хто яго вытворца — усё вельмі ясна. У бліжэйшы час, наколькі я ведаю, ужо рыхтуюцца дакументы. Я буду звяртацца ў дзяржорганы — і пракуратуру, і ў службу па расследаванні фінансавых злачынстваў, каб яны разабраліся [у сітуацыі]».
Каб спыніць нелегальныя пастаўкі, у «Літоўскай чыгунцы» прапануюць распаўсюдзіць санкцыі не толькі на «Горадня Азот» як на вытворцу ўгнаенняў, але таксама на яго прадукцыю.

Рычагі ціску

«Горадня Азота» трапіў пад санкцыі ЕЗ у снежні 2021 года за звальненні і запалохванні працаўнікоў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У сваёй заяве еўрапейскія ўлады адзначылі, што «Горадня Азот» «нясе адказнасць за пераслед грамадзянскай супольнасці».
Пасля выбараў у жніўні 2020 года супрацоўнікі «Горадня Азота» патрабавалі ад начальства публічна прызнаць фальсіфікацыі выбараў і пагражалі спыніць працу прадпрыемства. Тады міліцыя затрымала 28 актывістаў, але стачкі не спыніліся. Рабочыя далучыліся і да агульнанацыянальнай забастоўкі 26 кастрычніка 2020 года. Каля прахадной тады сабраліся каля сотні чалавек, 32 з іх затрымалі амапаўцы, некаторых, як пісалі СМІ, збілі ў аўтобусах.
Пасля гэтага на актывістаў «Горадня Азота» пачалі ціснуць кіраўніцтва прадпрыемства і следчыя органы: адных работнікаў звальнялі, іншых — затрымлівалі. Сёння за кратамі застаюцца шэсць былых супрацоўнікаў «Горадня Азота».
Санкцыі супраць прадпрыемства, як спадзяюцца актывісты «Рабочага руху», павінны прымусіць беларускіх уладаў спыніць рэпрэсіі супраць завадчан. Аднак пакуль у «Горадня Азота» будзе атрымлівацца абыходзіць абмежаванні, ціску будзе недастаткова.
«Былыя работнікі «Горадня Азот», лічацца палітвязнямі. Іх пазбаўляюць права перапіскі, да іх прымяняюцца розныя пакаранні, іх перыядычна адпраўляюць у карцэр, у ШІЗА. Гэта значыць, умовы нечалавечыя. І ўсе іх блізкія знаходзяцца пад кантролем. Іх кантралююць, манітораць і такім чынам аказваюць псіхалагічны ціск. У многіх з іх [былых работнікаў «Горадня Азот»] ёсць маленькія дзеці, жонкі, бацькі. Усім ім даводзіцца вельмі несалодка», – сказаў БРЦ прадстаўнік ініцыятывы «Рабочы рух» Аляксандр Сакалоў.
Тым часам кіраўніцтва Беларусі працягвае асуджваць удзельнікаў пратэстнага руху працаўнікоў на вялікія тэрміны. Пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму атрымаў Андрэй Ханевіч, які на прадпрыемстве працаваў апаратчыкам, а падчас пратэстаў узначаліў незалежны прафсаюз. У яго трое дзяцей. Тэрмін ён атрымаў за размову з журналістам «Белсат».
За лайк пад пастом з выявай Лукашэнкі тры з паловай гады калоніі атрымаў былы работнік «Горадня Азота» Эдуард Ісаеў. Дома ў яго засталіся жонка і маленькія дзеці. Яшчэ трое працаўнікоў – Уладзімір Жураўка, Сяргей Шэлест і Андрэй Пагерыла – праходзяць па «справе “Рабочага Руху”». Беларускі суд даў ім ад 14 да 15 год калоніі ўзмоцненага рэжыму. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.